Расна (Камянецкі раён)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аграгарадок
Расна
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Насельніцтва
848 чалавек (2009)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1631
Паштовы індэкс
225088
Аўтамабільны код
1
СААТА
1240870041
Расна на карце Беларусі ±
Расна (Камянецкі раён) (Беларусь)
Расна (Камянецкі раён)
Расна (Камянецкі раён) (Брэсцкая вобласць)
Расна (Камянецкі раён)

Ра́сна[1] (трансліт.: Rasna) — аграгарадок у Беларусі, у Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Раснянскага сельсавета, цэнтр сельсавета з 2013 года[2].

4 верасня 1972 года вёска Старое Расна злілася з вёскай Новае Расна[3].

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Назва вёскі паходзіць ад слова «ря(а)сно», што значыць багата, шчодра, прыгожа, па-польску называная таксама rzęsna, што значыць «вейка».

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вялікае Княства Літоўскае[правіць | правіць зыходнік]

Да Люблінскай Уніі[правіць | правіць зыходнік]

Расна ўпершыню згадваецца ў Метрыцы Вялікага Княства Літоўскага за 14401498 гады, як вёска запісана ў 1466 годзе вялікім князем Літоўскім за Трачэвічамі. З 1507 года маёнткам валодаў Ігнат Нікіцініч. У 1511 годзе Вялікі князь Літоўскі Жыгімонт I пацвердзіў пажыццёвае права валодання Івану Багданавічу Храптовічу-Літавору. Пазней ім валодалі шляхецкія роды: Ёдкі, Хлевіцкія і Войны.

Пасля адміністратыўнай рэформы Вялікага Княства Літоўскага 1565—1566 гадоў Расна ўвайшла ў склад Берасцейскага павета Берасцейскага ваяводства.

Рэч Паспалітая[правіць | правіць зыходнік]

У сярэдзіне XVI стагоддзя бяздзетны Станіслаў Хлявіцкі прадаў маёнтак Лаўрыну Войне, у гэты час у Расне ўжо была царква Святога Прарока Іллі. Лаўрын Война, новы ўладальнік Расны, падскарбі дворны ВКЛ, выстаўляў у войска 35 коннікаў. Пасля яго смерці (каля 1580 года) правы валодання перайшлі да яго сына Андрэя, а ў 1637 годзе Расна адыходзіць да яго сына Пятра Войны. У 1647 годзе ў Лукаша Войны (яшчэ адзін сын Андрэя Войны) маёнтак выкупіў ваявода Віцебскі (пазней гетман ВКЛ) Павел Сапега. Затым маёнтак перайшоў па спадчыне яго сыну Бенедыкту, а затым унуку — Міхаілу. Да XVIII стагоддзя Расна ўжо мела статус мястэчка. Пры Міхаіле Сапегу ў маёнтку была пабудавана драўляная сядзібная хата, разбіты парк і пачалі праводзіцца вялікія кірмашы. Таксама тады быў моцна развіты гандаль коньмі. Развіццё гандлю прывяло да засялення Расны яўрэямі, якія мелі тут сінагогу, піцейны дом і крамы і праз пэўны час захапілі практычна ўсю эканоміку мястэчка.

Падчас Вялікай паўночнай вайны (1700—1721) Расна і ваколіцы моцна пацярпелі. У 1718 годзе Міхал Сапега вымушаны быў аддаць Расну і Высокае пад заклад у 45000 тынфаў Аўгусту Касцюшку-Сяхновіцкаму.

У 1722 годзе Расну ад Міхаіла Сапегі атрымаў Юзаф Матушэвіч у якасці кампенсацыі за даўгі Сапегаў. Юзаф Матушэвіч быў бацькам вядомага паэта, перакладчыка і мемуарыста і дзяржаўнага дзеяча ВКЛ Марціна Матушэвіча, аўтара «Дыярыюша майго жыцця…».

З сярэдзіны XVI стагоддзя сяло адміністрацыйна ўваходзіла ў склад Берасцейскага павета Берасцейскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.

У 1744 годзе Юзаф запрасіў у Расну рыма-каталіцкіх манахаў айцоў-марыян, якія пабудавалі на беразе ракі Пульвы ў кіламетры на поўдзень ад сучаснай вёскі Расна свой манастыр і царкву Святога Казьмы пры ім. Пасля Юзэфа маёнткам валодаў яго сын Марцін Матушэвіч, дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, паэт і пісьменнік. У 1747 годзе ў мястэчку засноўваецца езуіцкая місія (дзейнічала да 1773 года), якая падпарадкоўвалася Мсціслаўскаму калегіуму.

