Камянецкі павет
Камянецкі павет | |
---|---|
Краіна | |
Уваходзіць у | |
Адміністрацыйны цэнтр |
Камянецкі павет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Падляшскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Цэнтр — горад Каменец.
Да 1320-х гг. Камянецкая воласць уваходзіла ў Берасцейскую зямлю Галіцка-Валынскай дзяржавы. Канчаткова адышла да Вялікага Княства Літоўскага ў 1366 г. Статус павета воласць атрымала пры ўтварэнні ў 1413 г. Троцкага ваяводства. Аднак ў далейшым неаднаразова ўпамінаецца і як воласць. Пры ўтварэнні Падляшскага ваяводства ў 1513 г. у яго быў уключаны Камянецкі павет, але пазней у шэрагу выпадкаў па-ранейшаму лічыцца ў складзе Троцкага ваяводства. На пасадзе камянецкіх намеснікаў вядомы: Мікалай Насута, Пац Доўкшавіч (каля 1445—1453), Фёдар Алізаравіч Шылавіч (1454), Іван Рагацінскі (1461), Ян Насуціч, Аляксандр Дрожджа, С. Ю. Гальшанскі (1489—1501), С. А. Чартарыйскі (1507—1518), Б. Багавіцінавіч (1518—1530), М. Ю. Пац (1532—1546), К. Заслаўскі (1546—1556). Паўночную частку Камянецкага павета займала амаль ненаселеная Белавежская пушча, частка якой адносілася да маёнтка Шарашова, падараванага Вітаўтам М. Насуту. У паўднёвай частцы павета знаходзіліся адносна невялікія маёнткі, падараваныя шляхце і магнатам (Вярховічы, Каранёва, Расна, Трасцяніца, Чамяры і інш.). Рэшту стварала Камянецкая дзяржава (староства) з лясніцтвам, да якога ў сярэдзіне XVI ст. далучана і пушча, набытая разам з Шарашовым у 1536 г. вялікай княгіняй Бонай у Ю. Іллініча. У 1528 г. шляхецкае апалчэнне Камянецкага павета налічвала 69 коннікаў. У выніку адміністрацыйнай рэформы 1565—1566 гг. павет скасаваны і далучаны да Берасцейскага павета.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Насевіч В. Камянецкі павет // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 29. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.