Корань расліны
Корань — восевы вегетатыўны орган вышэйшых раслін, які мае радыяльную сіметрыю, здольны неабмежавана нарастаць у даўжыню і валодае станоўчым геатрапізмам. Корань ажыццяўляе замацаванне расліны ў глебе і забяспечвае паглынанне і правядзенне вады з растворанымі мінеральнымі рэчывамі да сцябла і лісця. На корані няма лісця, у клетках кораня няма хларапластаў.
Функцыі кораня
[правіць | правіць зыходнік]Корань выконвае некалькі найважнейшых функцый:
- утрымлівае расліну ў глебе;
- усмоктвае з глебы ваду і раствораныя ў ёй мінеральныя рэчывы, неабходныя для жыцця расліны;
- у корані ўтвараюцца многія арганічныя рэчывы, неабходныя расліне для нармальнага росту і развіцця;
- выдзяляе ў навакольнае асяроддзе розныя рэчывы;
- у каранях могуць адкладвацца запасныя пажыўныя рэчывы.
Каранёвая сістэма
[правіць | правіць зыходнік]Корань здольны пранікаць у глебу на розную глыбіню. Напрыклад, карані кукурузы дасягаюць глыбіні 1,5—2 м, а некаторых дрэў — 15—20 м. Пры прарастанні семені першым ідзе ў рост зародкавы карэньчык. Ён дае пачатак галоўнаму кораню. Галоўны корань расце вертыкальна ўніз па напрамку сілы цяжару. Умоўная мяжа паміж галоўным коранем і сцяблом называецца каранёвай шыйкай. Карані, якія ўзнікаюць на сцёблах, лістах, цыбулінах, клубнях, карэнішчах, называюцца прыдаткавымі. Прыдаткавыя карані развіваюцца ў бульбы, цыбулі, цюльпана, тамата, кукурузы, пшаніцы і інш. Галоўны і прыдаткавы карані могуць галінавацца. Пры гэтым на іх утвараюцца бакавыя карані. Сукупнасць усіх каранёў расліны складае яго каранёвую сістэму. У залежнасці ад тыпу каранёў, якія ўваходзяць у яе, адрозніваюць каранёвыя сістэмы стрыжнёвага і валасніковістага тыпу.
У выпадку, калі галоўны корань малаважна выяўлены, а прыдаткавыя карані выяўлены значна, каранёвая сістэма завецца валасніковістай. Калі галоўны корань выяўлены значна, каранёвая сістэма завецца стрыжнёвай.
Стрыжнёвая каранёвая сістэма ўтворана галоўным, бакавымі і прыдаткавымі каранямі. Галоўны корань добра выдзяляецца сярод іншых каранёў. Такая каранёвая сістэма характэрна для дзьмухаўца, фасолі, сланечніку і інш.
Валасніковістая каранёвая сістэма складаецца ў асноўным з прыдаткавых і бакавых каранёў. Галоўны корань або хутка адмірае, або не адрозніваецца па памерах ад прыдаткавых каранёў. Такі тып каранёвай сістэмы характэрны для пшаніцы, кукурузы, бульбы, трыпутніку, казяльцу і інш. Валасніковістая каранёвая сістэма характэрна таксама для ўсіх раслін, якія ўзніклі ў выніку вегетатыўнага размнажэння. Некаторыя расліны адкладаюць у корані запасныя пажыўныя рэчывы, такія ўтварэнні завуць карняплодамі.
Будова кораня
[правіць | правіць зыходнік]Корань — гэта вегетатыўны орган расліны, які можа працяглы час расці ў даўжыню. Дзякуючы гэтаму ён здольны асвойваць новыя слаі глебы. Корань расце верхавінай. Менавіта там знаходзяцца клеткі верхавінкавай утваральнай тканкі, дзяленне якіх забяспечвае рост кораня.