Марцін Матушэвіч таксама дапамог заснаваць у Расне грэка-каталіцкую царкву Святога Арханёла Міхаіла, якая належала да Камянецкага дэканата.

У 1765 годзе ў маёнтку нарадзіўся сын Марціна Тадэвуш Матушэвіч — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага і Царства Польскага, пасол Чатырохгадовага Сойму ад Берасцейскага павета, міністр фінансаў Царства Польскага і міністр Герцагства Варшаўскага, удзельнік Паўстання 1794 года, літаратар.

З восені 1760 года ў Расне ў Марціна Матушэвіча пасяліўся паэт і перакладчык Ануфры Карытынскі.

Расійская імперыя[правіць | правіць зыходнік]

Пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Расна была акупавана Расійскай імперыяй і апынулася ў складзе Берасцейскага павета Гродзенскай губерні.

На пачатку XIX стагоддзя ў Расне быў узведзены невялікі кальвінскі збор, у якім знаходзілася ўсыпальніца роду Грабоўскіх. Збор быў збудаваны ў стылі класіцызму. Унутры збора размяшчаліся, падвешаныя на ланцугах, саркафагі роду Грабоўскіх, частка пахаванняў таксама ў крыпце. У камуністычныя часы збор выкарыстоўваўся ў якасці склада.

У 1804 годзе рыма-каталіцкую царкву Святога Казьмы спаліў пажар. Праз восем гадоў на яе месцы пачалося ўзвядзенне новай мураванай царквы, якое вялося за кошт ахвяраванняў айцоў-езуітаў і Лявона Парчэўскага. Набажэнствы ў гэты перыяд адбываліся ў часовым памяшканні. У 1818 годзе будаўніцтва было амаль скончана, а ў наступным годзе завершаную царкву асвяцілі ў гонар Святога Казіміра.

Перад забаронай Грэка-Каталіцкай Царквы грэка-каталіцкі прыход у Расне налічваў у 1837 годзе 2030 вернікаў, што сведчыць пра тое, што большая частка насельніцтва Расны былі каталікамі візантыйскага абраду, бо ў 1885 годзе насельніцтва Расны складала 331 жыхара; то бок, хутчэй за ўсё, прыход налічваў больш людзей, чым насельніцтва самога маёнтка (таксама на службы прыходзілі вернікі, якія жылі па-за межамі Расны). Прыход меў 4 валокі зямлі, меў 3-х фундушовых сялян, а гадавы даход складаў 70 рублей срэбрам[4].

У 1839 годзе прайшоў сход у Полацку, пасля якога каталіцтва візантыйскага абраду было забаронена на тэрыторыі Паўночна-Заходняга края. Тады грэка-каталіцкую царкву захапілі і перадалі РПЦ. Царкву перабудавалі, у 1842 годзе яе пераасвяцілі.

Перад пачаткам Першай сусветнай вайны Расна мела адзін з трох кальвінскіх збораў у Гродзенскай губерні (яшчэ былі Ізабелін пад Ваўкавыскам, якім валодалі Грабоўскія, і Непакойчыцы каля Жабінкі). Кальвінскі збор у Расне ўваходзіў у склад Віленскага дыстрыкту ў межах акругі Віленскага Евангельска-Рэфармацкага Сіноду Расійскай імперыі, дзе ўсяго налічваўся 41 збор. У апошняй чвэрці XIX стагоддзя ў Расну і Непакойчыцы з Ізабеліна перыядычна прыязджаў да сваіх вернікаў-кальвіністаў пастар Юзаф Мандзялоўскі.

З 2-й паловы XIX стагоддзя сядзіба ў Расне належала кальвіністам Грабоўскім. У 1849 годзе яе выкупіў за 10 711 рублёў срэбрам граф Ян Грабоўскі. Грабоўскія збудавалі новую мураваную аднапавярховую сядзібу на месцы старой. Сядзібна-паркавы комплекс на беразе некалькіх прудоў уключаў таксама альтанку, млын і шэраг гаспадарчых пабудоваў. Да сёння захаваліся фрагменты гаспадарчага двара. Гэта рэшткі двух вялікіх будынкаў XIX стагоддзяў, якія стаяць без даху. Абодва будынкі былі вымураваны з вялікіх камянёў з уключэннямі цэглы, яны змацаваныя вапнай, якая дэкараваная чырвоным і чорным друзам.

