Rammstein — сёмы студыйны альбом нямецкага метал-гурта «Rammstein», выдадзены 17 мая 2019 года. Гэта першы за 10 гадоў альбом калектыва, афіцыйна анансаваны 28 сакавіка 2019 года. Выданню дыска папярэднічалі два сінглы: «Deutschland» і «Radio», першы з якіх дасягнуў найвышэйшага месца ў чартах Германіі. Канцэртны тур у падтрымку альбома пачаўся 27 мая 2019 года[3].
Альбом атрымаў станоўчыя водгукі ад музычных крытыкаў. На сайце-агрэгатары аглядаў «Metacritic» ён мае сярэднюю адзнаку ў 82 бала са 100 магчымых, засноўваючыся на 11 аглядах, што сведчыць пра «усеагульнае прызнанне»[4]. У рэцэнзіі ад англійскага часопіса «New Musical Express» адзначана, што «гэты альбом, несумненна, з’яўляецца гучным трыумфам»[2]. «Wall of Sound» ацаніў альбом на 9.5 з 10 балаў і заўважыў: «„Rammstein“, відаць, з’яўляецца кульмінацыяй папярэдніх шасці студыйных альбомаў, узяў лепшыя партыі некалькіх апошніх дзесяцігоддзяў і змясціў іх у адзін альбом, а таксама дадаў некалькі нечаканых сюрпрызаў»[5].