Антон Антонавіч Прушынскі
Антон Антонавіч Прушынскі | |
---|---|
| |
Род дзейнасці | фатограф |
Дата нараджэння | 1826 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1895 |
Бацька | Антоні Прушынскі[d] |
Маці | Роза Станская[d] |
Жонка | Пелагея Вікторыя Кулакова[d] |
Дзеці | Конрад Прушынскі |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Станіслаў Антоній Прушынскі, Антоній Антоніевіч Прушынскі (1826—1895[1]) — мінскі фатограф. Адзін з пачынальнікаў беларускай фатаграфіі.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў 1826 годзе на Міншчыне, у маёнтку Асінцы Вілейскага павета ў шляхецкай сям’і вілейскага межавага суддзі Антонія Станіслававіча Прушынскага (памёр каля 1873) і Розы Станьскай[2]. Меў брата Цэзарыя, сясцёр Ванду (у шлюбе Валіцкая) і Тэклю (у шлюбе Пятроўская)[3]. Ахрышчаны 12 снежня 1826 года ў старым у Альковіцкім касцёле.
Актыўна ўдзельнічаў у грамадскім руху, у 1844—1845 гг. належаў да т. зв. спіскоўцаў, меў радыкальныя погляды, якіх не падзяляў ягоны бацька[3]. У досыць маладым узросце Антон Антонавіч пакінуў бацькоўскую хату і пасяліўся ў Мінску, дзе спачатку зарабляў урокамі ігры на фартэпіяна. Неўзабаве ў яго атрымалася адкрыць тут невялікую фабрыку па вытворчасці сургучу[2].
Маючы прыродныя схільнасці да мастацтва, Антон захапіўся фотасправай, тонкасці якой вывучыў за мяжой і, па словах сястры, «выпісаўшы выключна каштоўныя фатаграфічныя апараты, абсталяваў у горадзе Мінску першакласную фатаграфічную майстэрню». Датай пачатку дзейнасці фотаатэлье Прушынскага ў Мінску польскія крыніцы называюць 1850 год. Гэта таксама самая ранняя на сёння згадка аб існаванні дагератыпнай майстэрні на тэрыторыі Беларусі[2]. Майстэрня размяшчалася на Францысканскай вуліцы (цяпер Леніна)[4].
Прыкладна ў гэты ж час ён ажаніўся з Пелагеяй з Кулакоў, а ў 1851-м нарадзіўся іх першынец — Конрад, у будучыні вядомы польскі педагог, аўтар чытанкі, рэдактар «Gazety Switecznej»[2].
У 1850-я гады меў дачыненне да дзейнасці Мінскага гарадскога тэатра, у 1856 г. выступаў на ягонай сцэне ў оперы Станіслава Манюшкі «Рэкруцкі набор»[3]. 9 лютага 1852 года Прушынскі выканаў ролю «Караля Лятальскага» у часе прэм’еры спектакля «Сялянкі» ў Мінску.
У перыяд Крымскай вайны ўдзельнічаў у вызваленчым руху, за што ў 1855 г. быў арыштаваны і ўтрымліваўся ў Бабруйскай турме[3].
У 1858 годзе Прушынскім была засвоена тэхналогія вырабу адбіткаў на паперы[2]. Часцей за ўсё ў фатаграфічнай майстэрні Прушынскага вырабляліся партрэты, якія прыносілі фатографу асноўны прыбытак. Таксама тут выконваліся рэпрадукцыі з карцін, абразоў. Незадоўга да паўстання 1863 года Антон Прушынскі ў сваёй фотамайстэрні вырабляў партрэты, якія мелі выразны патрыятычны змест[2]. У перадпаўстанцкі перыяд далучыўся да «чырвоных» Мінскага паўстанцкага камітэта[3].
У фотамайстэрні Прушынскага таксама мелася вырабленае па заказе крэсла. Калі ў пачатку 1863 года Антон Антонавіч быў арыштаваны за ўдзел у паўстанні, у следчай справе адным з фактаў, прадстаўленых абвінавачваннем, быў той, што Прушынскі ў сваёй дагератыпнай майстэрні выкарыстоўваў пры здымках крэсла з высокай спінкай, наверсе якой знаходзіліся малюнкі «Арла» і «Пагоні» (сімвалы паўстання). Гэтае крэсла фігуравала на следстве і як рэчавы доказ. Шэраг такіх партрэтаў (напрыклад, прапаршчыка М. Цюндзявіцкага) быў канфіскаваны паліцыяй падчас рэвізіі фотамайстэрні Прушынскага і служыў доказам яго прыналежнасці да патрыятычнага руху. Па прыгаворы суда 29 кастрычніка 1863 года Антон Прушынскі быў сасланы ў Сібір[2]. Пакаранне А. Прушынскі адбываў у Каінскай акрузе Томскай губерні[3]. Перад паўстаннем Прушынскі (хоць ён і не прымаў удзелу ў баях) перааформіў усе каштоўнасці на жонку Пелагею-Вікторыю — у тым ліку фатаграфічную машыну і прэс. Прыставы проста не знайшлі ў яго маёмасці для канфіскацыі. Яго таксама выключылі са спісу маёмаснага секвестра, не канфіскавалі і маёнтак яго бацькі[4].
