Змова з мэтай дзяржаўнага перавароту ў Германіі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бундэстаг — галоўная мэта змоўшчыкаў.
Генрых Рэйс, якога таксама называлі прынцам Генрыхам XIII. Ён, па заявах нямецкіх сілавікоў, павінен быў узначаліць манархічную Германію.

7 снежня 2022 года 25 членаў сеткі «Патрыятычны саюз» (ням.: Patriotische Union) або «Савет» (ням.: Der Rat) былі арыштаваны за меркаванае планаванне дзяржаўнага перавароту ў Германіі[1]. Група з’яўлялася нямецкай ультраправай экстрэмісцкай групоўкай рэйхсбюргерскага толку. Мэта яе — аднавіць ў Германіі манархію ў традыцыях Германскай імперыі. Арганізацыя нібыта хацела справакаваць хаос і грамадзянскую вайну ў краіне, каб прыйсці да ўлады[2].

Больш за 3000 паліцыянтаў і спецназаўцаў правялі ператрусы ў 130 дамах і кватэрах па ўсёй Германіі і арыштавалі нашчадка дома Рэйсаў  (ням.) Генрыха XIII  (ням.), былога дэпутата ад партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (АдГ) Біргіт Мальсак-Вінкеман  (ням.) і іншых[3]. У сетку таксама ўваходзілі былыя і дзеючыя сілавікі (вайскоўцы і паліцыянты). Гэтая аперацыя названа найбуйнейшай у гісторыі Германіі, а генеральны пракурор Петэр Франк абвясціў групу тэрарыстычнай арганізацыяй[4].

Змоўшчыкі[правіць | правіць зыходнік]

Пракуроры паведамілі, што прыкладна больш за 50 арганізатараў былі членамі руху рэйхсбюргераў  (ням.) (ням.: Reichsbürger), удзельнікі якога не прызнаюць цяперашнюю Германію і лічаць сябе грамадзянамі Германскай імперыі[5]. Па паведамленнях, сярод змоўшчыкаў выяўлены паслядоўнікі QAnon і кавід-дысідэнты  (руск.)[1]. Група была падзелена на зоны адказнасці. Федэральная пракуратура налічвала 52 падазраваных і станам на 8 снежня арыштавала 25 з іх[6].

У склад арганізацыі таксама ўваходзілі некалькі былых супрацоўнікаў камандавання сіл спецыяльнага прызначэння  (ням.) (KSK), у тым ліку былы штаб-сяржант парашутна-дэсантнага батальёна Бундэсвера Рудыгер фон Пескаторэ[7]. Ён павінен быў узначаліць ваенны складнік групы. Федэральны пракурор назваў экс-вайскоўца верхаводам нароўні з Генрыхам Рэйсам. Фон Пескаторэ нібыта спрабаваў вербаваць паліцыянтаў і салдат. У сувязі з гэтым, супрацоўнікі GSG 9  (ням.) абшукалі казармы KSK «Граф Цэпелін» паблізу г. Кальв[8]. Сярод членаў змовы былі таксама былы оберст  (руск.) Максіміліян Эдэр[9], былы супрацоўнік крымінальнай паліцыі  (ням.) Міхаэль Фрыч з Гановера[10] і былы оберст Петэр Вёрнер з Байройта, які адкрыў бізнэс па падрыхтоўцы да выжывання[9].

Адвакат і суддзя зямлі Берлін Біргіт Мальсак-Вінкеман была прызначана будучым «міністрам юстыцыі»[3][11]. Яна была дэпутатам нямецкага парламента з 2017 па 2021 год ад АдГ[11].

Паводле даных Der Spiegel, у групоўцы «Патрыятычны саюз» была «незвычайная сума грошай», на якую яны купілі зброю, а таксама спадарожнікавыя тэлефоны. Адзін з аб’ектаў нерухомасці, у якім паліцыя правяла ператрус, паляўнічы домік Вайдмансхайль  (ням.), належаў меркаванаму верхаводу Генрыху Рэйсу. Будынак служыў дзелавым адрасам для некалькіх кампаній, звязаных з лонданскай фірмай па кіраванні актывамі Генрыха XIII Prinz Reuß & Anderson & Peters Ltd[12][13].

