Паўночная Карэя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з КНДР)
Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка
조선민주주의인민공화국
Герб Паўночнай Карэі
Сцяг Паўночнай Карэі Герб Паўночнай Карэі
Дэвіз: «강성대국»
«Магутная квітнеючая дзяржава»
Гімн: «애국가»
Заснавана 9 верасня 1948 года
Афіцыйная мова Карэйская
Сталіца Пхеньян
Найбуйнейшыя гарады Пхеньян, Хамхын, Чханджын, Нампхо, Вансан
Форма кіравання Аднапартыйная парламенцкая рэспубліка
Вышэйшы кіраўнік
Старшыня Прэзідыума
Вярхоўнага Народнага Схода
Старшыня
Кабінета Міністраў
Кім Чэн Ын
Choe Ryong-hae

Пак Пон Джу
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
98-я ў свеце
120.540 км²
4,87
Насельніцтва
• Ацэнка (2013)
• Перапіс (2011)
Шчыльнасць

24.720.407 чал. (49-я)
24.052.231 чал.
198,3 чал./км²
ВУП (ППЗ)
  • Разам (2011)
  • На душу насельніцтва

$40 млрд  (99-ы)
$1.800
ВУП (намінал)
  • Разам (2013)
  • На душу насельніцтва

$14,411 млрд  (120-ы)
$583  (171-ы)
ІРЧП (2009) 0,733 (высокі) (157-ы)
Этнахаронім Паўночныя карэйцы
Валюта Паўночнакарэйская вона (₩, KPW)
Інтэрнэт-дамен .kp
Код ISO (Alpha-2) KP
Код ISO (Alpha-3) PRK
Код МАК PRK
Тэлефонны код +850
Часавыя паясы +9

Паўно́чная Карэ́я (кар.: 조선), афіцыйная назва — Карэ́йская Наро́дна-Дэмакраты́чная Рэспу́бліка, КНДР (кар.: 조선민주주의인민공화국) — дзяржава ва Усходняй Азіі ў паўночнай частцы Карэйскага паўвострава. Плошча 120 тыс. км². Неафіцыйная назва краіны, што шырока ўжываецца ў сродках масавай інфармацыі — Паўно́чная Карэ́я. Мяжуе з Кітаем на поўначы, з Расіяй — на паўночным усходзе. На поўдні мяжуе з Рэспублікай Карэя і аддзяляецца ад яе дэмілітарызаванай зонай. З захаду абмываецца водамі Жоўтага мора, з усходу — Японскім морам. Сталіца і найбуйнейшы горад — Пхеньян.

Рэльеф горны. Найвышэйшы пункт — вулкан Пэктусан. Кымгансан («алмазныя горы») вядомыя маляўнічымі краявідамі. Карысныя выкапні: вугаль, руды чорных і каляровых металаў. Клімат мусонны: умераны і субтрапічны. Рэкі невялікія, найбуйнейшая — Амнакан (Ялуцзян). Горныя раёны пакрытыя лясамі, што калісьці займалі дзве траціны тэрыторыі.

Са старажытнага часу на Карэйскім паўвостраве існавалі самастойныя дзяржавы, што адчувалі моцны кітайскі ўплыў. У 1895 Карэя патрапіла ў сферу інтарэсаў Японіі, у 1910—1945 была ў складзе Японскай імперыі. Вызвалены паўвостраў аказаўся падзеленым на дзве часткі, перамовы аб уз’яднанні зайшлі ў тупік. КНДР была ўтворана 9 верасня 1948 года з ініцыятывы марксісцкай Працоўнай партыі Карэі як народна-дэмакратычная дзяржава на тэрыторыі савецкай зоны прысутнасці. У 1950—1953 адбылася Карэйская вайна, што прынесла незлічоныя ахвяры ды замацавала раздзяленне Карэі на Паўночную і Паўднёвую па 38-й паралелі.

Адна з найбольш мілітарызаваных і закрытых ад знешняга свету дзяржаў. Афіцыйная ідэалогія КНДР, чучхэ — сумесь камунізму, карэйскага нацыяналізму і аўтаркіі. Сябе КНДР называе сацыялістычнай дзяржавай, што абапіраецца на ўласныя сілы. Вышэйшая ўлада афіцыйна належыць Дзяржаўнаму камітэту абароны на чале з Кім Чэн Ынам, які таксама займае пасады Вышэйшага кіраўніка і першага сакратара ЦК ППК. Дэмакратыя і свабодныя выбары адсутнічаюць, назіраецца культ асобы Кім Ір Сена і яго нашчадкаў ва ўрадзе. Унітарная дзяржава, падзяляецца на 9 правінцый, 2 гарады цэнтральнага падпарадкавання, тры спецыяльных рэгіёны. Паўночная Карэя (зрэшты, як і іх паўднёвыя антаганісты) лічыць сябе адзінай легітымнай уладай на ўсім паўвостраве.

