Вампаноаг
Wôpanâak | |
Статуя правадыра Масасойта
| |
Агульная колькасць | 2400 |
---|---|
Рэгіёны пражывання | ЗША |
Мова | масачусет |
Рэлігія | анімізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | дэлавары, масачусет, наўсет, ніпмук |
Вампаноаг (саманазва: Wôpanâak, літаральна «людзі ніжніх земляў») — алганкінскі народ, карэнныя насельнікі ЗША. Агульная колькасць — каля 4 300 чал.[1]
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У XVI — пачатку XVII ст., калі пачаліся кантакты з еўрапейцамі, вампаноаг насялялі паўднёвы ўсход Масачусетса. Яны ўяўлялі сабою канфедэрацыю, якая аб’ядноўвала прыблізна 30 алганкінскіх плямён. Мяркуецца, што ў 1600 г. яна налічвала каля 12 000 чалавек, што жылі ў 40 вёсках[2]. У 1607—1615 гг. ваявалі з пенабскот. Кантакты з еўрапейскімі маракамі прывялі да трох хваль эпідэмій у 1614—1620 гг. і значнага скарачэння насельніцтва, пасля чаго саслабленыя вампаноаг трапілі ў залежнасць ад суседзяў-нарагансет. У 1614 г. англійскі мараплавец Томас Хант захапіў у палон і прадаў у рабства ў Іспанію некалькіх чальцоў прыбярэжнага племені патуксет. Адным з іх быў Скванта[3].
У 1620 г. на землях патуксет, спустошаных эпідэміяй, была заснавана Плімуцкая калонія. У сакавіку 1621 г. Масасойт, вялікі правадыр вампаноаг, заключыў з каланістамі пагадненне, паводле якога тыя атрымоўвалі дазвол на пасяленне і 12 000 акраў зямлі. На першых парах дапамога з боку Масасойта і Скванта адыгрывала значную ролю для выжывання калоніі. Памяць пра гэта захоўваецца ў амерыканскай традыцыі Дня Падзякі. Нарагансет, якія прынялі дамову паміж Масасойтам і заснавальнікамі Плімуцкай калоніі за ваенны саюз, абвясцілі каланістам вайну, аднак былі вымушаны адцягнуць увагу на дзеянні супраць іракезаў і пеквот. У 1632 г. яны напалі на вампаноаг, але Масасойт атрымаў ваенную падтрымку каланістаў, што дазволіла захаваць свабоду яго народа.
Адносіны паміж вампаноаг і першымі каланістамі таксама мелі адваротны бок. Яны спрыялі працягу распаўсюджвання новых захворванняў, што вялі да далейшага скарачэння насельніцтва. Сярод загінулых ад хвароб быў Скванта[4]. Масасойт, які моцна захварэў, быў выратаваны з дапамогай еўрапейскіх лекаў. Пасля яго смерці ў 1661 г. вялікім правадыром стаў яго другі сын Метакомет, вядомы сярод англійскіх каланістаў як кароль Філіп. Ён здолеў аб’яднаць вакол сябе суседнія плямёны, незадаволеныя дзеяннямі каланістаў, а таксама прыцягнуць да змовы частку тых індзейцаў, што ўжо прынялі хрысціянства і еўрапейскія звычаі. У 1675—1676 гг. адбылася так званая вайна караля Філіпа[5], у якой вампаноаг і іх вярхоўны правадыр пацярпелі паражэнне. Пасля гэтага іх колькасць скарацілася да 400 чалавек. У лепшым стане знаходзіліся вампаноаг, што жылі на астравах каля кантынентальнага ўзбярэжжа. Яны меней пацярпелі ад эпідэмій і захоўвалі нейтралітэт падчас вайны караля Філіпа.
У 1660 г. для вампаноаг была створана рэзервацыя плошчай каля 120 км² з правам на самакіраванне. Яно адмянялася ўрадам ЗША у 1788—1834 гг. Акрамя таго, захоўваліся аўтаномныя рэзервацыі на астравах. У наш час урад ЗША афіцыйна прызнае 4 племені вампаноаг, якія маюць самакіраванне.
Плямёны вампаноаг
[правіць | правіць зыходнік]Каля 1620 г. канфедэрацыя вампаноаг уключала наступныя плямёны[6]: агавам, анавон, асамеекг, асавампсет, асанет, астравіцяне, коаксет, каханет, канеконарн, коаксісет, каўмпсусіт, племя ракі Джонс, лакускусет, матакест, матапоісет, мунпонсет, нукехкуменс, намаскет, патуксет, пёвант, пакасет, паканакет, жыхары Солт-Вотэр-Понд, шавамет, шымоа, тыспакін, татасон, цяск, уаўчымакут.
У наш час прызнаны плямёны намаскет, пакасет, вампаноаг Херынг-Понд, часткова прызнаны вампаноаг машпі.
Традыцыйная культура
[правіць | правіць зыходнік]Да сярэдзіны XVII ст. асноўнымі заняткамі вампаноаг былі рыбалоўства, паляванне, ручное земляробства. Меліся сталыя ўмацаваныя вёскі з доўгімі хацінамі, разлічанымі на вялікую колькасць жыхароў. Каля іх ладзіліся агароды. Аднак большую частку года вампаноаг перамяшчаліся па паляўнічых тэрыторыях і жылі ў часовых вігвамах вету. Вопратка шылася са скур дзікіх жывёл і апрацаванай бярозавай кары. Рамяні пляліся з раслінных валокнаў. Карысталіся каноэ, драўлянай булавой, рознымі сякерамі, дзідамі, лукам і стрэламі.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Для вампаноаг з’яўляюцца роднымі некалькі дыялектаў алганкінскай мовы масачусет. Хаця першыя запісы на іх рабіліся ўжо ў XVII ст., у выніку асіміляцыі да канца XX ст. гутарковая мова была страчана. З 1993 г. прыкладаюцца намаганні для яе адраджэння[7].
Зноскі
- ↑ Wampanoag in United States
- ↑ WAMPANOAG HISTORY(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 4 ліпеня 2013. Праверана 5 снежня 2016.
- ↑ Squanto — Folk Hero
- ↑ Madeleine Johnson, The Pilgrims Should Have Been Thankful for a Spirochete
- ↑ Metacomet (King Philip's) War(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 6 снежня 2016. Праверана 7 снежня 2016.
- ↑ WAMPANOAG HISTORY(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 4 ліпеня 2013. Праверана 5 снежня 2016.
- ↑ WÔPANÂAK LANGUAGE RECLAMATION PROJECT Архівавана 19 лістапада 2015.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Вампаноаг
- Wampanoag Tribe of Gay Head
- POCASSET TRIBE OF THE POKANOKET NATION Архівавана 13 лютага 2017.
- Wampanoag Tribe: Facts, Clothes, Food and History