Пра Прушынскага згадваў часопіс «Фотографической иллюстрации» № 8—9 за 1863 год[5]:
Дзве адзіныя ў горадзе фатаграфіі, першая Прушынскага, даволі недасведчанага фатографа, які карыстаецца падтрымкай польскага насельніцтва і ў цяперашні час арыштаваны за ўдзел у мецяжы, — другая Якава Аляксандравіча Брафмана, выдатнага фатографа, што заслугоўвае па майстэрстве сваім заняць найганаровейшае месца ў коле нашых расійскіх фатографаў. |
Паводле звестак Станіслава Рэйманта, да паўстання меў дачыненне і бацька фатографа, Антоні Прушынскі, які таксама быў сасланы ў Сібір, адкуль атрымаў дазвол вярнуцца да 1868 г. без магчымасці пражывання на старым месцы жыхарства[3].
У 1864 г. да яго прыбыла жонка Пелагея Вікторыя Кулакова разам з дзецьмі: Конрадам, Максіміліянам і Зянонай. Відаць, ужо ў Томску ў іх нарадзіўся сын Севярын (памёр каля 1869)[3]. У Томску ён зноў, як калісьці ў маладосці, зарабляў на жыццё ўрокамі музыкі, а ў 1864-м адкрыў невялікую фатаграфічную майстэрню, валодала якой фактычна яго жонка Пелагея[2]. У ягоным доме арганізоўваліся музычныя вечары, у якіх прымалі ўдзел нават дзеці. Падчас ссылкі А. Прушынскі быў арыштаваны і ўтрымліваўся ў зняволенні за ўдзел у патаемных сходах. У 1869 г. ён атрымаў дазвол наведаць Польшчу, пасля чаго назад не вярнуўся. Да 1873 г. томскія ўлады шукалі яго, што знайшло асвятленне ў перыядычным друку і архіўных справах[3].
У 1873-м сканчваецца тэрмін высылкі, з гэтага чаму Прушынскія жывуць у Варшаве. Там на вуліцы Новы Святы , 34, а затым на Хмельнай , 25 Антон Прушынскі адчыніў уласнае фотаатэлье. Спачатку пад шыльдай «Афтаназій Пуцята» (па прозвішчы цесця свайго сына), а з 1892 года ўжо пад уласным імем[2].
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Антон Прушынскі выкарыстоўваў фатаграфію як сродак, які дапамагаў не толькі выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю, але і абудзіць, падтрымаць патрыятычныя пачуцці ў іншых. Для гэтага фатограф карыстаўся рознымі метадамі. Ён мог здымаць сваіх кліентаў у характэрным адзенні, напрыклад шляхецкай чамарцы, папулярнай у Рэчы Паспалітай у XVIII стагоддзі, якую актыўна, у знак пратэсту, сталі насіць мужчыны Мінска ў 1861—1862 гадах, альбо ўключаць у кампазіцыю здымка пэўныя прадметы-сімвалы, якія ўскосна апавядалі аб перавагах мадэлі[2].
Усе вышэйназваныя элементы прысутнічаюць ва ўжо хрэстаматыйным фатаграфічным партрэце Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Ён апрануты ў чамарку, трымае ў руцэ згорнуты ў некалькі разоў друкаваны аркуш. Цікава, што загаловак выдання пазней быў сцёрты з эмульсійнага слою рукой рэтушора. Паводле аднаго з меркаванняў, Дунін-Марцінкевіч трымае ў сваіх руках нумар першай беларускай нелегальнай рэвалюцыйна-дэмакратычнай газеты «Мужыцкая праўда»[2].
На сёння арыгінальныя адбіткі, выкананыя ў мінскай і варшаўскай фатаграфіях Прушынскага, захаваліся ў асноўным на тэрыторыі Польшчы. Сямейныя фатаграфіі Прушынскіх былі выяўленыя беларускім гісторыкам У. М. Дзянісавым у Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве. Дзве фатаграфіі захоўваюцца на тэрыторыі Беларусі — партрэт Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў Нацыянальным гістарычным у Мінску і партрэт Уладзіслава Гаціскага у Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі[2].
Зноскі
- ↑ http://www.konradproszynski.pl/fotografie.asp konradproszynski.pl
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л Беларуская фатаграфія. Імёны / Станіслаў Антон Прушынскі(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 30 верасня 2020. Праверана 16 красавіка 2020.
- ↑ а б в г д е ё ж з Вольга Гарбачова. Паўстанцы 1863 года на фотаздымках Архівавана 30 красавіка 2022.
- ↑ а б Первые минские фотографы могли сотрудничать с царской охранкой
- ↑ Што змяняе чалавека, Сяргей Харэўскі, Наша Ніва, 4 лютага 2008