Іда Камінская

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Іда Камінская
польск.: Ida Kamińska
ідыш: אידה קאַמינסקאַ
Дата нараджэння 18 верасня 1899(1899-09-18)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 21 мая 1980(1980-05-21)[1][3][…] (80 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Бацька Abraham Izaak Kamiński[d]
Маці Эстэр Рахель Камінская
Дзеці Ruth Kamińska[d]
Прафесія актрыса, тэатральная актрыса, кінаактрыса, тэатральны рэжысёр, кінарэжысёр
Узнагароды
орден «Сцяг Працы» I ступені Work Flag Order, 2nd class афіцэр ордэна Адраджэння Польшчы медаль «10-годдзе Народнай Польшчы»
IMDb ID 0436706
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Іда Камінская (польск.: Ida Kamińska; 4 верасня 1899, Расійская імперыя21 мая 1980, ЗША) ― польская актрыса. Першая польская актрыса, намінаваная да «Оскара» (за ролю ў чэхаславацкім фільме).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Іда Камінская нарадзілася 4 верасня 1899 года ў гасцініцы «Тэатральнай» у Адэсе. Яе бацькі Абрахам і Эстэр Рахель Камінскія былі акцёрамі ў гэтым чарнаморскім горадзе. З дзяцінства Іда была звязаная з тэатрам. Яе сястра Рэгіна таксама стала актрысай, а брат Юзэф ― кампазітарам.

З маленства маленькая Іда аб’ездзіла з бацькамі і іх тэатрам далёкія куткі Расійскай Імперыі. Дзяўчынкай дапамагала дарослым: была суфлёрам, адказвала за асвятленне, падымала і апускала сцэнічную заслону. Дэбютную ролю выканала ва ўзросце шасці гадоў. Дарослую ролю сыграла праз 10 гадоў, калі мела 19. Абодва спектаклі былі на мове ідыш. У 1912 годзе разам з маці ўпершыню выступіла ў нямым фільме.

Пасля бальшавіцкага перавароту ў Расіі сям’я Іды пераехала ў Польшчу. У Варшаве яны заснавалі Тэатр Камінскіх, дзе і выступала маладая Іда. Тут, у польскай сталіцы пазнаёмілася з Зыгмунтам Туркавым, за якога выйшла замуж. У 1919 годзе ў іх нарадзілася дачка Рут. У палове 1920-х гадоў Іда з мужам адкрылі «Warszewer Jidiszer Kunst Teater» (бел.: Варшаўскі яўрэйскі мастацкі тэатр), у якім яна была галоўнай зоркай. У мастацкай установе выступалі найлепшыя польскія яўрэйскія артысты, а сама Іда была не толькі актрысай, але і рэжысёрам ды перакладчыкам драматычных твораў на мову ідыш.

У 1924 годзе Іда Камінская выступіла ў першым яўрэйскім фільме, знятым у Польшчы пасля Першай сусветнай вайны. Фільм называўся «Прысяга», а рэжысёрам кінакарціны быў яе муж. У канцы 1930-х гадоў актрыса развялася з Зыгмунтам Туркавым і перайшла ў польскі польскамоўны тэатр «Nowości». У 1938 годзе выступіла ў другім фільме, таксама на мове ідыш. Пасля капітуляцыі Варшавы ў верасні 1939 года Іда Камінская разам з дачкой, зяцем і другім мужам перабралася ў Львоў, уцякаючы ад гітлераўцаў. У 1940 годзе пачала выступаць са сваёй тэатральнай групай, а калі немцы напалі на Савецкі Саюз, то перабралася з сям’ёй у Кыргызстан. Там таксама выступала, пераязджаючы з рэспублікі ў рэспубліку. У 1944 годзе нарадзіла сына Віктара.

У Польшчу Іда Камінская з сям’ёй вярнулася ў 1946 годзе. Праз два гады стала дырэктарам яўрэйскага тэатру ў Лодзі. У 1955 годзе перанесла тэатр у Варшаву, які існуе і цяпер. Дзякуючы ёй тэатр паспяхова развіваўся, а трупа выступала ў Польшчы, Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША, Аўстраліі, Аргенціне і Уругваі. Спектаклі ішлі на мове ідыш, а калі нехта яе не ведаў, то мог пераклад пачуць у навушніках, якія атрымліваў перад пастаноўкай. Іда Камінская займалася не толькі тэатрам, але іграла таксама ў польскіх і чэхаславацкіх фільмах. Вядомасць ёй прынёс фільм «Крама на галоўнай вуліцы» чэхаславацкіх рэжысёраў Яна Кадара і Эльмара Клоса, зняты ў 1965 годзе. У фільме апавядаецца трагічная гісторыя Халакоста і арыізацыі Славакіі ў часы Другой сусветнай вайны. Кінакарціна атрымала мноства ўзнагарод, у тым ліку «Залаты глобус» і «Оскар» як найлепшы фільм на замежнай мове, а таксама спецыяльную прэмію Канскага фестывалю. А Іда Камінская была намінаваная да «Оскара» за найлепшую жаночую ролю першага плану.

У 1968 годзе ў Польшчы пачалася антысеміцкая кампанія, ініцыяваная ўладамі ПНР. Яна прымусіла многіх палякаў яўрэйскага паходжання пакінуць краіну. У канцы 1968 года Іда Камінская разам з сям’ёй пераехала ў Нью-Ёрк. Там спрабавала адкрыць яўрэйскі тэатр, але, на жаль, ідэі не ўдалося рэалізаваць. У 1973 годзе выдала кнігу «My life, my theatre», якая ў Польшчы выйшла толькі ў 1995 годзе. Пасля эміграцыі радзіму наведала толькі раз ― у 1973 годзе, у 50-ю гадавіну смерці сваёй маці Эстэр Рахель.

Памерла Іда Камінская 21 мая 1980 года. У 2005 годзе Варшаўскі яўрэйскі тэатр носіць імя Эстэр Рахель і Іды Камінскіх.[5]

Зноскі

  1. а б Ida Kaminska // Internet Broadway Database — 2000. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Deutsche Nationalbibliothek Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 13 снежня 2014.
  3. Ida Kaminska // FemBio database Праверана 9 кастрычніка 2017.
  4. Deutsche Nationalbibliothek Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 31 снежня 2014.
  5. Саўко, Валеры. Іда Каміньска ― першая польская актрыса, намінаваная да «Оскара» . Польскае Радыё (22 мая 2021). Праверана 12 студзеня 2022.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]