Аэрапоніка
Аэрапоніка (ад грэч. ἀήρ «паветра» і грэч. πόνος «праца») — метад вырошчвання раслін без глебы ў вільготным паветры.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Магчымасць вырошчвання раслін шляхам распылення пажыўнага раствору ў каранёвую сістэму была вынайдзена і апісана ў 1911 г. У. М. Арцыхоўскім, расійскім батанікам украінскага паходжання. У 1957 г. галандскі даследчык Ф. В. Вент упершыню ўжыў тэрмін «аэрапоніка». Першая аэрапонная ўстаноўка камерцыйнага прызначэння была створана ў ЗША ў 1983 г. Яе найменне «Машына генезісу» было запазычына з тэлесерыяла «Зорны шлях».
Тэхналогія
[правіць | правіць зыходнік]Аэрапоніка задавальняе патрабаванні раслін у вільгаці і пажыўных рэчывах дзякуючы частай дазаванай падачы аэразолепадобнага пажыўнага раствора непасрэдна ў зону каранёвай сістэмы раслін пры дапамозе помпы і распыляльнікаў. Такім чынам расліны могуць расці без глебы, хаця патрабуюць замацавання ў кантэйнерах або трубах, звычайна вырабленых з палімерных матэрыялаў.
Раствор падаецца ў пэўныя прамежкі часу, неабходныя для змочвання каранёў. Большы прамежак яны застаюцца ў паветры і могуць болей эфектыўна спажываць кісларод, неабходны для функцыянавання расліны. Актыўны газаабмен спрыяе развіццю каранёў, вегетатыўнай масы і паскарае наступ генератыўнай фазы, таму ўраджай атрымоўваецца хутчэй. Культурныя расліны не пакутваюць з-за канкурэнцыі з пустазеллем, у замкнёным асяроддзі зніжаецца магчымасць уздзеяння патагенаў. Кантэйнеры або трубы з раслінамі размяшчаюць шмат'ярусна, што садзейнічае эканоміі плошчы. Акрамя атрымання ўраджаю, аэрапоніка актыўна выкарыстоўваецца для вегетатыўнага размнажэння каштоўных сартоў і гібрыдаў.
Тэхналогія аэрапонікі ўключае дастаткова складаныя працэсы, у тым ліку сталы кантроль вады і ўгнаенняў для раствору, ачыстку кантэйнераў ад непажаданай мікрафлоры, а таму патрабуе аўтаматызацыю, высокатэхналагічнае абсталяванне і значны расход электрычнай энергіі. Для падвышэння эфектыўнасці сучасныя аэрапонныя ўстаноўкі забяспечаны помпамі высокага ціску, расліны атрымоўваюць дадатковы дыяксід вугляроду і прэпараты, што стымулююць іх рост.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- How Does Aeroponics Work? - Modern Farmer
- Progressive Plant Growing is a Blooming Business - NASA Архівавана 25 верасня 2022.
- Mazhar H. Tunio, Jianmin Gao, Sher A. Shaikh, Imran A. Lakhiar, Waqar A. Qureshi, Kashif A. Solangi, Farman A. Chandio Potato production in aeroponics: An emerging food growing system in sustainable agriculture forfood security
- Priyanka B.J., Rohan Sharm, Somanna A. G., Sathyamurthy S. K. DIGITAL FARMING USING AEROPONICS