Лістасцябловыя расліны. Дзярнінкі шчыльныя, бліскучыя, ад зялёных да бураватых. Сцябло простае або вілаватае, часта з рызоідным лямцам. Лісце звычайна павернутае ў адзін бок, серпападобнае, радзей усебакова адтапыранае, ланцэтнае або лінейна-ланцэтнае, уверсе жалабатае да трубчастага, суцэльнакрайняе ці зубчастае з жылкай. Каробачка ад яйцападобнай да цыліндрычнай, са спорамі. Вечка з касой дзюбкай. Каўпачок буйны, клабукападобны.
Вядома больш за 50 відаў, пашыраных пераважна ва ўмеранай і халоднай зонах Галарктыкі. Удзельнічаюць у фарміраванні наглебавага покрыва тундраў, балот і хвойных лясоў. На Беларусі найчасцей сустракаюцца дыкранум мётлападобны (Dicranum scoparium) і дыкранум шматножкавы (Dicranum polysetum).
Рыкоўскі Г. Ф.Дыкранум // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 2. Гатня — Катынь / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 522 с. — 10 000 экз.