Крывічы
Крывічы | |
---|---|
![]() | |
Этнічныя мовы | |
Традыцыйныя рэлігіі (канфесіі) | язычніцтва |
Геаграфічна-моўная група | усходнія славяне |
Блізкія этнасы | славене[крыніца?] |
Субэтнасы | полацкія крывічы, пскоўскія крывічы, смаленскія крывічы, цвярскія крывічы, пелапанескія крывічы |
Крывічы![]() |
---|
Крывічы́ (сярэднягрэч.: Κριβιτζοί, Κριβιτσηνοί[1]) — усходнеславянскае этнапалітычнае аб’яднанне (саюз плямёнаў).
На думку некаторых даследчыкаў, напрыклад Казіміра Бугі, А. Спіцына, Валянціна Сядова, магчыма, крывічы былі заходняга паходжання, з зямель сучаснай Польшчы або Германіі[2]. Самая вялікая па займанай тэрыторыі ўсходнеславянская супольнасць[3]. На аснове аднаго з аб’яднанняў (правадырстваў) крывічоў у другой палове X ст. сфарміравалася Полацкая дзяржава.
Гісторыкі па-рознаму выводзяць назву «крывічы»: ад імя вярхоўнага правадыра (Крыў/Крыва?), ад слова «крэўныя» (блізкія па крыві, параднёныя), ад «крывізны» мясцовасці (узгорысты рэльеф) і інш.
Крывічы займалі значны абшар Усходняй Еўропы. Яны жылі ў вярхоўях Дняпра, Дзвіны і Волгі. Звесткі пра іх змешчаны ў «Аповесці мінулых гадоў» пры апісанні падзей IX—X стст. Пра крывічоў («крывіцеінаў») пісаў таксама візантыйскі імператар і гісторык X ст. Канстанцін Парфірародны. Летапіс ХІІ ст. называе полацкіх князёў «крывіцкімі» або «крыўскімі».
Падчас славянскай каланізацыі занялі землі паміж Пскоўскім возерам на поўначы і верхнім Сожам, Дзясной і Бярэзінай на поўдні; паміж вярхоўямі Волгі на паўночным усходзе і Віліі на захадзе. На поўдні крывічы межавалі з дрыгавіцкім і радзіміцкім насельніцтвам, на поўначы з наўгародскімі славенамі, на захадзе суседнічалі з балцкімі супольнасцямі. Летапіснае паведамленне знаходзіць пацвярджэнне і ў археалагічным матэрыяле. Даследчыкі не знаходзяць якога-небудзь выразнага этнаграфічнага падзелу паміж землямі, якія засялялі крывічы[4].
Летапіс паведамляе пра скандынаваў на поўначы Усходняй Еўропы (862), згадвае паход Аскольда і Дзіра на крывічоў (865) і захоп Алегам Смаленска (882)[5].
Паводле займаных водных сістэм, вылучаюць крывічоў дзвінскіх, дняпроўскіх, пскоўскіх.
На тэрыторыі рассялення крывічоў-палачан даследчыкі[хто?] вывучаюць паселішчы ў Віцебску, Полацку, Лукомлі. Але найбольш значны матэрыял па гісторыі насельніцтва выяўлены ў курганных могільніках. Дакладна ўстаноўлена, што для полацкіх і смаленскіх крывічоў характэрна археалагічная культура доўгіх курганоў, у якой прысутнічаюць элементы матэрыяльнай культуры ўсходніх балтаў. Смаленскія крывічы вельмі блізкія да полацкіх па мове і культуры, таму ў этнаграфічных адносінах яны часта разглядаюцца як полацка-смаленская група.
Крывічы — адна з асноўных частак старабеларускага этнасу і беларускай народнасці[6].
Этнонім
[правіць | правіць зыходнік]Паводле Макса Фасмера назва магла паходзіць ад імя родапачынальніка плямён — Крыва[7][8], Імя Крыў, як думаюць, можа быць таксама звязана з імем-тытулам балцкага вярхоўнага жраца Крывэ-Крывайтэса[9].