Па колькасці насельніцтва (25 млн чал.) удвая меншая за Рэспубліку Карэю. Выключна монаэтнічная краіна. Дзяржаўная мова карэйская. Большасць насельніцтва атэісты, папулярныя будызм, нацыянальная рэлігія чхандагё, хрысціянства. Дзве траціны насельніцтва жыве ў гарадах, найбуйнейшыя з якіх — Пхеньян, Хамхын, Чханджын.

Эканоміка планавая, дзяржаўная, з перакосам у бок цяжкай, у тым ліку ваеннай, прамысловасці. Знешнія эканамічныя сувязі мінімальныя і заключаюцца хіба што ў экспарце адзення, морапрадуктаў, карысных выкапняў; атрыманні гуманітарнай дапамогі. Мае чацвёртае па памерах войска ў свеце (1,2 млн чалавек, або 4,8 % насельніцтва). Праводзіць выпрабаванні ядзернай зброі. Паўночная Карэя — член ААН (з 1991 года), Руху недалучэння (з 1975 года), Рэгіянальнага форуму АСЕАН, Групы 77.

Этымалогія[правіць | правіць зыходнік]

Сучасная назва «Карэя» паходзіць ад назвы сярэдневяковай дзяржавы Каро, якая, у сваю чаргу, з’яўляецца скарачэннем ад Кагуро — магутнай старажытнакарэйскай дзяржавы, што існавала ў першай палове першага тысячагоддзя н.э. і ў час праўлення Квангэтха Вялікага (391—413) кантралявала большую частку Карэйскага паўвострава і Манчжурыі.

Геаграфічнае становішча[правіць | правіць зыходнік]

КНДР займае паўночную частку Карэйскага паўвострава. Па рацэ Амнакан (кітайская назва Ялуцзян) мяжуе з Кітаем на поўначы. Самы паўночны ўчастак мяжы з Кітаем праходзіць па рацэ Туманган, на ніжняе цячэнне якой на паўночным усходзе прыпадае 17-кіламетравая мяжа з Расіяй. На поўдні мяжуе з Рэспублікай Карэя і аддзяляецца ад яе цяжкафартыфікаванай дэмілітарызаванай зонай. З захаду абмываецца водамі Жоўтага мора, з усходу — Усходне-Карэйскі залівам Японскага мора, якое ў Карэі вядома як Усходняе мора.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Кымгансан або Алмазныя горы — турыстычная славутасць КНДР

Горы займаюць чатыры пятых тэрыторыі КНДР. Горы высокія і нізкія, раздзеленыя, як правіла, вузкімі і глыбокімі далінамі. Мараплаўцы даўніх часоў адзначалі, што праз сіметрычныя валы горных хрыбтоў карэйская зямля нагадвае ім мора ў вялікім хваляванні. Менавіта ў КНДР горы дасягаюць максімальных для Карэйскага паўвострава вышынь — у Паўднёвай Карэі няма гор вышэй за 2000 м. На поўначы краіны знаходзяцца Паўночная-Карэйскія горы з найвышэйшым пунктам усёй Карэі — гарой Пэктусан (або Пэкту, 2744 м) на мяжы з Кітаем. Патэнцыйна актыўны вулкан, свяшчэнная гара для абедзвюх Карэй, Пэктусан чароўным чынам уплецены і ў міфалогію Кімаў. Далей на поўдзень ляжаць Усходне-Карэйскія горы (Тхэбэк), што прасціраюцца да самага поўдня паўвострава. Але менавіта на КНДР прыпадае іх самая прыгожая частка — «алмазныя горы» Кымгансан, вядомыя маляўнічымі краявідамі. Раўнінныя ўчасткі займаюць каля 20 % краіны, пераважна на захадзе, па ўзбярэжжы Жоўтага мора. Нягледзячы на становішча ў складкаватым поясе, Паўночную Карэю амаль не закранаюць землятрусы, што хранічна назаляюць суседнім паўночна-ўсходняму Кітаю і Японіі.

