Заходне-Гарохаўскае падняцце
Заходне-Гарохаўскае падняцце (ад назвы вёскі Гарохаў у Калінкавіцкім раёне) — тэктанічная структура ў Петрыкаўскім і Калінкавіцкім раёнах Гомельскай вобласці, у межах Петрыкаўскага пахаванага выступу Прыпяцкага прагіну. Выяўлена сейсмаразведкай у 1969 годзе па падсалявых і верхнесаляносных дэвонскіх адкладах. Выдзяляецца па паверхні фундамента, падсалявых, міжсалявых, верхнесаляносных дэвонскіх і надсалявых адкладах.
Па паверхні фундамента і падсалявых адкладах Заходне-Гарохаўскае падняцце — спадзістая паўантыкліналь субшыротнага распасцірання, абмежаваная на поўдні Паўднёва-Капаткевіцкім разломам. Памеры 13×1,5 км. Амплітуда каля 100 м. Па міжсалявых адкладах Заходне-Гарохаўскае падняцце — структурны нос субшыротнага распасцірання, на паўднёвым захадзе якога адсутнічаюць міжсалявыя адклады. У плане супадае са скляпеннем падсалявога падняцця. Па паверхні верхняй солі падсалявому падняццю адпавядаюць дзве невялікія антыкліналі памерам 3×2 і 5,5×1,5 км і амплітудай менш за 50 м.
Фарміраванне Заходне-Гарохаўскага падняцця пачалося пераважна ў лівенскі час і інтэнсіўна працягвалася ў задонска-ялецкі (позні дэвон) час. Да пачатку лебядзянскага часу падсалявое падняцце было сфарміравана. Рост Заходне-Гарохаўскага падняцця працягваўся і ў больш позні час і звязаны з працэсамі саляной тэктонікі ў верхняй саляноснай тоўшчы.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Заходне-Гарохаўскае падняцце // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 2. Гатня — Катынь / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 522 с. — 10 000 экз.