Trichoplax

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Trichoplax

Trichoplax adhaerens
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Trichoplax adhaerens Schulze, 1883


Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  696103
NCBI  10227
EOL  49205
FW  212605

Trichoplax adhaerens — маленькі плоскі шматклетачны арганізм, да 2018 года лічыўся адзіным апісаным прадстаўніком тыпу Placozoa.

Упершыню гэта істота была выяўлена ў 1883 годзе ў Аўстрыі ў адным з марскіх акварыумаў. З той пары яе неаднаразова знаходзілі ў розных морах, разводзілі лабараторна.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Цела дасягае 2—3 мм у дыяметры, але ўсяго 25 мкм у таўшчыню. Вонкавы слой клетак падобны на аднаслойны эпітэлій, аднак яго не падсцілае характэрная базальная пласцінка. Клеткі верхняй (дарсальнай) паверхні цела плоскія, нясуць па адной раснічцы, як правіла, утрымліваюць па адной ліпіднай каплі. Ніжняя (вентральная) паверхня звернута да субстрату, па якім поўзае Trichoplax. З гэтага боку клетачны слой са шчыльным раснічным покрывам, з дапамогай якога ажыццяўляецца рух. Паміж двума слаямі клетак знаходзіцца вадзяністы пазаклетачны матрыкс з сеткай валакністага сінцытыя. Ядры сінцытыя аддзелены ўнутрыклетачнымі перагародкамі (септамі), падобна як у шкляных губак або грыбоў.

Формай цела і спосабам перамяшчэння Trichoplax нагадвае буйную амёбу. Паволі слізгаючы па субстраце, ён пастаянна мяняе абрысы. Пярэдні і задні канцы цела не выражаны, пры спробе паўзці ў двух супрацьлеглых напрамках адначасова Trichoplax можа «разарвацца».

Асаблівасці біялогіі[правіць | правіць зыходнік]

Жывіцца водарасцямі і іншымі рэчывамі, што знаходзяцца на субстраце. Страваванне пазаклетачнае; больш за тое, яно адбываецца па-за целам Trichoplax, паміж яго вентральнай паверхняй і субстратам. У час жыўлення пласціністы арганізм часта згінаецца, прыпадымае над субстратам цэнтральную частку цела і ўтварае замкнёную «кішэню», у якой і пераварваецца ежа. Прадукты стрававання паглынаюцца клеткамі вентральнай паверхні.

Trichoplax размнажаецца бясполым шляхам: у выніку фрагментацыі, або пачкаваннем. Почкі ўтвараюцца на дарсальнай паверхні, а затым, аддзяліўшыся, пакрытыя жгуцікамі адплываюць. Дакладнага апісання палавога працэса ў Trichoplax няма.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Invertebrate Zoology A Functional Evolutionary Approach. — 7th Edition / by Edward E. Ruppert, Richard S. Fox, Robert D. Barnes. — Hardcover; Florence, Kentucky, U.s.a.: Brooks Cole. — 2003. ISBN 978-0030259821