Пра імя крывічоў ёсць легенда, што крывічы завуцца ад сярэдняй дачкі міфічнага славянскага цара Багуміра — Скрэвы[10], і спачатку зваліся скрывічамі. Як на доказ спасылаюцца на дакумент, якім Папа Рымскі ў 834 годзе прызначыў Ансгарыя сваім легатам да ўсіх паўночных народаў, у тым ліку да славен і скрыдэвіндаў. Апошнімі, як думаюць некаторыя аўтары, маглі быць скрывічы. Некаторыя аўтары выказаюць здагадку, што пачатковае «с/з» адпала з прычыны збегу трох зычных, і назва набыла форму «крэвы», «крывы», «крывічы»[11]
Гіпотэзы паходжання
[правіць | правіць зыходнік]Археалагічныя даныя сведчаць, што крывічы як племянны саюз сфармаваліся як вынік паступовай асіміляцыі (славянізацыі) прышлымі славянамі мясцовых балцкіх і заходнефінскіх плямёнаў.
Пра паходжанне славянскіх продкаў крывічоў ёсць два асноўныя пункты гледжання. Першы звязвае іх прарадзіму з Карпатамі, другі — з тэрыторыяй паўночнай Польшчы. Удакладняецца, што спачатку крывічы прыйшлі на Пскоўшчыну ў VI стагоддзі (культура пскоўскіх доўгіх курганоў), рухаліся туды праз Сярэдняе Панямонне[12]. Пазней частка з іх прасунулася на поўдзень і засяліла Смаленшчыну і ўсходнюю Беларусь[13]. Раннюю дату з’яўлення крывічоў у раёне Пскова тлумачаць меншай шчыльнасцю мясцовага насельніцтва ў параўнанні з паўднёвым арэалам іх будучага рассялення.[хто?]
Карпаты
[правіць | правіць зыходнік]На карысць гіпотэзы сведчаць летапісы[14][15], якія паказваюць паходжанне крывічоў, асабліва палачан (разам з драўлянамі і дрыгавічамі) ад аселых на тэрыторыі Беларусі плямёнаў белых харватаў, сербаў і харутан, якія мігравалі ў вярхоўі Дняпра ў VI—VII стагоддзях[16].
Поўнач Польшчы
[правіць | правіць зыходнік]Гіпотэза грунтуецца на працах сучасных лінгвістаў. У прыватнасці, параўнальны аналіз У. М. Тапарова, зроблены па выніках даследаванняў А. А. Залізняком мовы ноўгарадскіх берасцяных грамат і старажытнакрывіцкага дыялекту, праведзенага С. Л. Мікалаевым, паказвае зыходную прыналежнасць дыялекту крывічоў да паўночна-заходняй славянскай дыялектнай групы[17].
Гета-дакі
[правіць | правіць зыходнік]На думку Вацлава Ластоўскага, усходнеславянскія крывічы маглі паходзіць ад вольных дакаў і гетаў [18]. На думку Ластоўскага, пра гэта сведчыць археалогія[18]. Петр Кёпен і Іаахім Лялевель выводзяць назву крывічоў ад дунайскага (фракійскага) народу — кробізаў, або кровічаў і лічаць крывічоў іх нашчадкамі[19]. Восіп Турчыновіч лічыў, што крывічы паходзілі ад фракійцаў кровічаў якія мігравалі пасля ўварвання панонцаў[20]. Як аргумент Турчыновіч выкарыстоўвае мноства падобных тапонімаў з Дакіі і Мезіі на тэрыторыі Беларусі[20].
Ластоўскі выказваў здагадку, што ёсць яшчэ гістарычныя даныя пра перасяленне кровічаў з-над Дуная, захаваныя ў працах гісторыкаў Старажытнага Рыму. У 1 стагоддзі нашай эры, на берагах Дуная існавала Дака-Гецкая дзяржава, якая доўгі час вяла змаганне з Рымскай імперыяй. Цар дакаў Дэцэбал, будучы акружаны рымскім імператарам Траянам ва ўласнай сталіцы, добраахвотна спаліў сябе на пагорку, каб не трапіць у рукі ворага.