Ідэалогія і мэты[правіць | правіць зыходнік]

Групоўка прапагандавала антысеміцкую ідэалогію[1]. Меркаванай мэтай было стварэнне манархічнага ўрада, падобнага Германскай імперыі ўзору 1871 года.

З лістапада 2021 года сетка нібыта планавала ўзброены напад на будынак нямецкага парламента, а таксама публічныя арышты палітыкаў з мэтай выклікаць грамадскія хваляванні. «Патрыятычны саюз» меркаваў, што частка органаў бяспекі Германіі праявіць салідарнасць з іх намаганнямі, што дазволіла б захапіць уладу[14]. Запланаваны пераварот уключаў штурм Рэйхстага (Бундэстага), натхнёны нападам на Капітолій ЗША 6 студзеня 2021 года[15].

Расследаванне і арышты[правіць | правіць зыходнік]

Нямецкая паліцыя расследавала дзейнасць сеткі з вясны 2022 года. Рэйс стаў адпраўной кропкай для яго, якое ў выніку было праведзена Федэральным ведамствам крымінальнай паліцыі  (ням.) пад назвай «Цень». Акрамя таго, да расследавання былі прыцягнуты некалькі рэгіянальных ведамстваў крымінальнага вышуку і дзяржаўныя органы па абароне Канстытуцыі. Улады Германіі заявілі, што пераварот планаваўся з лістапада 2021 года і павінен быў стаць «гвалтоўным, тэрарыстычным звяржэннем дзеючага ўрада». Упершыню паліцыя даведалася пра іх у красавіку 2022 года, калі арыштавала членаў так званых «Аб’яднаных патрыётаў»[1]. У верасні 2022 года яны пачалі пільнае назіранне за 52 падазраванымі[15].

У аперацыях па арышце змоўшчыкаў, якія ў асноўным былі выхадцамі з паўднёвых зямель Германіі — Баварыі і Брандэнбурга, але таксама ўключалі 9 жыхароў іншых земляў Германіі, Аўстрыі і Італіі, было задзейнічана каля 3000 паліцыянтаў. Сярод арыштаваных былі арыстакраты, былы член парламента, а таксама былыя і дзеючыя вайскоўцы[1]. Таксама была арыштаваная адна расіянка: змоўшчыкі нібыта планавалі супрацоўнічаць з Расіяй, аднак прадстаўнік расійскага пасольства ў Берліне  (руск.) адмаўляў сваю датычнасць да гэтага[15].

Рэакцыя[правіць | правіць зыходнік]

Германія[правіць | правіць зыходнік]

Дэпутат ад АдГ Штэфен Котрэн  (ням.) назваў паведамленні пра змову спробай урада Германіі схаваць уласныя правалы ў энергетычнай і эканамічнай палітыцы[16].

Кіраўнік федэральнага ведамства па ахове канстытуцыі Томас Хальдэнванг  (ням.) заклікаў праверыць усе сілавыя службы Германіі і заявіў аб неабходнасці правесці «курсы барацьбы з правым экстрэмізмам у сваіх шэрагах»[17].

Як заявіў Федэральны канцлер Германіі Олаф Шольц, аперацыя па справе аб дзяржперавароце паказала, што Германія — «абароненая дзяржава з абароненай дэмакратыяй»[18].

Замежжа[правіць | правіць зыходнік]

Прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава  (руск.) заявіла, што разглядае гэта як «выключна ўнутраную справу ФРГ»[19].

Белы дом прапанаваў сваю дапамогу нямецкім уладам у барацьбе з экстрэмізмам[20].