Рыма-каталіцкая царква Святога Казіміра ў 1913 годзе

Пасля падаўлення Паўстання 1863 года манастыр марыян у Расне быў зачынены распараджэннем генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва 4 верасня 1864 года за ўдзел марыян у паўстанні. Каталіцкую царкву царскія ўлады тады ж перадалі РПЦ.

Польская рэспубліка (1918—1939)[правіць | правіць зыходнік]

Рыма-каталіцкая царква Святога Казіміра ў 1950-я гады

У 1918 годзе, пры Беларускай Народнай Рэспубліцы, царкву Святога Казіміра вярнулі рыма-каталікам, і яна была асвечана ў гонар Ганны, Маці Найсвяцейшай Дзевы Марыі. 9 кастрычніка 1919 года падчас візітацыі дыяцэзіі Расну наведаў Віленскі біскуп Юры Матулевіч (сёння — блажэнны Каталіцкай Царквы), які на пачатку XX стагоддзя аднавіў дзейнасць ордэна марыян. Ён прыняў рашэнне вярнуць у Расну марыян, якія пасяліліся там у чэрвені 1920 года. Генерал ордэна марыян Юры Матулевіч, як біскуп Віленскі, вярнуў марыянам іх даўні манастыр пры царкве Святой Ганны сваім загадам ад 9 лістапада 1920 года. Гэта быў першы манастыр, які вярнуў сабе адноўлены ордэн марыян у міжваеннай Польшчы. Паводле задумы генерала марыян Юрыя Матулевіча, у Расне павінен быў размясціцца навіцыят марыян. Апрача царквы і закінутага манастыра, у Расне марыянам належала 108 га зямлі. Аднак польскія дзяржаўныя ўлады не жадалі яе вяртаць, і марыяне шмат гадоў вялі судовыя спрэчкі за сваю ўласнасць.

Навіцыят марыян фактычна быў перанесены ў Расну з Бялянаў яшчэ летам 1920 года. 28 снежня 1920 года біскуп Юры Матулевіч як генерал ордэна марыян накіраваў Апостальскаму нунцыю ў Польшчы Рацці ліст з просьбай аб зацвярджэнні Апостальскім Пасадам у Рыме пераносу навіцыяту марыянаў з Бялянаў у Расну, якая належала да прыхода ў Высокім-Літоўскім Берасцейскага дэканата Віленскай дыяцэзіі. Абгрунтаванне біскупа Матулевіча было наступным: «Дом законны ў Расне цалкам адпаведны для размяшчэння ў ім навіцыяту, больш таго, дзеля свайго размяшчэння прыдатны для засяроджання розуму і практыкавання ўнутранага жыцця, сад і маёнтак з’яўляюцца дастатковымі для ўтрымання навіцыяў». Ватыкан даў свой афіцыйны дазвол праз нунцыя 2 студзеня 1921 года.

Аднак у 1922 годзе навіцыят быў перанесены ў Скурац (Польшча), што на Падляшшы, дзе ён знаходзіўся да 5 студзеня 1926 года, пасля чаго ўлады марыян зноў вярнулі навіцыят у Расну. У 1921—1926 гадах у Расне размяшчалася малая семінарыя ордэна марыян — ювенат, у якой атрымлівалі адукацыю на ўзроўні 4-х класаў, па заканчэнні якой кандыдаты для манаскага жыцця і святарства прымаліся ў навіцыят.

Паводле Рыжскага мірнага дагавора, у 1921 годзе Расна ўвайшла ў склад Берасцейскага павета Палескага ваяводства.

У 19381939 гадах настаяцелям і старэйшым дома марыян у Расне служыў айцец Юры Кашыра (19041943), які пазней прыняў пакутніцкаю смерць (спалены жыўцом разам з вернікамі ў Росіцы) і вызнаны блажэнным Каталіцкай Царквы. У чэрвені 1938 года разам з іншымі беларускімі марыянамі айцец Юры Кашыра як «нядобранадзейны» быў дэпартаваны польскімі ўладамі з манастыра марыян у Друі і апынуўся ў Расне. У верасні 1939 года, пасля пачатку Другой сусветнай вайны, айцец Юры Кашыра і ўсе марыяне вымушаны былі пакінуць Расну, бо новая камуністычная атэістычная ўлада забрала будынак манастыра. Сам манастыр марыян у Расне згарэў у 1944 годзе.

У 1923 годзе царква Святога Казіміра ўжо значылася ў спісе рыма-каталіцкіх прыходаў без адказнага святара, а ў 1930-я гады сам храм быў зачынены і пераўтвораны спачатку ў клуб, пасля — у склад. Падчас Другой сусветнай вайны царква моцна пацярпела ад абстрэлу і больш не аднаўлялася.

