Петрыкаўскі пахаваны выступ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Петрыкаўскі пахаваны выступ (ад назвы горада Петрыкаў) — тэктанічная структура ў Петрыкаўскім і Мазырскім раёнах Гомельскай вобласці, у Цэнтральнай структурнай зоне Прыпяцкага прагіну. Выдзяляецца па паверхні фундамента, падсалявых і міжсалявых дэвонскіх адкладаў.

На поўначы Петрыкаўскі пахаваны выступ сучляняецца з Капаткевіцка-Велікаборскай ступенню, на захадзе — з Мікашэвіцка-Жыткавіцкім выступам. Даўжыня выступу каля 70 км, шырыня да 25 км. Фундамент у межах выступу залягае на адзнаках ад -2200 да -4400 м і апускаецца ў паўночна-ўсходнім і паўднёва-ўсходнім напрамках. Па паверхні фундамента і падсалявых адкладах вылучаецца мноства блокаў (Петрыкаўскае, Брынёўскае, Паўночна-Брынёўскае, Капцэвіцкае, Паўднёва-Залескае, Конкавіцкае, Пцічанскае, Заходне-Гарохаўскае, Паўднёва-Гарохаўскае падняцці і інш.). Структура паверхні міжсалявых адкладаў даследавана недастаткова. У разрэзе платформавага чахла выступу ўстаноўлены верхнепратэразойскія (магутнасць да 112 м), дэвонскія падсалявыя тэрыгенныя (каля 240 м), падсалявыя карбанатныя (да 200 м), ніжнесаляносныя (да 420 м), міжсалявыя (да 410 м), верхнесаляносныя (да 2000 м) і дэвонскія, каменнавугальныя, пермскія, мезазойскія і кайназойскія надсалявыя (да 2000 м) адклады.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]