Невялікіх памераў, рухавыя птушкі, палавы дымарфізм у большасці відаў адсутнічае, ёсць нязначны ўзроставы. Даўжыня цела 10—26 см, маса 6—30 г. Апярэцне мяккае, буравата-шаравата-аліўкавае, часам са стракацінкамі, больш светлае на брушку. Дзюба тонкая, шылападобная. Вельмі часта цяжка адрозніваюцца адзін ад аднаго, таму неабходна звяртаць увагу на голас, паводзіны і біятоп. Жывуць у лясах, хмызняковых зараснінах. Гнёзды ў кустах, на зямлі, у трыснягу. Нясуць 4—8 стракатых або белых яец. Кормяцца насякомымі, іх лічынкамі, ягадамі. Пералётныя.
Налічваецца каля 400 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Аўстраліі, Амерыцы. На Беларусі звыш 20 відаў з родаў валасянак, пеначак, чарацянак.