Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Івянец)
Касцёл | |
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы | |
---|---|
53°53′24″ пн. ш. 26°44′29″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Гарадскі пасёлак | Івянец |
Канфесія | Рымска-каталіцкая царква |
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ці Фарны касцёл — колішні мураваны касцёл у гарадскім пасёлку Івянец Валожынскага раёна Мінскай вобласці.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Мураваны парафіяльны (фарны) касцёл пабудаваны з фундацыі Яна Давойны і пацверджання Жыгімонта III Вазы ў 1606 годзе.
Інвентар ад 1740 года паведамляе, што разьбяны паліхромны алтар з пазалотай, абразамі Тройцы, Маці Божай, апостала Пятра і скульптурамі св. Станіслава, св. Казіміра, св. Пятра і св. Роха быў выкананы коштам Пратасовіча і кансекраваны ў 1736 годзе[1].
Захаваліся таксама два больш раннія разьбяныя алтары з калонамі ў пазалочаныя і пасярэбраныя кветкі. У адным з іх знаходзіўся абраз Панны Марыі. Яшчэ два алтары былі прысвечаны Міхалу Арханёлу і Антонію Падуанскаму. Асобны алтар з фігурай Маці Божай у атачэнні шасці анёлаў, фундаваны Антонам Арэшкам, стаяў у мураванай капліцы-ратондзе.
З 1662 годзе пры касцёле існавала Ружанцовае брацтва са сваім брацкім алтаром. Праз некаторы час касцёл пацярпеў ад пажару і зноў быў рэстаўраваны ўжо сынам берасцейскага ваяводы (генералам артылерыі Вялікага Княства Літоўскага) Антоніем Салагубам, яго жонкай Барбарай (з Радзівілаў). Хутчэй за ўсё, менавіта ў гэты час касцёл набыў барокавы двухвежавы фасад «добрай работы», які нагадвае фасад івянецкага францішканскага касцёла (пабудаванага непадалёк пасля 1740 года).
У адной з вежаў жонка генерала Брыгіта Салагубава паставіла вялікі гадзіннік з меладычным боем праз чвэрць гадзіны. Касцёл і сакрыстыі былі накрыты дахоўкай, вежы і гзымсы на фасадзе — бляхай, у дзесяць вокан усталявалі налібоцкае шкло.
Інвентар ад 1767 года паведамляў, што на хорах касцёла, таксама дэкараваных ляпнінай з гербамі фундатараў, стаяў вялікі арган, які абышоўся Брыгіце Салагубавай у 350 талераў. На хорах знаходзіліся таксама два катлы-барабаны і трубы, якімі карысталіся пры розных урачыстасцях (пра іх патурбаваўся Канстанцін Рдултоўскі).
У сакрыстыі захоўваўся архіў Салагубаў, але з-за вільгаці быў перанесены ў кляштар. Вялікі касцельны цвінтар быў абнесены мураванаю сцяною з вялікай брамай з боку мястэчка. У той час далёка не кожны парафіяльны касцёл меў такую агароджу.
У 1880—1885 гадах былы фарны касцёл стаў Царквой святой Тройцы, але праз тры гады (1888 год) згарэў дашчэнту. Сцены былой бажніцы прастаялі да пачатку XX стагоддзя, і выявы аднаго з нешматлікіх твораў беларускай готыкі захаваліся на нешматлікіх фота таго перыяду.
Пазней парэшткі былі разабраны на будматэрыялы, каб збудаваць на гэтым месцы драўляную царкву-мураўёўку, якая ў савецкі час была зруйнавана.
У 1998 годзе на гэтым месцы паўстала царква ў гонар св. Ефрасінні Полацкай у рэтраспектыўна-рускім стылі[2].
Зноскі
- ↑ Ярашэвіч А. А. Івянецкія касцёлы // Ave Maria: Часопіс Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. № 2 (69), 2001. — С. 13—15.
- ↑ Фарны касьцел св. Тройцы(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 лютага 2020. Праверана 21 лютага 2020.