Карысныя выкапні: антрацыт і буры вугаль, жалезная руда, каляровыя металы (вальфрам, цынк, свінец, золата, нікель, малібдэн), магнезіт, графіт. Маюцца 124 прыродныя гарачыя крыніцы.

Рака Ялуцзян

Клімат умераны мусонны. Зімой халодныя патокі паветра з кантынента прыносяць сухое марознае надвор’е. Летам тэрыторыя знаходзіцца пад уплывам акіянічных паветраных мас, якія прыносяць ападкі. Тэмпература паветра ў студзені каля −11 °C, у ліпені каля 23 °C. Ападкаў ад 600 мм на паўночным захадзе да 1100—1400 мм на астатняй тэрыторыі.

Рэкі горныя, багатыя на гідраэнергію. Найбольшыя з іх: Тэданган, Туманган. Рака Амнанкан (кітайская назва Ялуцзян) дэмаркуе карэйска-кітайскую мяжу і з’яўляецца самай доўгай карэйскай рэчкай (790 км).

Калісьці лясы займалі тэрыторыю ў 9 млн гектараў. Пачынаючы з 1985 года, паводле дадзеных касмаздымкаў, Паўночная Карэя страціла 40 % лясоў. Сёння лясамі пакрытыя пераважна стромкія схілы гор. Растуць даурская лістоўніца, карэйскі кедр, аянская елка, чырвоная хвоя. Дрэвы перавіты ліянамі, у падлеску шмат папарацей, бамбуку. З лекавых раслін найбольш вядомы жэньшэнь. Жывёльны свет добра захаваўся ў гарах: водзяцца лісіцы, кабаны, гаралы, казулі, плямістыя алені, ізюбры, каланкі, часам можна сустрэць леапарда, рысь і белагрудага мядзведзя. Мора багатае рыбай, трэпангамі, кальмарамі. Створаны рэзерваты — Хвангпо, Янгам.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пульгуска, будысцкі храм эпохі Сіла, аб’ект Сусветнай спадчыны, Паўднёвая Карэя

Слядам чалавека на карэйскай зямлі каля паўмільёна гадоў. Самыя старыя ўзоры керамікі датуюцца 8000 гадамі да н.э. За прыблізна 2000 гадоў да нараджэння Хрыста адбыўся пераход да бронзы, за 700 гадоў — да жалеза. Згодна з сярэднявечным летапісам Самгук юса, у 2333 да н.э. ў паўночнай Карэі і Манчжурыі з’явілася дзяржава Качасон (Старажытны Часон), аднак большасць вучоных ставяцца да такой сівой даты скептычна. З прыходам захопнікаў з Кітая каля 1100 года да н.э. пачынаецца перыяд Часон Кіджа, таксама напаўміфічны. І толькі ў VII ст.да н.э. пачынаюцца задакументаваныя старонкі гісторыі Качасона. У ІІІ ст на поўдні паўвострава паўстае незалежная дзяржава Чынгук. Блізу канца I cт. да н.э. Качасон трапляе пад уплыў ханьскага Кітая і знікае як дзяржава.

У 57 годзе да н.э. пачынаецца перыяд трох царстваў: Кагуро, Пэкчэ і Сіла. Культура ва ўсіх трох дзяржавах была агульнай. Пачынаючы з I стагоддзя н.э. сярод вышэйшых колаў карэйскага грамадства пачало распаўсюджвацца канфуцыянства, якое пазней было цалкам выцеснена будызмам. Падзенне Ханскай дынастыі на пачатку III стагоддзя пазбавіла тры карэйскія дзяржавы неабходнасці супрацьстаяць знешняй пагрозе. Кагуро, што першапачаткова ўзнікла на мяжы з Кітаем, паступова пашырыла свае ўладанні за кошт Маньчжурыі. Сталіцамі Кагуро ў розныя перыяды яе гісторыі былі Хвандо (цяпер Цзіянь на кітайскім беразе ракі Ялуцзян) і Пхеньян. У 676 Сіла падпарадкавала два астатніх каралеўствы, але надоўга гегемонам не стала: на беразе Жоўтага мора з’явілася дзяржава Бахай. Суіснаванне Бахаю і Сілы, што цягнулася да 926 года, атрымала назву «Перыяд Поўнач-Поўдзень».

