Вормскі эдыкт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рэфармацыя

Вормскі эдыкт (ням.: Wormser Edikt) — указ, выдадзены імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі Карлам V 25 мая 1521 года ў канцы працы Вормскага рэйхстага 1521 года, які абвясціў Марціна Лютэра ерэтыком і злачынцам і забараніў выданне і распаўсюджванне яго прац. Акрамя таго Вормскім эдыктам усталёўвалася, што прадстаўленне Лютэру прытулку ці іншай дапамогі таксама расцэньваецца як злачынства супраць законаў імперыі.

Лютэр выступае на Вормскім рэйхстагу

Вормскі эдыкт быў выдадзены пад націскам папскага нунцыя Джыралама Алеандэра, які патрабаваў рашучага выкаранення лютэранства ў Германіі і нягледзячы на ўмераную пазіцыю, занятую большасцю членаў рэйхстага. Марцін Лютэр, адлучаны ад каталіцкай царквы ў канцы 1520 года, быў запрошаны на рэйхстаг у Вормс і выступіў перад імперскімі саслоўямі з выкладаннем свайго вучэння. Імператар Карл V, аднак, адмовіўся паступіцца прыхільнасцю старой царквы і па сканчэнні рэйхстага ўключыў у тэкст свайго эдыкта, у якім зацвярджаліся рашэнні, прынятыя саслоўямі, пастанову аб абвяшчэнні Лютэра злачынцам і забароне распаўсюджвання і чытання яго кніг. Марцін Лютэр быў вымушаны некалькі гадоў хавацца ў Вартбургскім замку пад заступніцтвам саксонскага курфюрста Фрыдрыха III, дзе ён і пачаў пераклад Новага Запавету на нямецкую мову.

Суровыя меры, прадпісаныя Вормскім эдыктам у дачыненні да лютэранаў, на практыцы не былі рэалізаваныя. Імператар быў зацікаўлены ў захаванні адзінства імперыі і атрыманні падтрымкі імперскіх саслоўяў, у тым ліку і сымпатызуючых лютэранству, для вядзення войнаў супраць Францыі і туркамі. Шпаерскі рэйхстаг 1526 года фактычна прыпыніў дзеянне Вормскага эдыкта, аднак у 1529 годзе яно было адноўлена. Канчаткова Вормскі эдыкт страціў сілу ў 1555 годзе са складаннем Аўгсбургскага перамір'я.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]