Перайсці да зместу

Антон Іванавіч Гурскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Антон Іванавіч Гурскі
Дата нараджэння 14 студзеня 1936(1936-01-14)
Месца нараджэння
Дата смерці 1 ліпеня 2016(2016-07-01) (80 гадоў)
Род дзейнасці фалькларыст
Месца працы
Навуковая ступень кандыдат філалагічных навук
Альма-матар
Прэміі
Дзяржаўная прэмія БССР

Антон Іванавіч Гу́рскі (14 студзеня 1936, в. Свінка, Капыльскі раён, Мінская вобласць — 1 ліпеня 2016) — беларускі фалькларыст. Кандыдат філалагічных навук (1978)[1].

Нарадзіўся 14 студзеня 1936 года ў вёсцы Свінка Капыльскага раёна[1].

Скончыў Мінскі педагагічны інстытут у 1959 годзе. 3 1959 года ў сектары фальклору Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай АН Беларусі[1], з 1979 г. працаваў старшым навуковым супрацоўнікам. Са шматлікіх экспедыцый па ўсёй Беларусі прывозіў сшыткі з запісамі, у якіх зафіксаваны творы практычна ўсіх жанраў вуснай паэзіі (іх колькасць набліжаецца да дзесяці тысяч)[2].

Памёр 1 ліпеня 2016 года[3].

Навуковая дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Даследаваў фальклорныя жанры (загадкі, песні, паданні, легенды)[1]. Найбольш аўтарытэтны ў беларускай фалькларыстыцы даследчыкам зімовых свят. Мае больш за 200 публікацый у беларускіх энцыклапедыях і на старонках перыёдыкі[2].

З усяго жанравага багацця нашага фальклору Антон Іванавіч выбраў для навуковага даследавання народныя каляндарна-абрадавыя песні зімовага цыкла. Па гэтай тэме ў 1978 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю «Беларускія зімовыя песні: Калядкі і шчадроўкі (па запісах ХІХ — пачатку ХХ ст.)». Зроблены ўпершыню ў айчыннай фалькларыстыцы навуковы аналіз каляднай абраднасці ўсходніх славян і беларускай каляднай паэзіі склаў аснову манаграфій «Зімовая паэзія беларусаў» (1980) і «Святкаванне Калядаў на Беларусі» (1998)[2].

Цікавіўся А. І. Гурскі і пазаабрадавай лірыкай. Вынікам гэтай дзейнасці сталі манаграфіі «Тайны народнай песні» (1994), «Семантыка і паэтыка сямейнай лірыкі» (2001), «Чаму вучыць народная песня» (2007), «Пазаабрадавая лірыка ўсходніх славян» (2008)[2].

Аўтар кнігі «3 любоўю да народа» (1989), раздзелаў у кнігах «Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць» (1967), «Праблемы сучаснага беларускага фальклору» (1969), «Беларуская фалькларыстыка» (1980)[1].

Складальнік тамоў збору «Беларуская народная творчасць»; «Зімовыя песні: Калядкі і шчадроўкі» (1975), «Загадкі» (1972) і «Легенды і паданні» (1983, абедзве з М. Грынблатам), «Земляробчы каляндар» (1990), зборнікаў фальклору «Дрэва кахання» (1980), «Сакрэт шчасця» (1986), «Бяздоннае багацце» (1990), «Самае галоўнае» (1992), «Музыка-чарадзей» (1995), «Не сілай, а розумам» (1997)[1] «Прыстань ваўкалакаў» (2001), «У ноч на Івана Купалу» (2004), «Мудрасць жыцця : прыказкі, прымаўкі» (2007)[2] і інш.

А. І. Гурскі зрабіў уклад і ў гісторыю беларускай фалькларыстыкі. Ён аўтар манаграфіі «З любоўю да народа» (1989), якая прысвечана творчай дзейнасці фалькларыстаў і этнографаў Д. Булгакоўскага і П. Дземідовіча[2].

Вучоны наведваў вёскі, якія пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы. У зборнік «Фальклор Магілёўшчыны : матэрыялы з раёнаў, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС» (2011, сумесна з А. У. Марозавым і Н. Г. Мазурынай) увайшлі матэрыялы з мясцін, якія найбольш пацярпелі ад радыяцыйнага забруджвання[2].

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1986)[1].

Зноскі

  1. а б в г д е ё І. У. Саламевіч. Гурскі Антон Іванавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
  2. а б в г д е ё Антон Іванавіч Гурскі на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
  3. Гурскі Антон Іванавіч |. kapyl.by. Праверана 7 студзеня 2024.