У VIII cтагоддзі Сіла распалася на тры дзяржавы, неўзабаве аб’яднаных Тхэджо Ван Гонам ў дзяржаву Каро. Бахай жа быў разбіты плямёнамі кіданяў, а яго ўладар уцёк у Каро, дзе быў не толькі надзіва цёпла сустрэты, але і парадніўся з правячай дынастыяй, што замацавала адзінства Карэі. У перыяд Каро былі кадыфікаваны законы, створана грамадзянскае права, квітнеў будызм. Мангольскія заваёўнікі ў 1231—1270 ажыццявілі 7 паходаў на Карэю і ўрэшце зрабілі Каро васалам юаньскага Кітая. З канцом мангольскага панавання ў Кітаі ў 1368 скончылася і залежнасць Карэі ад вялікага суседа, прынамсі, на некалькі стагоддзяў.

У 1392 генерал Лі Санге, што скінуў дынастыю Каро чатырма гадамі раней, заснаваў дынастыю Часон, якая правіла Карэяй да 1910-га. Пры каралі Сэджоне Вялікім (1418—1450) карэйская дзяржава дасягнула росквіту, былі праведзены адміністрацыйныя, сацыяльныя і эканамічныя рэформы, квітнелі культура і навука. Сам кароль распрацаваў карэйскую азбуку хангыль. Пасля двух стагоддзяў міру ў 1592—1637 гадах Карэя сутыкнулася з японскай экспансіяй, што была адбіта супольнымі карэйска-кітайскімі сіламі, а таксама з унутранай нестабільнасцю. З таго часу Часон стаў паглыбляцца ва ўсё большую самаізаляцыю і, натуральна, стагнацыю. У ХІХ стагоддзі, не здольная абараніць сябе, Карэя была вымушана падпісаць няроўныя дагаворы з еўрапейскімі дзяржавамі. У выніку Першай япона-кітайскай вайны 1894—1895 Кітай адмовіўся ад прэтэнзій на Карэйскі паўвостраў, у 1897 была абвешчана Карэйская імперыя.

Генерал Цярэнцій Штыкаў пакідае перамовы ў Сеуле, 1946. У 1946—1950 менавіта Штыкаў — ураджэнец Гарадоцкага павета — з’яўляўся галоўным чалавекам у Паўночнай Карэі[2]

Пасля Руска-японскай вайны ў 1905 годзе Карэйская імперыя стала пратэктаратам Японіі, што ў выніку вайны ператварылася ў рэгіянальную сілу. У 1910 Карэя канчаткова страціла незалежнасць. Японцы прыгняталі карэйскую мову і традыцыі, а эканоміку развівалі ў патрэбным сабе кірунку. Карэйскія патрыёты (сярод іх быў і Кім Ір Сен) узняліся на барацьбу, узяўшы на ўзбраенне партызанскія метады. Найбольшым было супраціўленне блізу мяжы з Кітаем. Японскі каланіяльны рэжым працягваўся да 1945.

Пасля Другой сусветнай вайны тэрыторыя Карэі фактычна аказалася падзеленай на савецкую (поўнач) і амерыканскую (поўдзень) акупацыйныя зоны. На дыпламатычным узроўні спробы аб’яднаць поўнач і поўдзень праваліліся. У жніўні 1948 года ў Паўночнай Карэі адбыліся выбары ў Вярхоўны Народны Сход, які 9 верасня 1948 года абвясціў стварэнне КНДР, прыняў канстытуцыю і сфарміраваў урад на чале з Кім Ір Сенам. На поўдні была абвешчана Рэспубліка Карэя. Імкнучыся да пашырэння сацыялістычнай сістэмы на ўсю тэрыторыю Карэі, улады КНДР пачалі вайну. 27 ліпеня 1953 года варагуючыя бакі падпісалі пагадненне аб спыненні агню, мірнага ж дагавора не заключана дагэтуль. Пасля заканчэння Карэйскай вайны Кім Ір Сен усталяваў у краіне аўтарытарны рэжым. З пачатку 1970-х гадоў паміж КНДР і Рэспублікай Карэя ажыццяўляюцца кантакты з мэтай урэгулявання ўзаемаадносін і ўз’яднання краіны. У снежні 1991 года падпісана Пагадненне аб прымірэнні, ненападзе, супрацоўніцтве і абменах, у лютым 1992 года — Сумесная дэкларацыя аб дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава (скасавана Паўднёвай Карэяй у сувязі з адмовай КНДР ад міжнароднай інспекцыі яе ядзерных аб’ектаў). У 1991 абедзве Карэі былі прыняты ў ААН. Пасля смерці Кім Ір Сена (1994) афіцыйным пераемнікам стаў яго сын Кім Чэн Ір. Пасля смерці Кім Чэн Іра кіраўніком дзяржавы стаў ягоны сын Кім Чэн Ын.

