Дыскападобны акунь (Enneacanthus chaetodon) — від прэснаводных рыб сямейства Centrarchidae. Жывуць у Злучаных Штатах ад Нью-Джэрсі да цэнтральнай Фларыды[1]. Адметная відавая рыса — чорныя вертыкальныя палоскі па абодвух баках цела.
Невялікая рыба: максімальная даўжыня цела — 10 см, сярэдняя — каля 6 сантыметраў. Сярэдняя працягласць жыцця 3-4 гады. Вельмі сціснутае цела з невялікім ротам, з вялікай ніжняй сківіцай, высунутай уверх[3]. Шчылепнае вечка мае чорную пляму, а спінны (верхні), анальны (задні/ніжні) і хваставы плаўнікі чорна-пярэстыя. Спінны плаўнік стаіць вертыкальна з 10 шыпамі, а хваставы плаўнік крыху закруглены. Афарбоўка цела ў асноўным бліскуча-серабрыстая з жоўтымі плямамі[4]. Таксама маюцца шэсць чорных вертыкальных ліній з кожнага боку, пачынаючы з першай лініі, якая праходзіць праз вока, і яшчэ пяць вертыкальных ліній да хваставога плаўніка[5].
Палавы дымарфізм. Як правіла, самцы больш цяжкія і маляўнічыя, чым самкі[3]. Самцы таксама буйнейшыя з даўжэйшымі плаўнікамі, у той час як самкі становяцца больш пухлымі, калі паспявае ікра[5].
Сустракаецца ў Злучаных Штатах ад Нью-Джэрсі да цэнтральнай Фларыды. Ёсць таксама паведамленні, што гэтыя рыбы знаходзяцца ў даліне Дэлавэр, але ва ўловах з гэтай тэрыторыі не трапляўся[3]. Жыве толькі ў неглыбокіх, некаламутных водах азёр, сажалак, рэк і ручаёў з нізкай хуткасцю. Яны цесна звязаны з воднымі раслінамі, бо гэта забяспечвае ім асяроддзе пражывання для пошуку ежы і ўкрыцця. Папуляцыя рыбы пацярпела за апошнія некалькі гадоў з-за дрэннага стану вады і забруджвання[6].
Гадуецца як акварыумная рыба ў акварыумах з грунтам з дробнага пяску, укрыццямі з раслін і камення[7].
Від знаходзіцца ў крытычнай небяспецы і ўразлівы на большай частцы свайго арэалу ўздоўж Атлантыкі. Некаторыя з прычын яго заняпаду — высыханне сажалак і балот, а таксама забруджванне вады пестыцыдамі. Акрамя таго, выманне прадстаўнікоў віду ў акварыумы ўяўляе пагрозу для іх папуляцыі ў Вірджыніі[4].
Прадстаўнікі віду мясаедныя жывёлы[3]. Пераважная крыніца ежы — лічынкі мошак. Таксама дыскападобныя акуні спажываюць шырокі спектр зоапланктону, водных насякомых і ракападобных[4].
Мірная, прыязная рыба, якая любіць гуртавацца з іншымі прадстаўнікамі свайго віду. Агрэсіўныя і тэрытарыяльныя падчас нерасту[5].
Самец віду будуе гняздо, звычайна сярод раслін. Самкі адкладаюць ікру ў гняздо, а потым самцы іх адганяюць. Як і іншыя прадстаўнікі роду, самцы ахоўваюць ікру да вылуплення, а часам, магчыма, на працягу тыдня пасля, пакуль маляўкі не пачнуць свабодна плаваць[6].