Рэфармацыя ў Англіі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рэфармацыя

Англія — краіна, вядомая сваімі рэфарматарскімі тэндэнцыямі. Яшчэ ў XIV стагоддзі Біблія была перакладзена на англійскую мову Джонам Уікліфам, а яго паслядоўнікі — лоларды — скрытна працягвалі існаваць на востраве і весці сваю пропаведзь. У 1525 годзе Уільям Тындэйл надрукаваў свой пераклад Новага Запавету, што дазволіла ўсім жадаючым азнаёміцца з тэкстам Бібліі[1]. Аднак вырашальную ролю ў Рэфармацыі ў Англіі наканавана было адыграць іншаму чалавеку. Рэфармацыю ў Англіі можна ў поўным сэнсе назваць «Рэфармацыяй зверху», з прычыны таго, што на чале яе стаў англійскі кароль Генрых VIII.

Англіканская Рэфармацыя[правіць | правіць зыходнік]

Рэфармацыя ў Англіі пры Генрыху VIII[правіць | правіць зыходнік]

Генрых VIII

Генрых быў праціўнікам Рэфармацыі, нават напісаў кнігу супраць Лютэра «У абарону сямі таінстваў» (1521), у аснове якой былі не аргументы, а лаянка ў адрас вітэнбергскага рэфарматара. Аднак за гэту працу кароль атрымаў ад Папы тытул «абаронца веры». Тым не менш, акалічнасці вымусілі Генрыха змяніць сваю пазіцыю.

Генрых быў жанаты на Катарыне Арагонскай, і адзіным дзіцем у гэтым шлюбе была дзяўчынка, якая потым стане каралевай Марыяй Цюдар. Зразумеўшы, што іншых дзяцей не будзе (а Генрых жадаў мець сына-спадчынніка), кароль вырашыў дамагацца разводу. Аднак Папа Рымскі Клімент VII, які знаходзіўся пад уплывам пляменніка Катарыны імператара Карла V, на гэта не згаджаўся[2].

Томас Кранмер

Тады Генрых, які карыстаўся абсалютнай уладай у краіне, абвінаваціў англійскае духавенства ў непадпарадкаванні статуту, які забараняў прызнаваць любую прызначаную асобу Папы Рымскага без зацвярджэння каралём. Таксама Генрых прымусіў духавенства прызнаць сябе главой Царквы Англіі. У дадатак на англійскі клір быў накладзены штраф у 118 тысяч фунтаў[3]. У 1532 годзе Архібіскупам Кентэрберыйскім быў выбраны Томас Кранмер, стаўленік Генрыха, відавочны прыхільнік пратэстанцтва. Кранмер у царкоўным судзе скасаваў шлюб Генрыха і кароль уступіў у другі шлюб. У 1534 годзе парламент прыняў «Акт аб супрэматыі», які абвяшчаў, што кароль з'яўляецца «вярхоўным главой Англійскай Царквы». Больш Папа ў Англіі не карыстаўся ніякай уладай. Калі Джон Фішэр і Томас Мор адмовіліся прызнаць гэтыя рашэнні, яны былі пакараны смерцю.

Наступным этапам было зачыненне кляштароў і канфіскацыя царкоўных земляў. Было зачынена агулам 376 манастыроў, а іх землі Генрых ці пакінуў сабе, або раздаў ці прадаў «новаму дваранству», якое падтрымлівала караля; на секвеставаных землях былі праведзены агароджванні. Аднак дагматычна Англійская Царква заставалася блізкай да Каталіцкай. Але Біблія цяпер стала даступная ў Англіі на роднай мове.[4]

Рэфармацыя ў Англіі пры наступных кіраўніках[правіць | правіць зыходнік]

Пасля смерці Генрыха на трон узышоў яго сын Эдуард VI, якому было толькі дзевяць гадоў. Рэгентам пры ім стаў герцаг Сомерсет, які меў відавочную схільнасць да пратэстанцтва. У 1547 годзе пачалося прычашчэнне вернікаў «пад абодвума відамі». У 1549 годзе святарам дазволілі браць шлюб. У 1549 годзе была ўведзена Кніга агульных малітваў, якая змяшчала тэксты выключна на англійскай мове. Гэта кніга з невялікімі зменамі выкарыстоўваецца ў Царкве Англіі дагэтуль. У набажэнстве асаблівая ўвага надавалася чытанню Бібліі.

Крамер таксама ўдзельнічаў у стварэнні веравызнальнага тэксту, выкарыстоўваючы саветы такіх багасловаў як Джон Нок. У выніку атрымаліся «42 артыкулы», якія сталі з 1553 года з каралеўскай згоды афіцыйным дакументам у Царкве Англіі. Артыкулы былі кальвінісцкімі ў поглядах на прадвызначэнне і прычасце. Пасля зацвярджэння гэтага акту Эдуард VI памёр.[5]

Спаленне Лацімера і Рыдлі

На трон узышла яго старэйшая сястра Марыя, дачка Катарыны Арагонскай. Гэты перыяд вядомы спробамі аднавіць каталіцтва ў Англіі. Тым часам больш за 800 прадстаўнікоў англійскага духавенства былі вымушаны бегчы, а 300 чалавек былі пакараны смерцю, у тым ліку архібіскуп Томас Кранмер і Х'ю Лацімер. Падчас пакарання смерцю апошні сказаў свайму таварышу па няшчасці: «Майце веру, містар Рыдлі, сёння мы запальваем касцёр, які асвятліць увесь свет»[6].

Аднак кіраванне Марыі было нядоўгім. Пасля яе смерці каралевай стала Елізавета I, якой для пацверджання свайго статусу было неабходна прызнанне рэфармацыйных змен свайго бацькі. Елізавета некалькі змяніла свой тытул на «адзінага вярхоўнага кіраўніка», што меркавала, што хоць яна з'яўляецца адміністрацыйным главой Царквы, аднак рашэнне дагматычных пытанняў знаходзіцца ў распараджэнні кліра. Былі перагледжаны «42 артыкулы», з якіх былі выключаны тры. Засталося «39 артыкулаў». Ад усіх пастараў запатрабавалі падпісацца пад гэтым дакументам. З 1571 года і дагэтуль 39 артыкулаў выкарыстоўваюцца ў Царкве Англіі[7]. Спробы каталіцкіх змоў супраць каралевы суправаджаліся масавымі пакараннямі смерцю іх удзельнікаў, а перамога ў вайне з Іспаніяй была адначасова і канчатковай перамогай пратэстанцтва ў Англіі.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Норт Джеймс, «История Церкви», Москва, Протестант, 1993, стр. 258
  2. Норт Джеймс, «История Церкви», Москва, Протестант, 1993, стр. 260
  3. Кернс Эрл, «Дорогами Христианства», Москва, Протестант, 1992, стр. 273
  4. Норт Джеймс, «История Церкви», Москва, Протестант, 1993, стр. 262
  5. Нот Джеймс, «История Церкви», Москва, Протестант, 1993, стр. 264
  6. Норт Джеймс, «История Церкви», Москва, Протестант, 1993, стр. 265
  7. Кернс Эрл, «Дорогами Христианства», Москва, Протестант, 1992, стр