Лускаўніца звычайная, ці Лускаўніца цукровая (Lepisma saccharina) — від дробных бяскрылых насякомых з атраду шчацінахвосткі (Zygentoma). Касмапалітычны від. Гэта жвавае насякомае нярэдка сустракаецца ў жыллі чалавека, пераважна на кухні, а таксама на харчовых складах. Лічаць, што від з’яўляецца адным з самых старажытных насякомых, якія цяпер жывуць — яго продкі жылі на зямлі больш за 300 млн гадоў таму ў палеазойскую эру.
Даўжыня насякомага складае 0,8 — 1,9 см[1]. Цела плоскае, паступова звужаецца да канца, пасля трэцяй лінькі пакрыта дробнымі серабрыста-шэрымі лускавінкамі. Ад хваста адыходзяць тры ніткі, дзве з якіх накіраваны ў бакі і адна назад. Ад галавы адыходзяць доўгія вусікі, накіраваныя наперад. Часам прадстаўнікоў віду можна пераблытаць з адной з губаногіх шматножак — Scutigera coleoptrata, якая адрозніваецца вялікай колькасцю доўгіх ног.
Прадстаўнікі віду любяць вільготныя і цёмныя месцы — у прыродзе іх можна сустрэць у апалым лісці, пад карчакамі, камянямі і г. д. У памяшканнях яны таксама аддаюць перавагу аналагічным умовам — калі ў доме суха і светла, то гэтых насякомых там не будзе. Мяркуюць, што від паходзіць з тропікаў — іх аптымальныя ўмовы пражывання складаюць +21… +26 °C і 75 — 97 % вільготнасці[2][3]. Актыўныя ноччу, астатні час хаваюцца. У выпадку выхаду на святло імкнуцца хутка схавацца. Перасоўваюцца хутка, па дарозе робячы кароткія прыпынкі.
Харчуецца прадуктамі расліннага паходжання, якія змяшчаюць у сабе крухмал або поліцукрыд; іх рацыён можа ўключаць цукар, муку, клей, кніжныя пераплёты, паперу, фатаграфіі, тканіны, якія змяшчаюць крухмал. Са складскіх памяшканняў могуць быць занесены ў дом праз куплю туалетнай паперы або кардонак з папяровымі сурвэткамі. Бясшкодныя для чалавека і хатніх жывёл і не з’яўляюцца пераносчыкамі захворванняў, але могуць псаваць вільготную паперу.
Блізкім сваякомз’яўляецца тэрмобія хатняя (Thermobia domestica). Гэта насякомае дасягае даўжыні 8-10</nowiki> мм. Вусікі амаль удвая даўжэйшыя за цела. Афарбоўка цёмная, з жоўтымі плямамі.
Зноскі