Гутарка пана з хлопам
Гутарка пана з хлопам | |
---|---|
Мова арыгінала | беларуская |
«Гутарка пана з хлопам» — ананімны вершаваны твор беларускай літаратуры XIX стагоддзя. Пабудаваны ў форме дыялога «яснага пана» з селянінам Сцяпанам. Мае выразны антыпрыгонніцкі змест. Пан выступае тыранам, які патрабуе ад паміраючага «хлопа» даслаць на працу («сушыць», «грабіць») жонку Дароту. Маўленне прыгнятальніка насычана паланізмамі («не прыходзе до мне на работу», «пянёндзы»), што адлюстроўвае яго сацыяльную і нацыянальную варожасць у дачыненні да беларускага мужыка. Адказ селяніна споўнены пратэсту і перасцярогі:
«Ужо панскі хлеб дакучыў,
Як пан нас добра мучыў». |
Пра сацыяльную згоду, якую прапагандавалі лібералы, у т.л. У. Сыракомля («Добрыя весці») і В. Дунін-Марцінкевіч («Ідылія»), у беларускай гутарцы не згадваецца. Наадварот, галоўны герой гучна заяўляе пра мінулыя крыўды («Добра паны гандлявалі — // Слугі на сабак мянялі»), У словах селяніна моцнае патрабаванне справядлівай помсты. Гэтым гутарка набліжаецца да другой часткі «Дзядоў» А. Міцкевіча, у якой сяляне таксама катавалі жорсткага прыгонніка. Вырашэнне канфлікту паміж панам і «хлопам», выключна негатыўны вобраз землеўласніка дазваляюць меркаваць, што гутарка была створана напярэдадні паўстання 1863—1864 гадоў.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- В. І. Еўмянькоў. «Гутарка пана з хлопам» // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2012. — Т. 3. — 688 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0662-8.