Перайсці да зместу

Алег Груздзіловіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Алег Груздзіловіч
Род дзейнасці журналіст
Дата нараджэння 16 снежня 1958(1958-12-16) (65 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Месца працы
Альма-матар

Алег Анатолевіч Груздзіловіч (нар. 1958, Маладзечна) — беларускі журналіст, палітычны зняволены.

Нарадзіўся ў 1958 годзе ў Маладзечне.

Вучыўся ў Брэсце, скончыў Белдзяржуніверсітэт.

У журналістыцы з 1980 года. У 1988 годзе, працуючы адказным сакратаром газеты «Знамя юности», ініцыяваў сход рэдакцыйнай калегіі, якая вырашыла не выконваць загад ЦК КПБ пра перадрукоўку антыперабудовачнага артыкула з расійскай прэсы «Не могу поступиться принципами». У 1995 годзе звольніўся з дзяржаўнай «Народнай газеты» пасля таго, як быў зняты ягоны рэпартаж пра збіццё дэпутатаў у будынку Вярхоўнага Савета Беларусі.

На Радыё Свабода з 1995 года. Асвятляў тэмы палітвязняў, зніклых дзеячаў апазіцыі  (ням.), вёў рэпартажы з судовых працэсаў над удзельнікамі акцый пратэсту, палітычнымі дзеячамі, вядомымі гаспадарнікамі, чыноўнікамі і інш. Аўтар кнігі «Хто ўзарваў менскае мэтро» (2013).

У маі 2013 года Груздзіловічу вынесена папярэджанне, падпісанае першым намеснікам пракурора Мінска Раманоўскім. Яно тычылася артыкула і кнігі «Хто ўзарваў мінскае метро?». У папярэджанні гаварылася, што журналіст «ажыццявіў акцыю па пранікненні на станцыю метро „Фрунзенская“ з металічнымі прадметамі ў сумцы, якая нагадвае выкарыстаную арганізатарамі тэракту ў мінскім метрапалітэне»[1].

Палітычны пераслед

[правіць | правіць зыходнік]

Летам 2020 года актыўна асвятляў грамадска-палітычныя падзеі ў Беларусі, вёў папулярныя тады стрымы Радыё Свабода. У жніўні 2020 года быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС разам з большасцю журналістаў замежных СМІ. У лістападзе быў затрыманы на акцыі пратэсту, якую асвятляў як журналіст, і пакараны арыштам на 15 сутак. Падчас адбыцця сутак у Баранавічах цяжка захварэў на каранавірус.

Быў затрыманы 16 ліпеня 2021 года. У рэдакцыі Свабоды правялі ператрус, офіс апячаталі. Праз дзесяць дзён яго выпусцілі. За час гэтага першага арышту ніякіх допытаў не было. Тры дні Груздзіловіч галадаў за кратамі на знак пратэсту супраць затрымання і салідарнасці з Інесай Студзінскай, якая галадала 9 дзён з патрабаваннем дапусціць да яе адваката[2]. 20 ліпеня праваабаронцы прызналі яго палітычным вязнем[3].

Другі раз затрыманы 23 снежня 2021 года. Яму замянілі меру стрымання з абавязання яўкі на ўтрыманне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Мінска. Следчыя выставілі абвінавачанне паводле артыкулу 342 Крымінальгага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. Яму ставілі ў віну ўдзел у несанкцыянаванай акцыі без акрэдытацыі МЗС Беларусі як карэспандэнта замежнага СМІ. Віны за сабой не прызнаў, заявіў, што на той момант быў няштатным супрацоўнікам газеты «Народная Воля»[4].

Алега Груздзіловіча трымалі ў СІЗА № 1 у Мінску. Затым яго асудзілі на паўтара года зняволення і перавялі ў калонію ў Магілёве. Вызваліўся з калоніі ў верасні 2022 года (памілаваны, але віну не прызнаў). Пасля вызвалення яго адканваіравалі на мяжу з Літвой, аддалі пашпарт і выпусцілі з Беларусі.[5][6][7][8]

Выбраная бібліяграфія

[правіць | правіць зыходнік]
  • Хто ўзарваў менскае мэтро? (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе) — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2012. 354 с.: іл ISBN 978-0-929849-60-7

Прэміі і ўзнагароды

[правіць | правіць зыходнік]

Пераможца конкурсу «Праваабарончага альянсу Беларусі» за 2009 год у намінацыі «Журналіст году».

Жанаты, мае трох сыноў, трох унучак і ўнука. Жонка Мар’яна была ўвосень 2020 года звольнена з БДУ з палітычных матываў. Алег мае лецішча пад Мінскам, дзе збірае розныя рарытэты і вырошчвае кветкі. Яго хобі — мадэлі караблёў.

  1. Пракуратура папярэдзіла Алега Груздзіловіча, Радыё Свабода, 8-05-2013
  2. Груздзіловіч, Дашчынскі, Студзінская — ветэраны Радыё Свабода на Акрэсціна, Радыё Свабода, 19 ліпеня 20121
  3. Затрыманыя журналісты "Белсат" і "Радыё Свабода", а таксама Таццяна Кузіна і Валерыя Касцюгова прызнаныя палітвязнямі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» (20 ліпеня 2021).
  4. Журналісту Свабоды Алегу Груздзіловічу выставілі абвінавачанне, Радыё Свабода, 28-12-2021
  5. Задержанные журналисты "Белсат" и "Радио Свобода", а также Татьяна Кузина и Валерия Костюгова признаны политзаключенными (руск.). spring96.org (20 ліпеня 2021). Праверана 30 кастрычніка 2023.
  6. Алег Груздзіловіч — Палітычныя вязні ў Беларусі. prisoners.spring96.org. Праверана 30 кастрычніка 2023.
  7. Алег Анатольевіч Груздзіловіч — Dissidentby (бел.). dissidentby.com. Праверана 30 кастрычніка 2023.
  8. Журналіст Алег Груздзіловіч прэзентаваў кнігу пра сваё турэмнае зняволенне | Навіны Беларусі | euroradio.fm . euroradio.fm. Праверана 30 кастрычніка 2023.