Перайсці да зместу

Арыстафан

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Арыстафан
стар.-грэч.: Ἀριστοφάνης
Род дзейнасці камедыёграф, драматург, паэт
Дата нараджэння каля 445 да н.э.[1][2]
Месца нараджэння
Дата смерці 385 да н.э.[4][5][…]
Месца смерці
Грамадзянства
Бацька Philippus[d]
Дзеці Araros[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Арыстафа́н (грэч. Ἀριστοφάνης, Aristophanes, 466 да н.э. — 385 да н.э.) — вядомы старажытнагрэчаскі камедыёграф. Творы Арыстафана мелі вострыя грамадскія і палітычныя акцэнты, апісвалі жыццё старажытных Афінаў. Арыстафан быў праціўнікам багацця і абаронцам агульнаграмадскіх каштоўнасцяў а таксама правоў звычайных людзей.

Найбольш ранняя з яго камедый датуецца 425 да н.э. Яго творы грунтуюцца на фантастычных уяўленнях, на травесціі, на пародыі. Грэчаскіх гледачоў прыцягвала не толькі смешная пераробка міфа, але і палітычныя намёкі на першую асобу ў дзяржаве — уладара Афін Перыкла. Арыстафан не спыняўся перад высмейваннем і філосафаў, і людзей мастацтва — Сакрата, Эўрыпіда. Яго камедыі вызначаюцца вострай тэндэнцыйнасцю. У прынцыпе камедыёграф выяўляў кансерватыўныя настроі патрыярхальнага сялянства і звычайных афінскіх грамадзян — дэмасу.

З 44 камедый, напісаных Арыстафанам, да нас дайшлі толькі 11: «Ахарняне», «Коннікі», «Аблокі» (у пазнейшай няскончанай паэтам перапрацоўцы), «Восы», «Мір», «Птушкі», «Лісістрата», «Жанчыны на свяце Тэсмасфорый», «Жабы», «Жанчыны ў народным сходзе» і «Плутас» (таксама ў другой, але скончанай перапрацоўцы, у якой яна была пастаўленая на сцэне).

Смех Арыстафана розны: і гнеўны, аблічальны, сатырычны, і радасны. «Залаты век» грэчаскай антычнасці канчаўся, пачыналася дэградацыя палітычнай улады, і Арыстафан ярка адлюстраваў супярэчнасці новага перыяду: ён паказваў бедствы вай-ны, страшэнную беднасць народа, выкрываў тагачасных чыноўнікаў, дэмагогаў і спекулянтаў. Але для Арыстафана характэрны і смех вясёлы, гуллівы — смех, які вяртаў людзей да любові, да простых чалавечых радасцей, спрадвечных каштоўнасцей — хлеба, міру, прыгажосці прыроды.

Многія персанажы камедый Арыстафана мелі карыкатурны выгляд, высмейвалі пэўныя чалавечыя заганы. Таму акцёры насілі адпаведныя маскі.

У час Пелапанескай вайны, супрацьстаяння полісаў, Арыстафан напісаў адну з лепшых сваіх камедый — «Лісістрата» (411 да н.э.). Каб знішчыць, праклясці вайну — справу мужчын, — аўтар вывеў галоўнымі героямі жанчын. Па закліку афінянкі Лісістраты жанчыны, пратэстуючы супраць дурасці ваюючых мужчын, аб'явілі ім любоўны байкот. Аўтар стварыў цікавую камедыйную сітуацыю, паказаўшы, што значыць спыніць дзеянне фізіялагічных законаў. У надзвычай смелых сцэнах аўтар з усімі падрабязнасцямі паказвае пакуты мужчын. У канцы ваяры ўрэшце ўстанаўліваюць мір; прыміраюцца і мужы з жонкамі. П'еса лічыцца ледзь не самай бессаромнай у гісторыі тэатра, але тым не менш яе ніяк нельга назваць амаральнай, бо напісана яна з любоўю да жыцця, якое праслаўляецца праз праслаўленне фізічнага кахання. Смех «Лісістраты» выяўляе жыццёвае здароўе грэчаскага народа, больш за тое, здароўе ўсяго чалавечага роду.

Творчасць Арыстафана зрабіла каласальны ўплыў на літаратуру эпохі Адраджэння, класіцызму, камедыю «дэль артэ». Шмат якія прыёмы Арыстафана (абагульненасць вобразаў, матэрыя-лізаваныя метафары, гратэск) шырока выкарыстоўваліся ў літаратуры.

Камедыі «Жабы» і «Люсістрата» на беларускую мову пераклаў Лявон Баршчэўскі.

Беларускія пераклады

[правіць | правіць зыходнік]
  • Арыстафан. Люсістрата. Жабы // Старагрэцкая драматургія. Мн., 2020 (Драматургі свету).

Зноскі

  1. Istituto dell'Enciclopedia Italiana Enciclopedia on line Праверана 25 ліпеня 2022.
  2. Machiavelli. Enciclopedia machiavelliana / G. SassoIstituto dell'Enciclopedia Italiana, 2014. Праверана 25 ліпеня 2022.
  3. Deutsche Nationalbibliothek Record #118503987 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 10 снежня 2014.
  4. Ярхо В. Н. Аристофан // Краткая литературная энциклопедияМ.: Советская энциклопедия, 1962. — Т. 1.
  5. R. C. J. Aristophanes // Encyclopædia Britannica: a dictionary of arts, sciences, literature and general information / H. Chisholm — 11 — New York, Cambridge, England: University Press, 1911. — Vol. 2. — P. 499–501.
  6. Аристофан // Энциклопедический словарь / под ред. И. Е. АндреевскийСент-Питерсберг: Брокгауз — Ефрон, 1890. — Т. II. — С. 93–94.
  • Жлутка А. Арыстафанавы «Жабы» — драма жыцця і смерці ў атэнскім тэатры Дыёніса // Крыніца. 1999. № 9 (55).
  • Ратабыльская Т. Гісторыя сусветнага тэатра. Старажытная камедыя і творчасць Арыстафана // Народная асвета. 1996. № 5.
  • Шамякіна Т. Антычная літаратура // Міфалогія і беларуская літаратура: нарысы і эсэ / Таццяна Шамякіна. — Мінск: Маст. літ., 2008. — С. 213—242. ISBN 978-985-02-0925-2.
Пры напісанні артыкула выкарыстаны матэрыял з Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона (1890—1907).