Вампум

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вампум
Выява
Матэрыял ракавіна малюскаў[d], B. canaliculatus[d] і M. mercenaria[d]
Месца стварэння Паўночная Амерыка
Апісана на сайце onondaganation.org/… (англ.)
archaeologymuseum.ca/… (англ.)
Мадэльны элемент Two Row Wampum Treaty[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Вампум XVIII ст.

Вампу́м (алган.: wampumpeag[1], літаральна «белыя палосы») — традыцыйныя пацеркі паўночнаамерыканскіх індзейцаў. Звычайна рабіліся з ракавін малюскаў і выкарыстоўваліся ў рытуальных, дыпламатычных і гандлёвых мэтах.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Апрацоўка ракавін малюскаў у Паўночнай Амерыцы вялася з глыбокай старажытнасці, аднак час стварэння першых пацерак невядомы. У нашы дні вампумамі называюцца пацеркі, якія выраблялі на ўсходнім узбярэжжы ў 2 тысячагоддзі н. э., хаця іх спецыфічная форма сустракаецца сярод знаходак з сярэдзіны III ст. да н. э.[2] Яны фігуруюць у паданнях аб стварэнні Лігі іракезаў.

Звычайна вампумы ўяўлялі сабою белыя, чорныя і фіялетавыя цыліндры з апрацаваных ракавін рознага памеру, нізаныя на нітку. Белыя і фіялетавыя ракавіны здабываліся пераважна ў вусці ракі Гудзон і на кароткім адрэзку ўзбярэжжа на поўнач ад яго. Акрамя ракавін малюскаў, пацеркі маглі рабіцца з каменю, косці, гліны, шкла. Вельмі адрозніваліся спосабы нізання, афарбоўкі, выбару матэрыялаў для нітак[3]. Напрыклад, нарагансет адрознівалі белыя вампумы Wòmpi з трубчастых ракавін Meteaûhock ад цёмных пурпурных Súki з ракавін Suckauanaûsuck. Вампаноаг і іх суседзі выраблялі пацеркі з 240—360 цыліндрамі ў звязцы[2].

Ужо да прыходу еўрапейцаў вампумы былі шырока распаўсюджаны ўздоўж усяго паўночна-заходняга ўзбярэжжа, на захадзе — да ракі Ілінойс. Першыя галандскія і англійскія каланісты выкарыстоўвалі іх у якасці грошай у гандлі з індзейцамі. Разам з гэтым, распаўсюджанне вампумаў дапамагло ім знайсці іншы прадмет разліку — шкляныя пацеркі еўрапейскай вытворчасці. Па легендзе, распаўсюджанай у XIX ст., але не пацверджанай гісторыкамі, востраў Манхэтэн быў набыты галандскімі каланістамі за шкляныя пацеркі на суму 24 талеры[4].

Да канца XVIII ст. пацеркі страцілі сваё значэнне як прадмет разліковых аперацый у выніку распаўсюджвання манет, аднак заставаліся важнымі ў рытуальным жыцці індзейцаў. У нашы дні вампумы вырабляюцца як сувеніры. Выраб пацерак застаецца важным для захавання традыцыйных індзейскіх рамёстваў.

Сімвалічнае і рытуальнае значэнне[правіць | правіць зыходнік]

Вампум на сцягу Лігі іракезаў

Большасць сучасных даследчыкаў лічаць, што да прыходу еўрапейцаў вампумы выкарыстоўваліся індзейцамі не столькі ў гандлёвых, колькі ў рытуальных і дыпламатычных мэтах.

Іракезы прыпісвалі выраб першых вампумаў свайму культурнаму герою Гаяваце[5]. Яны карысталіся вампумамі падчас рытуалаў узвышэння новага правадыра, рамяні з вампумаў сімвалізавалі высокі статус пасланцаў, а абмен вампумамі сімвалізаваў вечнасць дамовы. У нашы дні іракезы выкарыстоўваюць так званы «пояс Гаяваты» у якасці сімвала свайго адзінства. Ён уключае 4 пацеркі і 1 сусветнае дрэва. Доўгія пацеркі фігуруюць на выявах правадыроў алганкінаў, што можа сведчыць пра выкарыстанне іх у якасці сімвала ўлады.

Еўрапейскія перасяленцы таксама практыкавалі абмен вампумамі ў дыпламатычных зносінах з індзейцамі. Першы вядомы выпадак «дыпламатыі вампумаў» здарыўся ў 1613 г. падчас заключэння дамовы паміж галандскімі каланістамі і іракезамі[6]. У 1664 г. іракезы абменьваліся вампумамі з англійскімі каланістамі. У 1794 г. Джордж Вашынгтон прадставіў вампум падчас перагавораў з іракезамі. У Канадзе абмен вампумамі заставаўся доўгі час абавязковым нават у XIX ст., калі ўрад стымуляваў мірныя дагаворы паміж разнастайнымі плямёнамі.

Вампум мог таксама выкарыстоўваўся індзейцамі падчас пераказу міфаў[7], дзе кожная пацерка сімвалізавала пэўную сюжэтную лінію.

Сродак абмену[правіць | правіць зыходнік]

Лічыцца, што да XVII ст. вампумы выкарыстоўваліся індзейцамі пры абмене таварамі як сімвалічны сродак дамовы. Гэта здаралася рэдка, паколькі індзейцы мелі абмежаваныя тэхнічныя сродкі для вырабу пацерак. Але еўрапейскія перасяленцы прынялі іх за адзінку грашовых разлікаў, прычым карысталіся ёю не толькі ў гандлі з індзейцамі, але і паміж сабою. Вядома, што ў 1627 г. галандскі гандляр Ісаак дэ Рэйзер адплаціў вампумамі каланістам Плімуцкай калоніі за збожжа. 15 лістапада 1637 г. генеральны суд Масачусецкай калоніі афіцыйна прызнаў вампумы законнай адзінкай разлікаў і ўсталяваў прыкладны курс да традыцыйных англійскіх грошай[8]. Вампумы ахвотна прымаліся індзейцамі ўнутраных раёнаў у абмен за футра[9].

Вампумы выкарыстоўваліся ў якасці грошай у англійскіх і галандскіх калоніях да канца XVII ст. Аднак іх курс паступова змяншаўся. Гэта тлумачыцца тым, што шырокае карыстанне пацеркамі стымулявала іх вытворчасць, прычым прыбярэжныя індзейцы пачалі ўжываць пры вырабе больш дасканалыя еўрапейскія інструменты. Такім чынам, назіралася сапраўдная інфляцыя, якая ў выніку вызначыла перавагу манет з каляровых металаў.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]