Дзяржаўны лад[правіць | правіць зыходнік]

Статуі Кім Ір Сена (Вялікага правадыра) і Кім Чэн Іра (Любімага кіраўніка), манумент на ўзгорку Мансу

КНДР — аўтарытарная аднапартыйная цэнтралізаваная дзяржава. Канстытуцыя 1972 замацавала чучхэ, абвешчаную Кім Ір Сенам у 1955 годзе, як дзяржаўную ідэалогію. З таго часу ў Канстытуцыю было ўнесена нямала змяненняў (1992, 1998, 2009, 2012, 2013, 2016), якія, аднак, не пахіснулі палітычных устояў. І ў канцы 2010-х Паўночная Карэя называе сябе рэвалюцыйнай сацыялістычнай дзяржавай, што абапіраецца на прынцыпы чучхэ і сангун.

  • Чучхэ — сумесь камунізму, карэйскага нацыяналізму і аўтаркіі. Увасабленне мудрасці Кім Ір Сена. Спачатку разглядалася як нацыянальная варыяцыя марксізму-ленінізму, з 1970-х лічыцца арыгінальнай палітычнай думкай.
  • Сангун («войска перадусім») — палітыка, што ставіць Карэйскую народную армію прыярытэтам ва ўсіх дзяржаўных справах. 9,5 млн чалавек (37 % насельніцтва краіны!) або служаць у войску, або з’яўляюцца рэзервістамі ці членамі ваенізаваных фарміраванняў.

Адзінай істотнай палітычнай сілай з’яўляецца Працоўная партыя Карэі (ППК) на чале з прадстаўніком кіруючай дынастыі Кімаў. ППК узначальвае Аб’яднаны дэмакратычны айчынны фронт, куды ўваходзяць Сацыял-дэмакратычная партыя Карэі, Партыя маладых сяброў рэлігіі нябеснага шляху, масавыя грамадскія арганізацыі. Усе палітычныя работнікі краіны мусяць быць членамі фронту. Палітычныя стандарты і сам лад жыцця паўночных карэйцаў вызначаюцца «Дзесяццю прынцыпамі адной ідэалогіі».

Палац пасяджэнняў Вярхоўнага народнага сходу — карэйскага парламента

Сённяшні прэзідэнт КНДР — Кім Чэн Ын — займае ўсе вярхоўныя пасады ў дзяржаве (старшыня ПКП, галоўнакамандуючы і т.п.), як і ягоныя бацька Кім Чэн Ір (пасля смерці «Вечны Генеральны сакратар») і дзед Кім Ір Сен («Вечны прэзідэнт»). Сваякі прэзідэнта — «дынастыя Кімаў» — займаюць астатнія ключавыя пасады.

Заканадаўчы орган — Вярхоўны Народны Сход (ВНС), што складаецца з 687 членаў, якія выбіраюцца кожныя 5 гадоў на безальтэрнатыўнай аснове. Нягледзячы на даволі шырокія паўнамоцтвы і актыўную заканатворчую працу, выпадкі, калі б ВНС крытыкаваў або змяняў дасланыя ім з вышыняў законы, невядомыя. Выканаўчая ўлада фармальна належыць прэм’ер-міністру, двум віцэ-прэм’ерам, 31 міністру і яшчэ некалькім важным чыноўнікам (напрыклад, прэзідэнту Акадэміі навук).

Паводле ацэнак ААН, «сур’ёзнасць, маштабы і характар парушэнняў правоў чалавека ў КНДР не маюць якіх-небудзь аналагаў у сучасным свеце». Улады рэспублікі называюць усе гэтыя даклады і ацэнкі паклёпніцкімі і лічаць часткай міжнароднай змовы, што мае на мэце падарваць магутнасць КНДР. Зрэшты, наяўнасць праблем у сацыяльна-побытавай сферы Пхеньян не адмаўляе (хаця і гэтыя праблемы вельмі хутка будуць вырашаны!).

