Біяполе — апошні студыйны альбом беларускага рок-гурта Мроя. Запісаны ў верасні 1990 года. Выдадзены на кампакт-касеце ў 1991 годзе[1]. Прэзентацыя альбома «Біяполе» адбылася ў Тэатральна-мастацкім інстытуце ў 1990 годзе[2]. Перавыдадзены Літаратурна-Мастацкай Суполкай у 1997 годзе.
Альбом атрымаў імя паводле назвы трэцяга трэка. Запісваўся з новым гітарыстам — Венедыктам Конеў-Петушковічам, які раней працаваў гукарэжысёрам гурта. Песня «Хоп-Гоп» (іншыя назвы «Хоп-Гоб» ці «Марш гопніка») спяваецца ад першай асобы. У ёй згадваюцца песні «Felicità» італьянскага дуэта Al Bano і Romina Power, якая выйшла ў 1982 годзе, савецкі поп-гурт «Ласкавы май», песня «Синий туман» Вячаслава Дабрыніна, якая выйшла ў 1988 годзе. Песня «Халі-Галі» таксама выконваецца ад першай асобы, у ёй згадваецца брытанскі гурт Depeche Mode, які ўзнік у 1980 годзе. У альбом не ўвайшлі песні «Так і трэба», «Беларуская Афрыка». Пазней у зборнік «Лепшыя песьні з альбомаў 1988—1990» увайшлі песні «Гуляй, душа», «Я ў лесе ягады збіраў», «Я на сямі вятрах», «Хоп-Гоп» (пад назвай «Марш гопніка») ды «Краіна крывавых дажджоў». Песню «Халі-галі» перазапісаў гурт N.R.M. на альбоме ŁaŁaŁaŁa, якая пазней таксама ўвайшла ў зборнік Made in N.R.M.. Песню «Краіна крывавых дажджоў» у 1999 годзе выканаў гурт N.R.M. на альбоме Акустычныя канцэрты канца XX стагодзьдзя.