Перайсці да зместу

Інжынерныя войскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Інжынерныя войскі (ІВ) — вайсковыя фарміраванні (спецыяльныя войскі) узброеных сіл (УС), прызначаныя для інжынернага забеспячэння (абсталявання тэрыторыі, інжынернай разведкі, суправаджэння войскаў у наступе і да т.п.) ваенных (баявых) дзеянняў.

У склад інжынерных войскаў уваходзяць органы кіравання, установы, прадпрыемствы, інжынерна-сапёрныя, інжынерна-дарожныя, пантонныя і іншыя злучэнні, воінскія часці і падраздзяленні.

Ва УС розных дзяржаў могуць таксама насіць назву Корпус інжынераў, Інжынерны корпус, Ваенна-будаўнічыя войскі і гэтак далей.

Сваё прафесійнае свята служачыя Інжынерных войскаў адзначаюць 21 студзеня.

Інжынерныя мерапрыемствы ў войнах старажытнага свету

[правіць | правіць зыходнік]

Інжынерныя войскі з'явіліся не адразу з узнікненнем узброеных сіл (арміі і флоту), а падчас іх развіцця, у сувязі з неабходнасцю правядзення ваенна-інжынерных мерапрыемстваў. У войнах Старажытнай Грэцыі, Рыма, Карфагена для выканання інжынерных прац першапачаткова прыцягваліся фарміраванні рабоў, воінаў, а пазней і спецыяльна падрыхтаваныя атрады, падобныя да тых, што пазней сталі называцца сапёрамі. У Асірыйскім войску (1000 г. да н.э.) меліся спецыяльныя «грабарныя атрады», якія пракладалі дарогі, наводзілі масты, ўзводзілі лагеры і падводзілі падкопы, узводзілі штучныя насыпы або пагоркі для дасягнення панавання над сценамі абложаных гарадоў. Пры пераправах цераз рэкі асірыйцы ўжывалі плыты і надзіманыя мяхі-бурдзюкі. На прыпынках, падчас маршаў і паходаў, будаваўся палявы лагер, які абносіўся ровам і земляным валам.

У войску Старажытнага Рыма ў III стагоддзя для замацавання заваяваных тэрыторый узводзіліся абарончыя збудаванні па дзяржаўнай мяжы, якія атрымалі назву рымскіх валаў. Першапачаткова рымскія валы будавалі самі войскі, пазней значную частку прац выконвалі рабы.