Знешняя палітыка[правіць | правіць зыходнік]

Сустрэча Кім Чэн Ына з Дональдам Трампам на саміце ў Сінгапуры, чэрвень 2018

У 1950-я — 1960-я гады Паўночная Карэя была актыўным удзельнікам сацыялістычнага блока, адным з заснавальнікаў Руху недалучэння. Пачынаючы з 1990-х, КНДР праводзіць палітыку самаізаляцыі, маючы паўнавартыя адносіны толькі з іншымі камуністычнымі ўрадамі, якіх на планеце ўсё меней (В’етнам, Лаос). У той жа час крызісныя з’явы ў эканоміцы, неабходнасць атрымання гуманітарнай дапамогі падштурхнулі ўрад КНДР да наладжвання ўзаемаадносін з развітымі краінамі. Большасць замежных амбасадаў у КНДР знаходзяцца не ў Пхеньяне, а ў Пекіне. Станам на 2015 КНДР мае дыпламатычныя адносіны з 166 краінамі і амбасады ў 47. Некаторыя краіны ўвогуле не прызнаюць паўночнакарэйскай дзяржаўнасці — ЗША, Аргенціна, Францыя, Эстонія, у першую чаргу, у сувязі са станам правоў чалавека ў КНДР. Адносіны з суседзямі, Паўднёвай Карэяй і Японіяй, і гэтак не вельмі бліскучыя, былі пагоршаны пасля выбуху паўднёвакарэйскага Боінга над Андаманскім морам у 1987 і выкрадання па меншай меры 13 японскіх грамадзян у 1970-х — 1980-х. У 2010-я асноўны нерв знешняй палітыкі звязаны з ракетнымі ядзернымі выпрабаваннямі, якімі захапляецца ўрад Кім Чэн Ына.

Карэйска-Беларускія адносіны[правіць | правіць зыходнік]

Дыпламатычныя адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лютым 1992 года. З 2016 у Мінску існуе амбасада КНДР (2-і завулак Шчадрына). Пры гэтым першы пасол — Зу Зен Бон — прыбыў у Беларусь толькі 11 красавіка 2019 года.[3]

Адміністрацыйны падзел[правіць | правіць зыходнік]

Сучаснае адміністрацыйнае дзяленне з некаторымі зменамі захавалася з канца XIX ст., апошніх гадоў дынастыі Часон. Адміністрацыйныя адзінкі дзеляцца на гарады прамога падпарадкавання (чыкхальсі), правінцыі (то), гарады (сі), паветы (кун), акругі (куёк), падраёны (тон). Паветы, у сваю чаргу, дзеляцца на павятовыя гарады (ып), вёскі (ры), працоўныя раёны (раданджягу).

З 2004 году ў Паўночнай Карэі існуюць два гарады цэнтральнага падпарадкавання (Пхеньян і Расон), тры спецыяльныя рэгіёны (прамысловы рэгіён Кэсон, турыстычны рэгіён Кымгансан, спецыяльны адміністрацыйны рэгіён Сіныйджу) і дзевяць правінцый (Чагандо, Хамгён-Пукто, Хамгён-Намдо, Хванхэ-Пукто, Хванхэ-Намдо, Канвандо, Пхёнан-Пукто, Пхёнан-Намдо, Янгандо).

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Полава-ўзроставая піраміда КНДР. Для краіны характэрнае простае ўзнаўленне насельніцтва

З насельніцтвам у 25,4 млн чалавек КНДР удвая меншая за Рэспубліку Карэю. У аб’яднанай Карэі пражывала б каля 72 млн чалавек. За першыя два дзесяцігоддзі ХХІ стагоддзя насельніцтва вырасла толькі на 2,5 млн, а ў 1990-х на дынаміку адмоўна паўплываў вялікі голад 1995—1997. У ХХІ стагоддзі паўночныя карэйцы працягваюць адчуваць недахоп харчавання, і калі голад быў у цэлым пераможаны, то недахоп бялкоў і тлушчаў застаецца вялікай праблемай.[4]

У канцы 2010-х насельніцтва паступова расце, прырост складае каля 5 чалавек на 1000 (нараджальнасць каля 14, смяротнасць — 9). Сумарны каэфіцыент нараджальнасці даволі высокі (1,98). Да станоўчага боку дэмаграфічнага партрэта паўночнага карэйца адносяцца вельмі рэдкія разводы; адмоўныя бакі — вельмі познае ўступленне ў шлюб праз працяглую вайсковую службу, доўгія гадзіны знясільваючай палітпрацы, абмежаванасць жыллёвай плошчы — дзве траціны насельніцтва жывуць у двухпакаёвых кватэрах сем’ямі ў некалькі пакаленняў. Сярэдняя працягласць жыцця складае 71 год і гэта даволі някепскі паказчык для краіны з нізкімі прыбыткамі. Да таго ж смяротнасць паводле прычын блізкая да развітых краін: сардэчна-сасудзістыя захворванні і анкалогія. Сярэдні ўзрост — 34 гады, доля дзяцей і падлеткаў да 15 гадоў складае 20 %.[5]