![]() |
«Дакія паняволена, Дакія абернута ў Рымскую правінцыю, аднак ня зысціліся надзеі рымлянаў! Яны пабачылі відовішча, якому ня было падобнага: Дака-Гэты, народ ратайскі, які жыў у вёсках і гарадох, ня жадаючы паддаваца рымскаму паняволяннню, спрамогся на нязвычайны чын, векапомны прыклад любові да незалежнасьці народнай: кінуў вельмі старую зямлю бацькоў сваіх, і рушыў на другі бераг Дунаю»[21] | ![]() |
Далей рымскія пісьменнікі адрозніваюць дзве Дакіі:
- Старую (Рымскую) Дакію, ці Траянаву, якая асталася пустой, бязлюднай, куды прыйшлося засяляць рымлянам перасяленцаў са ўсіх канцоў сваёй дзяржавы.
- Новую (Вольную) Дакію, калі дакі перасяляліся да Днястра і Бугу, а затым павярнулі далей на ўсход — да Дняпра і Дзвіны. З географаў Марына , Пталемэя і, асабліва, з рымскага падарожніка «Пэнтынгерскіх табліц 210 года», на думку Ластоўскага, вынікае, што ў Падняпроўі, ад сутокаў Іпуці з Дняпром, уніз, да сутокаў Уці з Сожам (цяпер тэрыторыя Магілёўскай вобласці), жыў народ дака-гета-пар’яны[18].
На тэрыторыі Беларусі знойдзены тэтрадрахмы тыпу Huşi-Vovrieşti, асноўная прыкмета міграцый гетаў[22]. Да пэўнага часу самыя паўночныя знаходкі такіх манет былі зафіксаваны ў вярхоўях Заходняга Буга і Стыра (правага прытока Прыпяці)[23] але знойдзеныя на тэрыторыі Беларусі манеты[24] значна пашыраюць арэал іх распаўсюджання і дазваляюць выказаць меркаванне, што невялікая частка гецкага насельніцтва праз басейн Прыпяці магла дасягнуць Верхняга Падняпроўя. Варта адзначыць, што геты, якія ратаваліся ад скіфаў, сыходзілі, на думку Лявінскага[18], у слабазаселеныя рэгіёны. Археолаг Віталь Сідаровіч лічыць, што імаверна, такім рэгіёнам міграцый гетаў магла быць і тая частка Беларускага Падняпроўя[22].
Ластоўскі лічыў, што літоўскай назвай «gudai» захавалася да нашых дзён старая назва гетаў, якія выйші з-над Дунаю і аселі паміж Дзвіною і Прыпяццю, Дняпром і Нёманам у першыя стагоддзі нашай эры[25]. Таксама, паводле Ластоўскага, гетунамі, гецікамі, рускія называлі беларусаў у Расійскай імперыі[18]. Таксама Ластоўскі звязваў Гаўраў з Дзядоў з гетамі[18]. На думку Ластоўскака, гіпотэза паходжання крывічоў ад кровічаў зусім не тлумачыць іх этноніма[25].
Люцічы і неўры
[правіць | правіць зыходнік]Чэшскі гісторык Павел Ёзеф Шафарык лічыў продкамі крывічоў люцічаў і неўраў[26].
Антрапалогія
[правіць | правіць зыходнік]У зоне рассялення вяцічоў, крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў і севяран, знаходкі чарэпаў з аслабленым вуглом выступу носа звязваюць з тэндэнцыяй да мезакефаліі, меншым памерам падоўжнага і папярочнага дыяметра чэрапа, вузейшым тварам. У полацкіх крывічоў[27] таксама вылучаецца даліхацэфальны, з шырока выступаючым носам комплекс, падобная камбінацыя антрапалагічных прыкмет характарызуе некаторыя балтыйскія групы — латгалаў, земгалаў, жамойтаў[28][29]. Віктар Бунак прыйшоў да высновы пра падабенства даліхацэфальных крывічоў з алеманамі, як прадстаўнікамі паўночнага тыпу, і ўсходніх крывічоў — з сублапаноідным насельніцтвам[29].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]- Славяне
- Вялікае перасяленне народаў
- Славянская каланізацыя Беларусі
- Крывіцкая канцэпцыя
- Правадырства ў крывічоў
- Крывы горад
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Этимологический словарь Фасмера : Результат запроса . starlingdb.org. Праверана 20 снежня 2024.
- ↑ Ермаловіч, С. 29.
- ↑ Ермаловіч, С. 28.
- ↑ Мяцельскі, А. Землі Беларусі і Смаленскае княства (IX—XIII стст.) / Андрэй Мяцельскі // Беларускі гістарычны часопіс. — 1997. — № 2. — С. 17.
