Вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім (1406—1408)
| |||
Дата | 1406—1408 | ||
---|---|---|---|
Вынік | стратэгічная перамога ВКЛ, замацаванне дамінавання ВКЛ у рэгіёне | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Стаянне на Угры (1408) — шматдзённае стаянне на процілеглых берагах р. Угры войскаў Вялікага Княства Літоўскага і Вялікага княства Маскоўскага, заключная падзея ў барацьбе гэтых двух дзяржаў за панаванне ва Усходняй Еўропе ў XV ст. Скончылася заключэннем Угрскага дагавора, які зацвердзіў дамінаванне ВКЛ у рэгіёне.
У 1405 Вітаўт пачаў ваенныя дзеянні супраць Пскова. Пскоў, лавіраваўшы ў сваёй знешняй палітыцы паміж ВКЛ і ВКМ, звярнуўся за дапамогай да вял. кн. маскоўскага Васіля I, які зрэшты нічым не дапамог. Толькі ў 1406 ВКМ абвясціла вайну ВКЛ «пскоўскія дзеля крыўды». У тым жа годзе войскі ВКЛ і ВКМ сыйшліся на р. Плава, пад Крапіўнай, аднак у бітву не ўступілі — Вітаўт і Васіль I заключылі перамір’е «до того же году» ці, дакладней, да «Съшествия святаго Духа»[1]. Не ўсе Вітаўтавы баяры хацелі міру, адзін з іх — Андрэй Літвін, казаў Вітаўту: «Не міры, Вітаўце, не міры», настойваючы на вырашальнай бітве, каб разбіць вял. кн. маскоўскага. Па легендзе, баярын Андрэй атрымаў ад Вітаўта мянушку «Няміра» і быў нібыта продкам роду Неміровічаў (Гл. падр. Няміра).
У 1407 ваенныя дзеянні аднавіліся, войскі ВКЛ узялі г. Адоеў, а войскі ВКМ на Спасаў дзень[2] «и взя град Дмитровецъ [Дзмітравец] и огнемъ пожьже»[3]. Згодна з Цвярскім летапісам, Васіль I паслаў «князя своа воеводы награди Литовскыя» па двух напрамках. Асноўныя сілы двух бакоў сыйшліся ля г. Вязьмы, але вырашальная бітва не адбылася — перамір’е было падоўжана яшчэ на адзін год. Аднак адносіны паміж дзяржавамі абвастрыліся пасля ад’езду ў ВКМ Свідрыгайлы — суперніка Вітаўта. Васіль I міласціва прыняў яго, даў у кармленне амаль палову земляў ВКМ — Уладзімір-на-Клязьме са ўсімі воласцямі і мытамі, Пераяслаўль-Залескі, Юр’еў Польскі, Волак Ламскі, Ржэву і палову Каломны, што выклікала незадаволенасць Вітаўта.
У 1408 войска ВКЛ выступіла ў паход на Маскву. На мяжы дзяржаў — р. Угра, іх сустрэлі маскоўскія войскі з татарскай дапамогай. Пасля шматдзённага стаяння войскаў на супрацьлеглых берагах ракі, Вітаўт і Васіль I заключылі вечны мір.
Угрскі дагавор 1408 г. канчаткова ўсталяваў мяжу паміж ВКЛ і ВКМ у вярхоўях р. Ака па рэках Угра, Роса і Брыня. Васіль I абавязаўся спыніць падтрымку Свідрыгайлы і прызнаваў прыналежнасць да ВКЛ Смаленскай зямлі і Вярхоўскіх княстваў. У склад ВКМ увайшла невялікая, раней спрэчная, тэрыторыя ў басейне р. Жыздра (з г. Перамышль, Казельск, Любуцк). Угрскі дагавор 1408 г. зацвердзіў дамінуючае становішча ВКЛ ва Усходняй Еўропе, дазволіў Вітаўту ўзмацніць сваю ўладу над Псковам і Ноўгарадам, палегчыў барацьбу з Тэўтонскім ордэнам на захадзе. Жонка Васіля I — Соф’я Вітаўтаўна, часта і падоўгу бывала ў ВКЛ, гасцявала ў свайго бацькі. Пасля смерці Васіля I (1425) Вітаўт істотна ўплываў на ўнутраныя справы ВКМ. Па заключаным у Смаленску дагаворы, паміж Соф’яй Вітаўтаўнай і Вітаўтам, ВКМ фактычна стала васалам ВКЛ[крыніца?], а Вітаўт апякуном дзевяцігадовага Васіля II. Мірныя адносіны паміж ВКЛ і ВКМ захоўваліся да 1492 г.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Полное собрание русских летописей: в 43 т. (далей — ПСРЛ) Т. XI. Летописный сборник, именуемый Патриаршей или Никоновской летописью. — М.: Языки русской культуры, 2000. — 264 с. — С. 194; ПСРЛ. Т. XV. Вып. 1. Рогожский летописец. Тверской сборник. — М.: Языки русской культуры, 2000. — 504 стб. — стб. 475
- ↑ ПСРЛ. Т. XI. Летописный сборник, именуемый Патриаршей или Никоновской летописью. — М.: Языки русской культуры, 2000. — 264 с. — 202; ПСРЛ. Т. XX. Львовская летопись. — М.: Языки русской культуры, 2005. — 704 с. — С. 225; Хорошкевич, А. Л. Документы начала XV в. о русско-литовских отношениях / А. Л. Хорошкевич // Культурные связи россии и Польши XI—XX вв.: Сб. ст. — М.: УРСС, 1998. — С. 39—57. — С. 46.
- ↑ ПСРЛ. Т. XXV. Московский летописный свод конца XV века. — М.: Языки славянских культур, 2004. — 488 с. — С. 237; ПСРЛ. Т. VIII. Продолжение летописи по Воскресенскому списку. — М.: Языки русской культуры, 2001. — 312 с. — С. 81; ПСРЛ. Т. XI. Летописный сборник, именуемый Патриаршей или Никоновской летописью. — М.: Языки русской культуры, 2000. — 264 с. — С. 202; Приселков, М. Д. Троицкая летопись (Реконструкция текста) / М. Д. Приселков. — 2-е изд. —СПб.: Наука, 2002. — 514 с. — С. 465.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Соловьёв С. М. История России с древнейших времен. Т.4. Гл.1.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх