Перайсці да зместу

Ваўкавічы (курганны могільнік)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Ваўкаві́чы, Во́ўкавічы — курганныя могільнікі XI стагоддзя каля вёскі Ваўкавічы Талачынскага раёна Віцебскай вобласці.

Воўкавічы-1[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца за 0,2 км на поўнач ад вёскі, на беразе ракі Крывой. Захавалася 18 насыпаў (раней было больш за 30) дыяметрам 5—12 м, вышынёй 1—3 м. Даследавалі Л. В. Аляксееў (1958), А. Р. Мітрафанаў (1972), Ш. I. Бекцінееў (1981), В. М. Ляўко (1990).

У 1969 (1971) годзе 3. М. Сяргеева раскапала 2 курганы. У першым пахавальны абрад — трупапалажэнне. Парнае пахаванне (мужчынскае і жаночае) арыентавана галавой на паўднёвы захад. Знойдзены рэшткі жалезных абручоў ад драўляных вёдзер, жалезныя нажы (тронкі аднаго мелі абмотку з бронзавага дроту), віты бронзавы бранзалет з завязанымі канцамі, бронзавы пярсцёнак, сярэбранае скроневае кольца, 85 бісерных пацерак, сіняя зонная, сіняя цыліндрычная і лімонападобная пацеркі.

У другім пахавальны абрад — трупаспаленне. Выяўлена вогнішча памерам 4×4 м з попелам, вуголлем, перапаленай зямлёй і мноствам дробных кальцыніраваных касцей. Частка спаленых касцей — конскія. Знойдзены ганчарны гаршчок з лінейным арнаментам і кляймом, жалезны нож.

Могільнік датуецца ХІ стагоддзем, належаў крывічам. Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Інстытуце археалогіі Расійскай акадэміі навук.

Воўкавічы-2[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца за 0,3 км на паўднёвы захад ад вёскі, абапал лясной дарогі. 21 курган дыяметрам 6—8 м, вышынёй 12 м, адзін дыяметрам 10 м, вышынёй 2,5 м. Выявіў і абследаваў у 1981 годзе Ш. I. Бекцінееў. Раскопкі не праводзіліся.

Воўкавічы 3[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца за 0,6 км на паўднёвы захад ад вёскі, абапал лясной дарогі. 22 курганы дыяметрам 4—10 м, вышынёй 0,5—2 м. Два насыпы вышынёй 3 і 5 м. Выявіў і абследаваў у 1981 годзе Ш. I. Бекцінееў. Раскопкі не праводзіліся.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]