Заходне-Балгарскае царства
Заходне-Балгарскае царства (970—1018) — традыцыйнае найменне Першага Балгарскага царства ў перыяд, калі паўночны ўсход быў ужо захоплены Візантыяй да канчатковага яго падзення ў 1018. У македонскай гістарыяграфіі дзяржава згадваецца як Царства Самуіла (макед.: Самоилово царство), чым падкрэсліваецца не-балгарскі (македонскі) статус дзяржаўнасці, што выклікае ажыўленую дыскусію.
Перадгісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У 968 паўночна-ўсходняя частка Балгарыі была занята войскамі Кіеўскай Русі на чале з князем Святаславам Ігаравічам. Неўзабаве, у 970 на Балгарыю напала і Візантыя. Князь Святаслаў заключыў саюз з балгарскім царом Барысам II, але быў разбіты візантыйцамі. Пасля гэтага рэшткі яго войска адступілі ў Кіеў, а візантыйскія войскі на чале з імператарам Іаанам Цымісхіем занялі сталіцу Праслаў і паўночна-заходнія вобласці Балгарыі, цар Барыс II і яго малодшы брат Раман былі ўзяты ў палон. Імператар Іаан Цымісхій абвясціў, што Балгарыя далучана да Візантыі.
Пасля падзення Праслава сталіца царства перамясцілася на захад. Спачатку пастаяннай сталіцы не было, у розны час крыніцы згадваюць Скоп’е і Прэспу. Канчаткова сталіцай стаў горад Охрыд, размешчаны на тэрыторыі сучаснай Паўночнай Македоніі. Гэта дзяржава праіснавала амаль паўстагоддзя і традыцыйна называецца ў айчыннай гістарыяграфіі Заходне-Балгарскім царствам.
Кіраўнікі
[правіць | правіць зыходнік]Паколькі балгарскі цар Барыс II знаходзіўся ў візантыйскім палоне, то першапачаткова ў неакупіраванай частцы Балгарыі панавала анархія, але паступова на першы план высунуліся браты-камітопулы Давід, Майсей, Аарон і Самуіл. Яны прызнавалі вярхоўную ўладу Барыса II (хоць той і знаходзіўся ў палоне і не мог кіраваць краінай) і спрабавалі змагацца з візантыйскімі войскамі. Карыстаючыся тым, што ў Візантыі пасля смерці імператара Іаана Цымісхія военачальнік Варда Склір падняў мяцеж, камітопулы пачалі наступ на Візантыю. Асноўную ролю ў гэтых дзеяннях гуляў Самуіл. Старэйшыя браты Давід і Майсей загінулі напачатку барацьбы. Аарон не прадпрымаў асоблівых дзеянняў. У 976 Самуіл абвінаваціў Аарона ў зносінах з Візантыяй і, падчас вайны з ім, забіў. У 977 цар Барыс II быў выпадкова забіты, яго малодшы брат Раман здолеў бегчы з візантыйскага палону, пасля чаго Самуіл прызнаў Рамана новым балгарскім царом. Пры гэтым Самуіл, пакідаючы Раману тытул цара, фактычна сам кіраваў краінай. Да 986 Самуіл, застаўшыся апошнім з братоў-камітопулаў, замацаваў сваё панаванне ў Паўднёвай Македоніі і ў Фесаліі.
Барацьба з Візантыяй
[правіць | правіць зыходнік]Пасля таго, як камітопуламі была адноўлена ўлада ў заходняй частцы Балгарыі, Візантыя не спыняла спроб заваяваць гэту рэштку Балгарскага царства. Так у 986 імператар Васіль II спрабаваў заваяваць заходнія землі Балгарыі і аблажыў Сафію, але не атрымаў поспеху ў гэтым. У 991 Васілю II удалося ўзяць у палон балгарскага цара Рамана.
Пасля 1001 Візантыя бесперапынна ваявала з Балгарыяй. У 1004 Васіль ІІ, узяў Відзін, разбіў армію цара Самуіла каля Моравы і ўзяў прыступам Скоп’е. 29 ліпеня 1014 Васіль II атрымаў буйную перамогу над балгарамі, узяў 15 тысяч палонных, загадаў асляпіць іх (на кожную сотню аслепленых быў пакінуты адзін павадыр, аслеплены толькі на адно вока) і адправіць іх у такім відзе ў Балгарыю. Гэта падзея выклікала смерць цара Самуіла. Неўзабаве пасля гэтага візантыйскія войскі занялі Охрыд, а частка знаці перайшла на бок Візантыі. Новы цар, Гаўрыіл Радамір спрабаваў арганізаваць абарону, яму нават удалося разбіць армію Тэафілакта Ватаніята, але ў 1015 Васіль II распачаў новы паход у Балгарыю.
Падзенне царства
[правіць | правіць зыходнік]Лічыцца, што Васіль II звязаўся са стрыечным братам Гаўрыіла, Іванам Уладзіславам і прапанаваў яму зрынуць Гаўрыіла ў абмен на мір з Балгарыяй. У 1015 Гаўрыіл быў забіты, а Іван Уладзіслаў абвясціў сябе царом Балгарыі. Аднак мір быў нядоўгім. У 1016 Візантыя зноў уварвалася ў рэшткі Балгарыі. У 1018 годзе ў бітве пры Дураца цар Іван Уладзіслаў быў забіты. Пасля гэтага балгарская знаць, уключаючы царыцу Марыю (удаву Івана Уладзіслава), здалася візантыйцам пад гарантыю асабістай недатыкальнасці. Пасля гэтага рэшткі Балгарскага царства былі канчаткова акупаваны Візантыяй.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх