Перайсці да зместу

Бязногія земнаводныя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бязногія земнаводныя

Dermophis mexicanus
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Gymnophiona Müller, 1832

Арэал

выява


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  173746
NCBI  8445
EOL  7529
FW  37332

Бязногія земнаводныя (Gymnophiona) — атрад земнаводных. Характарызуюцца крайняй спецыялізацыяй і прымітыўнасцю будовы.

Прыстасаваны да падземнага, рыючага спосабу жыцця. Цела падоўжанае, чэрвепадобнае, даўжыня ад 10 см да 1-1,5 м.

Галава невялікая, лапатападобная, слаба адмежаваная ад тулава, рот ссунуты ўніз. Чэрап амаль цалкам пакрыты косткамі, якія зрастаюцца ў буйныя блокі. Вочы недаразвітыя, схаваныя пад скурай. Барабанная перапонка і сярэдняе вуха адсутнічаюць; добра развіты нюх і дотык, на галаве маецца тонкае ўцяжное шчупальца — унікальны орган, які, відаць, выкарыстоўваецца пры пошуках ежы, палавога партнёра і інш. Язык добра развіты, можа быць прымацаваны да дзёснаў. Шматлікія дробныя, загнутыя назад зубы звычайна размешчаны ў 2—4 рады на сківіцах, сашніках і паднябенных касцях. Скура голая, з колцападобнымі зморшчынамі (да 400), багата пакрыта сліззю шматлікіх залоз; у некаторых у скуры маюцца дробныя касцяныя лускавінкі.

Канечнасці і іх паясы адсутнічаюць, пазванкі (80-285) дваякаўвагнутыя, рэбры і хвост кароткія. Многія ўнутраныя органы моцна выцягнуты; звычайна левае лёгкае рэдукавана, часам цалкам. У самцоў маецца няпарны капулятыўны орган.

Выдзяляюць 9 сучасных сямействаў, каля 165 відаў. Распаўсюджаны ў вільготных тропіках і прылеглых шыротах у Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы, Афрыцы, на Сейшэльскіх астравах, у Індыі і Паўднёва-Усходняй Азіі (няма на Мадагаскары, у Новай Гвінеі і Аўстраліі).

Большасць жыве ў вільготнай глебе па берагах рэк і азёр, некаторыя — у вадзе. Перасоўваюцца па зямлі, змеепадобна выгінаючы цела.

Выкапнёвыя знаходкі вельмі рэдкія. Продкамі бязногіх земнаводных маглі быць палеазойскія стэгацэфалы атрада Microsauria.

Асаблівасці біялогіі

[правіць | правіць зыходнік]

Сілкуюцца глебавымі і іншымі беспазваночнымі.

Апладненне ўнутранае. Адкладаюць 5-30 яец, з якіх у адных відаў выводзяцца лічынкі з жабернымі шчылінамі (без вонкавых жабраў) і спінным плаўніком, знікаючым пасля метамарфоза ў вадзе, у іншых відаў з яйца выходзіць сфарміраваная асобіна (прамое развіццё). Для большасці відаў характэрна жыванараджэнне, калі ікрынкі развіваюцца ў целе самкі.

Бязногія земнаводныя (Gymnophiona) падзяляюць на 10 сучасных[1] і 1 выкапневае сямейства:

Зноскі

  1. Wilkinson, M.; San Mauro, D.; Sherratt, E.; Gower, D. J. (2011). A nine-family classification of caecilians (Amphibia: Gymnophiona). Zootaxa 2874: 41-64. Полный текст
  2. Kamei, R. G.; San Mauro, D.; Gower, D. J.; Van Bocxlaer, I.; Sherratt, E.; Thomas, A.; Babu, S.; Bossuyt, F.; Wilkinson, M.; Biju, S. D. (2012). «Discovery of a new family of amphibians from Northeast India with ancient links to Africa». Proc. R. Soc. B. DOI:10.1098/rspb.2012.0150
  3. «New amphibian family find for India». BBC News. February 22, 2012.
  4. «New amphibian family found in India». CBC News. 21 February 2012.
  5. The Paleobiology Database: Eocaeciliaidae(недаступная спасылка)
  6. The Paleobiology Database: Rubricacaecilia(недаступная спасылка)
  • Земнаводныя. Паўзуны: Энцыклапедычны даведнік. Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1996. ISBN 985-11-0067-6