Фартыфікацыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рэдан як частка фартыфікацыі

Фартыфікацыя, гістар. ваенная архітэктура і кастраметацыя (лац.: fortificatio — умацаванне ад лац.: fortis — моцны + лац.: facere — рабіць; лац. лац.: castra — лагер + лац.: metor — мераю) — раздзел ваеннай (ваенна-інжынернай) справы, што ахоплівае тэорыю і практыку ўмацавання (фартыфікацыйнага абсталявання) мясцовасці, як пры папярэдняй ваенна-інжынернай падрыхтоўцы тэатру ваенных дзеянняў і тэрыторыі краіны, так і ў час вайны. Мае мэтай павышэнне баяздольнасці ўзброеных сілаў, павелічэнне іх баявой эфектыўнасці, засцераганне войскаў, органаў кіравання, насельніцтва і гаспадарчых аб'ектаў ад сродкаў паражэння праціўніка.[1]

Гл. таксама: фартыфікацыйныя збудаванні, фартыфікацыйныя канструкцыі.

Фартыфікацыйнае абсталяванне ўлучае будову комплексаў фартыфікацыйных збудаванняў у адпаведнасці з аперацыйна-стратэгічнымі ці тактычнымі планамі. Адрозніваюць вайсковую (палявую) і доўгатэрміновую фартыфікацыю. Палявая фартыфікацыя займаецца пытаннямі тэорыі і практыкі фартыфікацыйнага абсталявання пазіцый, палосаў, рубяжоў, выходных раёнаў і раёнаў азмяшчэння войскаў у інтарэсаў забеспячэння боя (аперацыі); таксама займаецца будовай палявых збудаванняў для насельніцтва для засцерагання ад зброі масавага паражэння і інш. відаў зброі. Доўгатэрміновая фартыфікацыя займаецца пытаннямі тэорыі і практыкі папярэдняга фартыфікацыйнага абсталявання ТВД і тэрыторыі краіны, у мірны і ваенны час.

Фартыфікацыя — адна з найстаражытнейшых галінаў ваенна-інжынернай справы, што спрычынена прывязанасцю ваенных дзеянняў да мясцовасці разам з вялікім значэннем мясцовасці як у ваеннай справе, так і ў жыцці і дзейнасці людзей.[2]

Тэрмін «фартыфікацыя» узнік у сярэднявеччы, і пачаткова азначаў уласна доўгатэрміновыя фартыфікацыйныя збудаванні, а навуку, што вывучала адпаведную тэорыю і практыку, называлі ваеннай архітэктурай. Навука аб будове палявых умацаванняў дзеля дасягання тактычных мэтаў складала іншы раздзел ваенна-інжынернай справы, і называлася кастраметацыяй. І ваенная архітэктура, і кастраметацыя з часоў старажытнасці існавалі паралельна, але ў часы Адраджэння ўзнікла неабходнасць у быцці пры войску ваенна-інжынерных спецыялістаў, а таксама патрэба ў арганічнай узаемасувязі абедзвюх адменаў умацавання мясцовасці. Гэта было спрычынена з'яўляннем сталых армій, развіццём агнястрэльнай зброі і агульным змяненнем характару ваеннага майстэрства. У выніку на працягу 16—17 ст. ваенная архітэктура і кастраметацыя аб'ядналіся пад агульнай назвай фартыфікацыі з падзелам яе на сталую і тымчасовую. Упершыню такі падзел быў праведзены ў працах французскага інжынера маршала Вабана. У Расіі тэрмін «фартыфікацыя» замацаваўся ў 18 ст., а дзве часткі фартыфікацыі атрымалі назвы доўгатэрміновай і палявой, што захоўваецца і дасюль.[3]

Да самай 1-й сусв. вайны ў складзе фартыфікацыі разглядаліся таксама пытанні атакі, аблогі і абароны доўгатэрмінова ўмацаваных пунктаў і пытанні мінна-падземнай барацьбы. Таксама адмысловымі галінамі фартыфікацыі з'яўляліся ваенныя шляхі зносін і пераправы праз водныя перашкоды. На працягу і па 1-й сусв. вайне гэтыя пытанні вылучыліся ў асобныя раздзелы ваенна-інжынернай справы, а новымі фактарамі ў развіцці фартыфікацыі сталіся новыя віды зброі і ўзбраення (танкі, авіяцыя, зброя масавага паражэння).[3]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. ВЭС-83.
  2. Пд. Левыкіна.
  3. а б Пд. Шперка.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Военный энциклопедический словарь / Пред. Гл. ред. комиссии Н. В. Огарков. — М.: Воениздат, 1983. — 863 с. (руск.) С.783.
  • Левыкин, В. И. Фортификация: прошлое и современность
  • Шперк. История фортификации