Розныя яго ўчасткі адрозніваюцца формай і памерамі. Звонку корань пакрыты спецыяльнай покрыўнай тканкай — рызадэрмай. На самым кончыку карэньчыка знаходзіцца каранёвы чахольчык. Клеткі каранёвага чахольчыка пакрываюць верхавінкавую ўтваральную тканку кораня і ахоўваюць яе ад пашкоджання часцінкамі глебы.
Каранёвы чахольчык утвораны жывымі парэнхімнымі клеткамі. Яны недаўгавечныя і па меры росту кораня і ўкаранення ў глебу паступова злушчваюцца і аслізняюцца. На змену ім з верхавінкавай утваральнай тканкі ўвесь час фарміруюцца новыя клеткі. Слізь, якая ўтвараецца пры разбурэнні клетак каранёвага чахольчыка, ахоўвае кончык кораня ад высыхання і склейвае часцінкі глебы. Пры гэтым утвараецца своеасаблівы канал, па якім расце корань.
Пад каранёвым чахольчыкам размешчана зона дзялення. Яе аснову складае ўтваральная тканка кораня — група дробных жывых клетак, якія актыўна дзеляцца. Клеткі, якія ўтвараюцца ў выніку дзяленняў, забяспечваюць рост кораня. У зоне дзялення ўтвараюцца таксама новыя клеткі каранёвага чахольчыка. Працягласць зоны дзялення — каля 1 мм.
Калі зона дзялення пашкоджана, то рост кораня ў даўжыню спыняецца і ўтвараецца вялікая колькасць бакавых каранёў. Гэта ўласцівасць шырока выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы для штучнага фарміравання каранёвай сістэмы расліны. Пры перасадцы маладых сеянцаў у іх напалавіну пакарочваюць (прышчыпваюць) галоўны корань. Гэта стымулюе фарміраванне вялікай колькасці бакавых і прыдаткавых каранёў і ўтварэнне моцнай каранёвай сістэмы. Пасля прышчыпвання кораня маладыя расліны рассаджваюць на пэўнай адлегласці адна ад адной. Такі прыём называюць пікіроўкай.
За зонай дзялення знаходзіцца зона расцягвання і дыферэнцыроўкі. Тут дзяленне клетак спыняецца. У гэтай зоне клеткі растуць за кошт таго, што моцна выцягваюцца. Працягласць зоны расцягвання — некалькі міліметраў.
За зонай расцягвання размешчана зона ўсмоктвання. У гэтай зоне частка клетак рызадэрмы ўтварае бакавыя вырасты, якія называюцца каранёвымі валаскамі. Праз іх у корань паступае вада з растворанымі ў ёй мінеральнымі рэчывамі. Каранёвыя валаскі развіваюцца хутка, але праз 2-3 тыдні адміраюць. Новыя каранёвыя валаскі ўзнікаюць бліжэй да кончыка кораня.
Вада з мінеральнымі рэчывамі дастаўляецца да сцябла праз зону правядзення. Яна размешчана следам за зонай усмоктвання. У зоне правядзення таксама адбываецца закладванне бакавых каранёў.
Пад рызадэрмай размяшчаецца даволі масіўная кара кораня. Яна ўтворана парэнхімнай тканкай. Па клетках кары вада і раствораныя ў ёй мінеральныя рэчывы перамяшчаюцца ў гарызантальным напрамку ад каранёвых валаскоў у цэнтр кораня.
У цэнтры кораня размяшчаецца цэнтральны цыліндр. У яго ўваходзяць участкі ксілемы і флаэмы, якія чаргуюцца і акружаны парэнхімнымі клеткамі. Па сасудах ксілемы з кораня ўверх перамяшчаецца вада з растворанымі ў ёй рэчывамі. Па флаэме ў корань паступаюць рэчывы, утвораныя ў працэсе фотасінтэзу ў лістах і зялёным сцябле. Гэтыя рэчывы забяспечваюць рост кораня і адкладваюцца ў ім як запасныя.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Біялогія: вучэб. дапам. для 7-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / пад рэд. В. М. Ціхамірава; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — Мінск: Нар. асвета, 2010. — 199 с. : іл. ISBN 978-985-03-1340-9.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Корань расліны