Змеі (Ophidia, або Serpentes) — падатрад паўзуноў атрада лускаватых.
Выдзяляецца 3 інфраатрады: чэрвепадобныя, ніжэйшыя і вышэйшыя. 12 сямействаў, найбольш вядомыя аспіды, вужовыя, гадзюкавыя, марскія змеі, пітоны, слепазмейкі (слепуны), удавы, ямкагаловыя змеі і інш. Больш за 3 тыс. відаў.
Даўжыня ад 8 см да 11,5 м (анаконда). Цела вузкае, выцягнутае, укрытае луской і рагавымі шчыткамі. 3меі ліняюць некалькі разоў за год; вонкавы рагавы слой скуры (выпоўзіны, вужавінне) скідваецца звычайна цалкам. Вочы без павекаў, звонку суцэльная празрыстая абалонка, якая аддзяляецца пры ліньцы разам са старым слоем скуры. Язык доўгі, раздвоены, які памылкова прымаюць за джала. Зубы тонкія, вострыя, загнутыя назад. У ядавітых змей зубы на верхняй сківіцы ядавітыя з баразёнкай або каналам дпя сцёку яду.
Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Большасць змей вядуць наземны спосаб жыцця, часцей у густым раслінным покрыве, кронах дрэў, многія ў пустынях, некаторыя ў прэсных вадаёмах і морах. Шырока вядомыя: анаконда, каралеўская кобра, грымучнікі сапраўдныя, чорная мамба, эфы. На Беларусі 3 віды: вуж звычайны, гадзюка звычайная, мядзянка.
Кормяцца насякомымі, рыбай, земнаводнымі, паўзунамі, птушкамі, млекакормячымі.
Размнажаюцца адкладваннем яец, некаторыя — яйцажывародныя.
Скуру некаторых змей выкарыстоўваюць у гарбарнай прамысловасці, яд — у медыцыне.