Эміграцыя мае мінімальныя маштабы і носіць пераважна эканамічны, а не палітычны характар: асноўная маса сучасных эмігрантаў — малаадукаваныя жанчыны з памежных з Кітаем вёсак, што з’язджаюць на заробкі ў Кітай. [6]

Паўночныя карэйцы пазуюць на фоне палаца Кымсусан)

Амаль усё насельніцтва — карэйцы, маюцца нязначныя кітайская і японская меншасці. Дзяржаўная мова карэйская. Карэйская мова ў розных частках паўвострава мае свае дыялекты. Літаратурная норма («культурная мова») КНДР распрацавана на аснове пхеньянскага дыялекту, паўднёвакарэйская «стандартная мова» на базе сеульскага дыялекту лічыцца вульгарнай праз вялікую колькасць запазычанняў з кітайскай і англійскай.

Як сапраўдная камуністычная дзяржава КНДР вызнае атэізм на дзяржаўным узроўні, рэлігійнасць не ўхваляецца, некаторыя канфесіі пераследуюцца. Вернікі (а такія, безумоўна, ёсць) пераважна анімісты, будысты і прыхільнікі канфуцыянства, хрысціяне. Каля 2,8 млн чал. складае лік прыхільнікаў нацыянальнай сінкрэтычнай амаль што афіцыйнай рэлігіі чхандагё (рэлігія нябеснага шляху).

Галоўная вуліца Хамхына — другога па велічыні горада КНДР

Сярэдняя шчыльнасць — 198 чал./км², у тры з паловай большая чым у сярэднім па планеце і ў два з паловай меншая, чым у паўднёвага суседа. Найбольш густа заселены заходнія раўніны і ўзбярэжжа (да 300—400 чал/км²), на ўсходнім узбярэжжы дзве плямы павышанай гушчыні — Хамхын і Вансан з іх ваколіцамі; найменш шчыльна заселены горныя раёны, асабліва на мяжы з Кітаем. У гарадах пражывае 62 % насельніцтва (2018).[5] Найбуйнейшыя гарады: Пхеньян (3 млн чал), Хамхын (утварае агламерацыю з Хэнамам агульнай колькасцю каля 770 тыс. жыхароў), Чханджын, Нампхо, Хэджу, Сіныйджу, Вансан.

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Пасля раздзялення паўвострава ключавыя прамысловыя прадпрыемствы засталіся ў Паўночнай Карэі. Гэта не перашкодзіла КНДР ушчэнт прайграць паўднёваму суперніку эканамічнае спаборніцтва: у 1980-х Рэспубліка Карэя абышла КНДР па агульным аб’ёме ВУП, у 2018 ВУП на душу насельніцтва ў Паўночнай Карэі складае 1800 $, у Паўднёвай — 41 500 $.

Народная гаспадарка, што будавалася пры дапамозе СССР і Кітая, напачатку паспяховая, з 1970-х трапіла ў перыяд стагнацыі, які працягваецца па сёння. Не апошнюю ролю мае тое, што эканоміка краіны будавалася як аўтаркія. Канчаткова паўночнакарэйскую гаспадарку дабілі распад сацыялістычнага блока і прыродныя катастрофы — усё гэта разам прыйшлося на 1990-я. Краіна сутыкнулася з праблемай голаду, што ў 1994—1998 забраў жыцці паводле розных падлікаў ад 240 000 да 420 000 чалавек.[7] У ХХІ ст. прывід голаду аддаліўся, аднак міса рысу застаецца для большасці карэйцаў раскошай. Асноўны прадукт харчавання — кукуруза.[6] Паводле даследавання, праведзенага ФАО і Сусветнай харчовай праграмай ААН у красавіку 2019 года, каля 10 млн жыхароў КНДР пакутавалі ад недахопу харчавання[8][9].