- ↑ і Смаленскае княства… — С. 18.
- ↑ Грынблат, С.134.
- ↑ Первальф О. О., AfslPh 7, 594.
- ↑ Этимологический словарь Фасмера : Результат запроса . starlingdb.org. Праверана 3 студзеня 2025.
- ↑ Крив (руск.) . Онлайн энциклопедия Мифы народов мира. Праверана 3 студзеня 2025.
- ↑ Кривичи — кто они?(нявызн.). slavtradition.com (4 лютага 2022). Праверана 3 студзеня 2025.
- ↑ Хронология древнейших летописных событий Северного Кавказа. Времена Богумира. Приход из семиречья родов Ория. | Алатырь . alatyr.via-midgard.com. Праверана 3 студзеня 2025.
- ↑ Валентин Седов. Древнерусская народность. Историко-археологическое исследование . web.archive.org (27 мая 2012). Праверана 25 снежня 2024.
- ↑ Валентин Седов. Древнерусская народность. Историко-археологическое исследование . web.archive.org (27 мая 2012). Праверана 25 снежня 2024.
- ↑ ЛѢТОПИСЬ ПО ЛАВРЕНТЬЕВСКОМУ СПИСКУ . web.archive.org (28 жніўня 2010). Праверана 25 снежня 2024.
- ↑ С.М. Соловьев. История России с древнейших времен. . web.archive.org (21 снежня 2009). Праверана 25 снежня 2024.
- ↑ Белорусы // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона : в 86 т. (82 т. и 4 доп.). — СПб., 1890—1907
- ↑ Археология России || Библиотека . web.archive.org (19 кастрычніка 2013). Праверана 25 снежня 2024.
- ↑ а б в г д е Вацлаў Ластоўскі. Аб найменьнях - 'Гуды', - 'Крывічы', - 'Русь' // Спадчына № 1 - 1991. С. 85-91. . pawet.net. Праверана 23 студзеня 2025.
- ↑ Уладзімір Арлоў. Таямніцы Полацкай гісторыі.
- ↑ а б Турчыновіч. Обозрение истории Белоруссии с древнейших времен (1857)..
- ↑ Турчыновіч. Обзор Исторіи Белоруссіи, СПБ. 1857.
- ↑ а б Віталь Сідаровіч Рымскія манеты – першыя грошы на Беларусі // Банкаўскі веснік, ЛЮТЫ 2020.
- ↑ Левинский, А. Н. История гетов в лесостепи Юго-Восточной Европы (конец VI — вторая половина IV вв. до н. э.) / А. Н. Левинский // Stratum plus: Археология и культурная антропология. — Кишинев, 2010. — № 3. — С. 15-127.
- ↑ Sidarovich, V. Barbarian Imitations of Ancient Coins in the Territory of Belarus
- ↑ а б Вацлаў Ластоўскі. Аб найменьнях - 'Гуды', - 'Крывічы', - 'Русь' // Спадчына № 1 - 1991. С. 85-91. . pawet.net. Праверана 23 студзеня 2025.
- ↑ П. Й. Шафарик. «Славянские древности».
- ↑ Г.Ф. Дебец, Палеоантропология СССР.
- ↑ Senojo gelezies periodo Lietuvos gyventoju kaukoliu studija, «Acta Medicinae Facultatis Vylakti Magni Universitatis», vol. IV, lasc. 1—3, Kaunas, 1937; М. В. Битов, К. Ю. Марк, Н. Н. Чебоксаров, Этни ческая антропология восточной Прибалтики, «Труды Прибалтийской объединенной комплексной экспедиции», т. 2, М., 1959.
- ↑ а б Алексеева. ЭТНОГЕНЕЗ ВОСТОЧНЫХ СЛАВЯН ПО ДАННЫМ АНТРОПОЛОГИИ.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гринблат М. Я. Белорусы. Очерки происхождения и этнической истории (руск.). — Мн.: Наука и техника, 1968. — 288 с.
- Штыхаў Г. В. Крывічы: Па матэрыялах раскопак курганоў у Паўночнай Беларусі. — Мінск: Навука і тэхніка, 1992. — 191 с.
- Ермаловіч М. І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1990. — 366 с. ISBN 5-340-00614-X