Зноскі

  1. а б в г д Kirby, Paul (7 December 2022). "Germany arrests 25 accused of plotting coup". BBC. Праверана 8 December 2022.
  2. Hume, Tim (7 December 2022). "Germany Takes Out Far-Right Coup Plotters". Vice News. Праверана 7 December 2022.
  3. а б Полиция Германии сорвала государственный переворот. Его готовили правые экстремисты, рейхсбюргеры и 71-летний принц Генрих XIII По делу задержана гражданка России (руск.). Meduza. Праверана 8 снежня 2022.
  4. Germany says it foiled a far-right coup plot. Here's what we know. OPB (7 снежня 2022). Праверана 7 December 2022.
  5. Что известно о подготовке путча в ФРГ, и при чем здесь РФ – DW – 07.12.2022 (руск.). dw.com. Праверана 8 снежня 2022.
  6. Bennhold, Katrin (2022-12-07). "Germany Arrests 25 Suspected of Planning to Overthrow Government". The New York Times. 0362-4331. Праверана 2022-12-08.
  7. Bock, Jürgen; Feyder, Franz (7 December 2022). "Einsätze gegen Reichsbürger: Wenn frühmorgens Türen zerbersten" [Deployments Against Reichsbürger: When Doors are Knocked Down Early in the Morning]. Stuttgarter Zeitung [нямецкая]. Архівавана з арыгінала 8 December 2022.
  8. "Ziel war ein Systemwechsel" [The Goal was a System Change]. Die Tageszeitung [нямецкая]. taz/afp. 7 December 2022. Праверана 7 December 2022.
  9. а б Patsch, Sabrina; Geiler, Julius (7 December 2022). "Die Köpfe hinter dem vereitelten Staatsstreich". Tagesspiegel [нямецкая]. Архівавана з арыгінала 7 December 2022.
  10. "Razzia bei 'Reichsbürgern': Das ist der festgenommene Michael Fritsch aus Hannover" [Raid on 'Reichsbürger': This is the Arrested Michael Fritsch from Hannover]. Hannoversche Allgemeine Zeitung [нямецкая]. 7 December 2022. Архівавана з арыгінала 8 December 2022.
  11. а б Oltermann, Philip (7 December 2022). "Key figures behind alleged far-right plot to overthrow the German government". The Guardian. Праверана 7 December 2022.
  12. Hemmerling, Axel; Malak, Nadja; Junker, Monique; Kendzia, Ludwig; Wierzioch, Bastian (7 December 2022). "Großrazzia: Gruppe soll Staatsumsturz geplant haben - Reussen-Prinz festgenommen" [Large-Scale Raid: Group was Planning Coup - Prince Reuss Arrested]. Mitteldeutscher Rundfunk [нямецкая]. Праверана 7 December 2022.
  13. "Ein 'Rädelsführer' und die 'Reichsbürger' in Thüringen" [A 'Ringleader' and the 'Reichsbürger' in Thüringen]. Wirtschaftswoche [нямецкая]. dpa. 7 December 2022. Праверана 7 December 2022. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 8 снежня 2022. Праверана 17 студзеня 2023.Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 8 снежня 2022. Праверана 17 студзеня 2023.
  14. "Festnahmen bei Reichsbürger-Razzia - Anführer der Gruppe aus Frankfurt". Hessenschau [нямецкая]. Hessischer Rundfunk. 7 December 2022.
  15. а б в Connolly, Kate (7 December 2022). "German police raids target alleged far-right extremists seeking to overthrow state". Guardian. Праверана 7 December 2022.
  16. Абдулла ШАКИРОВ. Немецкий политик Котре считает попытку госпереворота в Германии намерением властей скрыть провалы (руск.). kp.ru (8 снежня 2022). Праверана 8 снежня 2022.
  17. Глава контрразведки ФРГ призвал проверить всех силовиков после задержаний участников заговора (руск.). Газета.Ru. Праверана 8 снежня 2022.
  18. Шольц: расследования по попыткам переворота показали, что ФРГ - защищенное государство (руск.). Газета.Ru. Праверана 8 снежня 2022.
  19. МИД России прокомментировал попытку госпереворота в Германии (руск.). www.mk.ru. Праверана 8 снежня 2022.
  20. Dahm, Julia. US offers Germany anti-extremism help after failed far-right coup (англ.). Euractiv (9 снежня 2022). Праверана 9 December 2022.