Вінцэнт Козел-Паклеўскі
Вінцэнт Козел-Паклеўскі | |
---|---|
Дата нараджэння | 1837 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 28 мая 1863 |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Бацька | Ян Козел-Паклеўскі[d] |
Маці | Юзэфа Толенсдорф[d] |
Грамадзянства | |
Прыналежнасць | Расійская імперыя |
Род войскаў | ваенны інжынер |
Званне | штабс-капітан |
Бітвы/войны | Паўстанне 1863—1864 гадоў |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Вінцэнт (Вікенці) Козел-Паклеўскі (1837, маёнтак Сэрвач Вялікі, Вілейскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя, цяпер Вілейскі раён, Мінская вобласць — 28 мая 1863, вёска Уладыкі, цяпер Вілейскі раён) — удзельнік паўстання 1863—1864 гадоў і яго кіраўнік на Вялейшчыне і Маладзечаншчыне.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Як і старэйшы брат Ян, выхоўваўся дома, у 1852 годзе яны разам паступілі ў школу гвардзейскіх падпрапаршчыкаў у Пецярбург. Пасля яе заканчэння ў 1856 годзе, разам з братам застаўся вучыцца ў Пецярбургу на ваеннага інжынера. Падчас вучобы належаў да афіцэрскай рэвалюцыйнай арганізацыі, якой кіравалі Яраслаў Дамброўскі і Зігмунт Серакоўскі. У 1858 годзе скончыў Акадэмію і накіраваны на службу ў Вільню. Праз год пераведзены ў фінскі Свеаборг, дзе і служыў ваенным інжынерам да канца 1860 года. У 1860 годзе пакінуў службу ў званні штабс-капітана. На пачатку 1861 года па даручэнні кіраўніка віленскіх «чырвонымі» Людовіка Звяждоўскага едзе ў Познань, каб наладзіць сувязь з тамашнімі патрыётамі. У сакавіку 1861 года Вінцэнт вярнуўся на радзіму, стварыў рэвалюцыйную арганізацыю ў Вілейскім павеце[1].
Паўстанне
[правіць | правіць зыходнік]Вінцэнт, як і Кастусь Каліноўскі, належаў да шэрагу найбольш паслядоўных рэвалюцыянераў, якіх адрозна ад лібералаў («белых») звалі «чырвонымі». Гэты кірунак вызваленчага руху прадугледжваў дэмакратычную рэспубліку, перадачу зямлі сялянам, самавызначэнне народаў былой Рэчы Паспалітай. «Белыя» ж бачылі галоўнай мэтай паўстання толькі аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года.
У студзені 1863 года Вінцэнт прызначаны ваенным кіраўніком роднага Вілейскага павета, шырока прапагандаваў сярод насельніцтва праграмныя дакументы паўстання. Паводле ўспамінаў удзельніка тых падзей на Меншчыне В. Кошчыца, паўстанцкая арганізацыя ў Вілейскім павеце дзякуючы Козелу стаяла на самым высокім узроўні, прынамсі праца тут была наладжана лепш, чым у большасці паветаў Мінскай губерні[1]. На пачатку мая 1863 года згуртаваў і ўзначаліў паўстанцкі атрад, у якім налічвалася 200—250 чалавек, які дзейнічаў на тэрыторыі Маладзечаншчыны і Вялейшчыны. Жыхары Вялейшчыны і Маладзечаншчыны падтрымалі Козела-Паклеўскага і бралі актыўны ўдзел у паўстанні, аднак сілы былі не роўныя. Расійскія ўлады на чале з Мураўёвым жорста выпростваліся з паўстанцамі і прыкладна ў маі 1863 года паўстанне было амаль задушана на ўсёй тэрыторыі Беларусі, толькі на Гарадзеншчыне і Заходняй Меншчыне працягвалася барацьба. Вінцэнт Козел-Паклеўскі працягваў змагацца, 4 мая 1863 года атрад Юліяна Бакшанскага трапіў у засаду да рускіх каля вёсак Свечкі і Плябань (цяпер Маладзечанскі раён) падчас бою загінуў амаль увесь атрад, у тым ліку кіраўнік атраду Юльян Бакшанскі, а таксама Рафал Малішэўскі, Людовік Ямант, Леапольд Банькоўскі і 15-гадовы Ігнацы Сулістроўскі. Карнікі праследавалі атрад Козела-Паклеўскага і 28 мая 1863 года адбыўся бой паўстанцаў з расійскімі войскамі каля вёскі Уладыкі. У баі з пераважнымі сіламі ворага Вінцэнт Козел-Паклеўскі загінуў, разам з ім палегла большая частка атрада[1]. Паўстанцкая публіцыстыка ставіла Вінцэнта Козела ў адзін шэраг з кіраўніком лідскіх паўстанцаў Людовікам Нарбутам і называла яго «Літоўскім Леанідам» (па аналогіі са спартанскім царом Леанідам, героем Фермапіл)[1].
Пахаванне
[правіць | правіць зыходнік]Вінцэнт Козел-Паклеўскі пахаваны ў брацкай магіле каля вёскі Уладыкі, разам з іншымі загінуўшымі ў тым баі паўстанцамі[1]. Але ёсць звесткі, што яго бацька Ян Напалеон Козел-Паклеўскі, уладальнік Сэрвачы, употай перапахаваў цела Вінцэнта і яго малодшага брата Міхала, таксама загінуўлага пад Уладыкамі, у родным Сэрвачы пад касцёлам, каб не знайшлі расійскія ўлады. Касцёл на пачатку 1950-х гадоў разабралі і перавезлі ў Давыдкі, прыстасавалі пад клуб[2]. Цяпер на месцы колішняга касцёла ў Сэрвачы знаходзіцца невялікі пагорак, а на ім металічны крыж[3]. Гэта і ёсць месца пахавання камандзіра вялейскіх паўстанцаў[1]. Ён загінуў, але да гэтага часу актуальныя яго апошнія словы:
Не мы, дык нашыя косці здабудуць вольнасць.[1] |
Максім Танк у «Лістках календара» згадвае, што пад канец 1930 года на месцы пахавання паўстанцаў каля Уладык стаяў крыж[4]. У гонар загінуўшых каля Уладык паўстанцаў у 1930 годзе ў Іллі на сродкі пана М. Багдановіча паставілі помнік.
Магіла паўстанцаў захавалася да нашых дзён, скаўты з Маладзечна паставілі там крыж. Члены СПА «Волат» калі знаходзяцца ў вандроўцы ў тых мясцінах, заўсёды збочваюць з маршрута да магілы і ўшаноўваюць памяць герояў хвілінай маўчання[3][5].
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё Зміцер Хацейчык. Вялікая Сэрвач — «раскіданае гняздо» Козел-Паклеўскіх Архівавана 14 лістапада 2013..
- ↑ Суботнік у капліцы-пахавальні Козел-Паклеўскіх Архівавана 5 сакавіка 2016..
- ↑ а б Па Вялейшчыне 1863 года. Выцечка турыстычная Архівавана 2 студзеня 2013..
- ↑ Драўніцкі Я. Крывавы 1863 год// Нашы карані. Ілюстраваны часопіс краязнаўцаў Паазер’я. Паставы: Сумежжа. — № 5, студзень-сакавік 2003 г. — С.21.
- ↑ Браты Козел-Паклеўскія Архівавана 16 красавіка 2016..