Вікіпедыя:Прэс-рэлізы/Да 10-годдзя Беларускай Вікіпедыі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
10 гадоў Беларускай Вікіпедыі
10 гадоў Беларускай Вікіпедыі

Беларуская Вікіпедыя пачынае свой адлік ад 27 сакавіка 2007 года — дня, калі па рашэнні Фонду Вікімедыя, быў здзейснены перанос старога пярэстага змесціва, якое множылася яшчэ з 2004 года, на адрас be-x-old.wikipedia.org, а на вызвалены дамен be.wikipedia.org з Вікі-інкубатара было перанесена больш за 3565 артыкулаў акадэмічным правапісам, якія і паклалі пачатак сучаснай Беларускай Вікіпедыі. Доўгі час акадэмічны раздзел заставаўся ў ценю свайго старэйшага брата — раздзела альтэрнатыўным правапісам. Суіснаванне двух беларускіх раздзелаў Вікіпедыі спараджала не толькі бясконцыя канфлікты паміж прыхільнікамі розных правапісаў, але таксама спрыяла «спартыўнаму спаборніцтву» за права быць першымі. З'яўляліся новыя рэдактары, якія аддана напаўнялі і паляпшалі Беларускую Вікіпедыю: у 2008 годзе быў напісаны 10-тысячны артыкул, у 201020-тысячны артыкул. У 2011 годзе пачаў працу праект Добрыя артыкулы. Нарэшце, ва ўпартай барацьбе, 22 жніўня 2012 года Беларуская Вікіпедыя пераўзышла па колькасці артыкулаў раздзел Вікіпедыі альтэрнатыўным правапісам, а праз месяц перасягнула мяжу ў 50 тысяч артыкулаў. У 2013 годзе мы пачалі таксама выбіраць Выдатныя артыкулы і спісы. 28 жніўня 2015 створаны 100-тысячны артыкул — да гэтай лічбы Беларускую Вікіпедыю падвяла заліўка населеных пуктаў Беларусі — цяпер пра кожнае беларускае паселішча ёсць асобная старонка ў нашым радзеле. Нягледзячы на ўсю карысць, якую прынесла гэтая заліўка, адна справа мець старонку, а іншая — паўнавартасны артыкул — над гэтым мы працуем дагэтуль! У 2016 годзе Беларуская Вікіпедыя стала ўдвая большай за Беларускую Вікіпэдыю. Сёння ж мы адзначаем сваё дзесяцігоддзе з больш як 141 тысячай артыкулаў самай рознай тэматыкі!

Аднак беларуская мова перажывае не лепшыя часы, рэзка скарачаюцца сферы яе ўжытку, знікаюць беларускамоўныя школы і класы, адсутнічаюць нацыянальныя ўніверсітэты, дзе б выкладанне вялося на роднай мове, не перакладаюцца на яе і сусветна вядомыя літаратурныя творы, не агучваюцца па-беларуску фільмы і відэагульні … У такіх умовах і Беларуская Вікіпедыя не можа спадзявацца на росквіт — тыя, хто патэнцыйна маглі б быць карыстальнікамі або нават рэдактарамі беларускага раздзела, аддаюць сваю ўвагу і сілы іншым моўным раздзелам. Рост цікавасці да беларушчыны, які адзначаецца ў беларускім грамадстве ў апошнія гады, безумоўна, усяляе надзею, але гэтая цікавасць мае быць падтрымана дзяржавай. Многія дзяржавы, якія шануюць культуру сваёй краіны і ўсведамляюць значэнне Вікіпедыі ў сучасным свеце, адкрыта падтрымліваюць і фінансуюць раздзелы на сваіх нацыянальных мовах, дзейнасць жа Беларускай Вікіпедыі, на вялікі жаль, па-ранейшаму застаецца незаўважанай у кіруючых колах. Адсутнасць падтрымкі не дазваляе прыцягнуць новых рэдактараў у сам раздзел, а таксама актыўна пашыраць інфармацыю пра Беларусь і беларусаў на іншых мовах, прыцягнуўшы ўвагу да беларушчыны замежных вікірэдактараў — звычайна гэтаму спрыяюць конкурсы, экспедыцыі па краіне, семінары ды канферэнцыі, на якія ў невялікай беларускай вікісупольнасці бракуе рэсурсаў. Састарэлае заканадаўства Рэспублікі Беларусь у галіне аўтарскага права не дазваляе выкарыстоўваць ў артыкулах Вікіпедыі фатаздымкі не толькі найноўшых архітэктурных твораў кшталту Нацыянальнай бібліятэкі, але і большасці паваенных пабудоў. І гэта толькі невялікая частка праблем, з якімі сутыкаюцца рэдактары, якія працуюць выключана на ўласным энтузіязме і любові да беларускай мовы.

«Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!»Францішак Багушэвіч ў прадмове да «Дудкі беларускай».