Гравантры

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гравантры
A'aninin, Haaninin
Гравантр. Фота 1909 г.
Агульная колькасць 3682 (2000 г.)
Рэгіёны пражывання Канада
Мова гравантр
Рэлігія анімізм, каталіцызм
Блізкія этнічныя групы арапаха

Грава́нтры (саманазвы: A'aninin, Haaninin літаральна «людзі белай гліны»; фр.: Gros Ventres, літаральна «вялікія жываты») — алганкінскі народ, карэнныя жыхары Канады і ЗША. Агульная колькасць (2000 г.) — 3 682 чал.

У мінулым гравантры складалі частку арапаха і жылі на захадзе ад Вялікіх азёр. У пачатку XVIII ст. адзіная група арапаха-гравантраў распалася пад ціскам лепей узброеных аджыбвэ. Большасць гравантраў мігрыравала на раку Саскачэван, меншая група — на раку Місуры. Кантакты з еўрапейцамі пачаліся толькі з 1754 г.

Эпідэмія воспы ў 1780 г. вымусіла саскачэванскіх гравантраў перасяліцца на поўдзень, дзе яны некаторы час уваходзілі ў склад канфедэрацыі чарнаногіх. У 18611867 гг. яны вялі з чарнаногімі вайну, але ў выніку пацярпелі паразу. Гравантры Місуры далучыліся да паўночных арапаха, але пасля іх разгрому ў 1864 г. перайшлі да сваякоў або канчаткова асіміляваліся сярод арапаха.

У 1888 г. урад ЗША стварыў першую рэзервацыю для гравантраў на тэрыторыі штата Мантана. У нашы дні жывуць пераважна на поўначы ЗША і поўдні цэнтральнай Канады.

На працягу XVIII — XIX стст. гравантры перажылі значныя змены ў гаспадарчым і сацыяльным жыцці. Да міграцыі з рэгіёна Вялікіх азёр яны займаліся пераважна пешым паляваннем і земляробствам. У сярэдзіне XVIII ст. гравантры пачалі трымаць коней і перайшлі да качавога ладу жыцця. Традыцыйна гэты народ падзяляўся на 12 аўтаномных аб’яднанняў на чале з правадырамі. Пераважалі нуклеарныя сем’і, якімі кіравалі мужчыны. Спадчына перадавалася па мужчынскай лініі.

Старажытная рэлігія гравантраў была заснавана на веры ў шматлікіх духаў. Важным рэлігійным рытуалам быў танец сонца. У нашы дні большасць вернікаў спавядае каталіцызм.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]