Завод у Хамхыне

У эканоміцы КНДР дагэтуль назіраецца перакос у бок цяжкай (асабліва ваеннай) прамысловасці. Эканоміка планавага тыпу з дзяржаўнай формай уласнасці, сельская гаспадарка калектыўная. Дзяржава не бярэ са сваіх грамадзян падаткаў, адукацыя і медыцына бясплатныя. У 1950-х — 1980-х ажыццяўляліся пяцігадовыя планы паводле савецкага ўзору, у 1986 быў прыняты сямігадовы план, у 1993 прызнаны беспаспяховым. З таго часу ўрад не публікуе ніякіх планаў. У 1998, 2002 былі зроблены спробы рэформаў — фармальна легалізавана прыватнае прадпрымальніцтва, якое, аднак, дагэтуль магчыма на самым нізкім узроўні. У ХХІ стагоддзі даследчыкі краіны адзначаюць фарміраванне вялікага ценявога прыватнага сектару гаспадаркі (у значнай ступені за кошт кантрабанды з Кітая), на што ўлады «заплюшчваюць вочы». У 2010-х даволі паспяхова ствараецца сістэма свабодных эканамічных зон (СЭЗ), што мае на мэце прыцягненне інвестыцый і тэхналогій. Усяго іх 14, але асноўных дзве: Разон на мяжы з Кітаем і Расіяй, а таксама Прамысловы рэгіён Кэсон на мяжы з Паўднёвай Карэяй. У апошнім у 2014 працавала 52 000 паўночнакарэйскіх рабочых і было створана прадукцыі на $ 2,3 млрд.[10]

Прамысловасць. Гэтая галіна складае 47 % ВУП (2017), у ёй занята каля 30 % працаздольнага насельніцтва. У здабыўной прамысловасці ключавымі галінамі з’яўляюцца вугальная і здабыча жалезных руд, а таксама руд каляровых металаў. Перспектыўнымі на нафту лічацца шэльф Японскага мора і раён на поўдзень ад Пхеньяна. Цікава адзначыць, што карэйская нафтавая выведка карыстаецца старым румынскім свідравальным абсталяваннем. Здабыўная прамысловасць — адзіная галіна гаспадаркі, у якой КНДР пераўзыходзіць Рэспубліку Карэю.

Энергетычная інфраструктура Паўночнай Карэі састарэла і знаходзіцца ў дрэнным стане. У электраэнергетыцы палову вытворчасці даюць вугальныя ЦЭС, палова прыходзіцца на ГЭС. Аўтазавод «Сыній» (Перамога) у Такчоне выпускае грузавікі. Развітая чорная (Чханджын) і каляровая металургія. Маюцца прадпрыемствы хімічнай (Вонсан) і лясной прамысловасці. Сёння важную ролю ў атрыманні замежнай валюты грае тэкстыльная галіна: чвэрць карэйскага экспарту — адзенне.

Праца на рысавым полі (1989)

Вельмі высокая доля ў структуры ВУП сельскай гаспадаркі — 22,5 %, пры гэтым краіна адчувае пастаянны недахоп прадуктаў харчавання. Дасягнуўшы неблагога ўзроўню да пачатку 1980-х, пачынаючы з 1990-х сельская гаспадарка хранічна пакутуе на дэфіцыт угнаенняў, расце знос тэхнікі. Вырошчваюцца кукуруза, рыс, соя, бульба, цукровыя буракі, тытунь; разбіты плантацыі жэньшэню. Важная роля рыбалоўства і аквакультуры (яшчэ адна чвэрць экспарту — морапрадукты).

Савецкі дызель M62 на вакзале Пхеньяна

Асноўны транспарт — чыгуначны, на які прыходзіцца 86 % перавезеных грузаў і 80 % пасажыраў. У краіне больш за 7400 км чыгункі з еўрапейскай (1435 мм) каляінай, большай часткай электрыфікаванай. Развіццё чыгуначнага транспарту стрымліваецца недахопам электраэнергіі. Да гэтага часу выкарыстоўваюцца лакаматывы на паравой цязе. Падпісаны праект хуткаснай чыгункі Кэсон — Пхеньян — Сыныйджу. Аўтамабільны транспарт у вельмі сумным стане — менш за 1000 км аўтадарог заасфальтаваныя, ды і тыя ўсе ў латках.

Турызм трымаецца на двух кітах: арганізаваных экскурсіях у «самую закрытую краіну свету» і гарналыжным адпачынку (на курортах кшталту Масінёна)[11]. У ХХІ наведвальнасць КНДР значна ўзрасла, урад паставіў задачу давесці колькасць замежных турыстаў у краіну да 1 млн чалавек.

Асноўны гандлёвы партнёр — Кітай, на які прыходзіцца 84 % знешняга гандлю, на другім месцы — Індыя.

Святы[правіць | правіць зыходнік]

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]