У міжваенны час таксама ў Расне працавалі рыма-каталіцкія манашкі з Кангрэгацыі сясцёр служак Ісуса ў Еўхарыстыі (Сёстры-Еўхарысткі), якія мелі тут свой манаскі дом. На 1939 год у Расне знаходзілася 7 манашак. Перад пачаткам вайны ў 1939 годзе старэйшай у манаскім доме ў Расне была сястра Моніка Скурат.

БССР і Рэспубліка Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

Пасля акупацыі камуністамі Заходняй Беларусі Расна апынулася ў складзе Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці БССР.

Згодна з рашэннем Савета па справах РПЦ пры Саўміне СССР ад 28 лістапада 1962 года былая грэка-каталіцкая царква (у гэты момант ужо адносілася да РПЦ) была зачынена з рэкамендацыяй перадаць яе пад клуб. Аднак мясцовыя атэістычныя ўлады з сельсавета і калгаса «Савецкая Беларусь» у 1964 годзе старую драўляную царкву разбурылі цалкам.

Свята-Міхайлаўская царква РПЦ сёння

Новая мураваная царква Святога Міхаіла ў Расне была закладзена 9 красавіка 1991 года. Фундатарам будаўніцтва царквы выступіў мясцовы калгас «Савецкая Беларусь». Храм (архітэктар — А. М. Гуляка) будавалі 8 гадоў, яшчэ 3 гады рабілі роспіс у храме. Паводле слоў старшыні калгаса Уладзіміра Бядулі, які з 1956 года больш за паўстагоддзя працаваў старшынёй калгаса «Савецкая Беларусь», гаспадарка выдала 500 тыс. долараў на будаўніцтва храма ў Расне.

У 2007 годзе будынак былой рыма-каталіцкай царквы Святога Казіміра быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей[5].

На цяперашні момант у Расне існуе адроджаны рыма-каталіцкі прыход Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і Святога Казіміра, дзейнічае часовая капліца.

26 красавіка 2013 года цэнтр Раснянскага сельсавета перанесены з вёскі Абяроўшчына ў Расну.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца за 33 км у напрамку на захад ад горада Каменец, 54 км ад Брэста, за 2,5 км ад чыгуначнай станцыі Высока-Літоўск (станцыя)[6].

Расна знаходзіцца ў 4 км на паўночны-ўсход ад горада Высокае. З захаду прымыкае вёска Абяроўшчына, у 7 км на захад праходзіць мяжа з Польшчай. Аграгарадок стаіць на левым беразе ракі Пульва. Праз аграгарадок праходзіць аўтадарога Абяроўшчына—ВойскаяКаменец, яшчэ адна дарога вядзе ў Высокае. Бліжэйшая чыгуначная станцыя Высока-Літоўск на лініі БрэстБеласток размешчана ў суседняй Абяроўшчыне. Раней адрознівалі населеныя пункты Расна і Новая Расна, аднак у канцы XX стагоддзя яны афіцыйна былі зліты ў адзін, у перапісе насельніцтва 2009 года Новая Расна ўжо не была згаданая.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]

  • 12 вуліц
  • Пральня (XIX стагоддзя)
  • Сярэдняя школа
  • Дзіцячы садок

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

  • Былы кальвінскі збор (усыпальніца Грабоўскіх, сёння выкарыстоўваецца ў якасці склада) Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Г000723шыфр 113Г000723
  • Рэшткі былой сядзібы Грабоўскіх. Сядзібны дом не захаваўся, ад сядзібы засталіся некалькі закінутых гаспадарчых пабудоў.
  • Свята-Міхайлаўская царква (1997)
  • Месца былога манастыра марыян. Будынкі манастыра і манастырскай царквы моцна пацярпелі ў вайну і былі разабраны. Захаваліся толькі фрагменты падмурка.

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
  2. Решение Каменецкого районного Совета депутатов от 26 апреля 2013 г. № 189 О переносе административного центра Ряснянского сельсовета в агрогородок Рясна Архівавана 7 чэрвеня 2020. (руск.)
  3. Рашэнне выканаўчага камітэта Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 4 верасня 1972 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1972, № 27 (1365).
  4. Marian Radwan. Carat wobec Kościoła Greckokatolickiego w zaborze rosyjskim 1796—1839. — Polski Instytut Kultury Chrześcijańskiej, Roma-Lublin, 2001. S. 228.
  5. Памылка ў зносках: Няслушны тэг <ref>; для зносак catholic няма тэксту
  6. а б БелЭн 2001.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]