Біф
Біф (ад англ.: beef — бык (ялавічына), у пераносным сэнсе скарга, незадаволенасць) — варожасць паміж прадстаўнікамі хіп-хоп культуры[1].
Біфы, іх адметнасці і негалосныя правілы паводзін складаюць важную частку хіп-хоп культуры. Найбольш вядомымі з’яўляюцца біфы паміж рэперамі. Аднак такія канфлікты здараюцца і паміж іншымі носьбітамі хіп-хоп культуры: дыджэямі, бі-боямі, райтарамі. Прычынамі біфаў зазвычай робяцца закіды ў плагіяце, прэтэнзіі на лідарства ў жанры (неабгрунтаваныя, на думку апанента), творчыя супярэчнасці, якія нельга залагодзіць, прыналежнасць да канкурэнтных рэкард-лэйблаў і нават абразлівыя выказванні.
На практыцы канфлікты праяўляюцца ў адмыслова запісаных трэках (традыцыйна званых дысамі) і інтэрв’ю, радзей — у бойках і перастрэлках, якія калі-нікалі сканчаюцца забойствамі.
Найбольшую вядомасць сярод біфаў атрымала так званая «вайна узбярэжжаў», якая забрала з жыцця Тупака Шакура і Notorious B.I.G. у 1990-х, і шматлікія біфы 50 Cent у 2000-х.
На беларускай глебе[правіць | правіць зыходнік]
Сучасныя слоўнікі беларускай мовы паняцце «біф» не фіксуюць, аднак у інтэрнэт-выданнях яно сустракаецца[1][2].
Пашыранасць біфаў як з’явы ў беларускай хіп-хоп культуры не даследвалася. Першыя спробы біфаў у беларускамоўным рэпе звязаны з прэтэнзіямі Амбасадара Кроў да Аляксандра Памідорава[3], што вылілася ў дыс «Агародніна/OFF» (2007), але зваротнай публічнай рэакцыі не адбылося.
Вузкасць абсягу беларускамоўнай хіп-хоп культуры стварае спецыфічную атмасферу: выклік рэперу можа кінуць бард (Сяргей Башлыкевіч — Вожыку, 2015)[4]; паэт выкарыстоўвае механізмы разгортвання біфу для выяўлення незадаволенасці іншымі вершапісцамі (Мікіта Найдзёнаў з яго выклікам да Антона Рудака, Віталя Рыжкова, Уладзя Лянкевіча, 2016)[5][6]; пераўвасоблены ў рэпера паэт стварае дыс на барда (Angst на Сяргея Башлыкевіча, 2017)[7]. Пры гэтым сур’ёзнасць намераў названых пачынальнікаў біфаў не з’яўяецца відавочнай, а рэакцыя апанетаў накіроўваецца на тое, каб загасіць меркаваную варажнечу ў зародку.
Зноскі
- ↑ а б Гл. адп. сл. арт.: Батлы на Нямізе
- ↑ Хіп-хоп па-беларуску
- ↑ Кроў: «Памідораў для мяне халуй!» Архівавана 12 верасня 2018.
- ↑ Бард Башлыкевіч бязлітасна прасцябаўся з рэпера Вожыка
- ↑ Мікіта Найдзёнаў. Выклiк на паэтычны батл (відэа)
- ↑ Віталь Рыжкоў прыняў выклік Найдзёнава на паэтычны батл, але пры адной умове Архівавана 28 ліпеня 2017.
- ↑ Першы беларускі рэп-серыял. Angst выказаў дысрэспект Башлыкевічу