Расліны
Расліны | ||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | ||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| ||||||||||||
Міжнародная навуковая назва | ||||||||||||
Plantae Haeckel, 1866 | ||||||||||||
Аддзелы, аб'яднаныя ў групы | ||||||||||||
|
Раслі́ны (Plantae) — царства жывых арганізмаў. Важнейшае адрозненне раслін ад іншых жывых арганізмаў — здольнасць да аўтатрофнага харчавання, пры гэтым зялёныя расліны выкарыстоўваюць энергію сонечных прамянёў, здзяйсняюць фотасінтэз — працэс, у выніку якога ствараецца асноўная маса арганічнага рэчыва біясферы і падтрымліваецца газавы стан атмасферы. Такім чынам, расліны — галоўная першасная крыніца ежы і энергіі для ўсіх іншых формаў жыцця на Зямлі.
Вядома каля 500 тыс. відаў цяпер існуючых раслін. З сярэдзіны XX стагоддзя з царства раслін вылучаюць самастойнае царства грыбоў. Усе праявы жыццядзейнасці раслін вывучае батаніка.
Вышэйшыя і ніжэйшыя
[правіць | правіць зыходнік]Усе расліны складаюць адну вялікую групу, у якую ўваходзяць вышэйшыя і ніжэйшыя расліны.
Да ніжэйшых раслін звычайна адносяць водарасці, агульны лік відаў якіх складае каля 35 тыс. відаў.
Да вышэйшых раслін адносяцца імхі, дзеразовыя, хвашчы, папараці, голанасенныя, пакрытанасенныя. У адрозненне ад ніжэйшых, у вышэйшых раслін ёсць выразна дыферэнцаваныя тканкі і органы. Ва ўсіх вышэйшых раслін мужчынскія і жаночыя рэпрадуктыўныя органы шматклеткавыя. Онтагенэз у вышэйшых раслін падзяляецца на эмбрыянальны і постэмбрыянальны перыяды.
Вышэйшыя па вельмі важнай прыкмеце — будове жаночых палавых органаў — падзяляюць на дзве буйныя групы: археганіяльныя і песцікавыя. Першая з іх уключае напрыклад аддзелы Мохавыя, Дзеразовыя, Хвашчовыя, Папаратнікавыя, Голанасенныя і аб'ядноўвае больш за 50 тыс. відаў. У прадстаўнікоў гэтай групы жаночы палавы орган мае форму архегонія. Другая група — песцікавыя, прадстаўлена адным аддзелам — пакрытанасеннымі (каля 250 тыс. відаў), жаночым палавым органам якіх з'яўляецца песцік.
Будова і жыццядзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Вышэйшыя расліны складаюцца з тканак, якія маюць разнастайную будову і выконваюць розныя функцыі. Клеткі ўтваральных тканак здольны працягла дзяліцца. За кошт гэтага фарміруюцца пастаянныя тканкі, і расліна расце. Покрыўныя тканкі (эпідэрміс, перыдэрма і корка) ахоўваюць цела расліны ад неспрыяльных уздзеянняў навакольнага асяроддзя.
Механічныя тканкі забяспечваюць падтрыманне формы цела расліны. Па праводзячых тканках (ксілеме і флаэме) перамяшчаюцца вада, раствораныя мінеральныя і арганічныя рэчывы. У клетках асноўных тканак адбываецца фотасінтэз, назапашванне пажыўных рэчываў і інш.
У раслін ёсць дзве групы органаў: рэпрадуктыўныя і вегетатыўныя. Рэпрадуктыўныя органы забяспечваюць размнажэнне раслін. Да іх належаць спарангіі і гаметангіі. Рэпрадуктыўныя органы вышэйшых раслін заўсёды мнагаклетачныя (а не аднаклетачныя, як у грыбоў або водарасцей).
Вегетатыўныя органы выконваюць функцыі жыўлення і росту. Да іх належаць корань і сцябло з лістамі і пупышкамі (парастак).
Корань расліны выконвае апорную, запасальную функцыі, усмоктвае і праводзіць ваду з растворанымі ў ёй рэчывамі, утварае і выдзяляе ў навакольнае асяроддзе шэраг рэчываў. Адрозніваюць галоўны, бакавыя і прыдаткавыя карані. Усе карані здольны галінавацца. Пры гэтым утвараецца каранёвая сістэма. У залежнасці ад тыпу каранёў і іх развіцця ўтвараецца стрыжнёвая або валасніковістая каранёвыя сістэмы.
Тэмпература, вада, паветра, глеба — гэта асноўныя фактары, якія ўплываюць на рост і развіццё каранёў. Рост каранёў адбываецца пры пэўнай тэмпературы. Нізкія тэмпературы зніжаюць і нават поўнасцю спыняюць рост каранёў. Паветра неабходна для дыхання каранёў. Вада растварае мінеральныя рэчывы, якія ўсмоктваюцца каранямі і ідуць на забеспячэнне працэсаў жыццядзейнасці раслін. Глеба — асноўная крыніца мінеральнага жыўлення раслін.
Парастак — гэта сцябло, на якім размяшчаюцца лісты і пупышкі. На парастку выдзяляюць вузлы, міжвузеллі, пазухі ліста, пупышкі. Парастак развіваецца з пупышкі. Пупышка мае зачаткавае сцябло з конусам нарастання, зачаткавыя лісты, зачаткавае суквецце (кветку), пупышкавыя лускавінкі. У залежнасці ад будовы адрозніваюць вегетатыўныя і кветкавыя пупышкі. Паводле размяшчэння на парастку пупышкі бываюць верхавінкавыя, бакавыя (пазушныя) і прыдаткавыя. За кошт верхавінкавай пупышкі адбываецца рост сцябла ў даўжыню, бакавыя і прыдаткавыя пупышкі забяспечваюць галінаванне парастка. У залежнасці ад працягласці перыяду спакою пупышкі бываюць спячымі і спачываючымі.
Сцябло — гэта восевая частка парастка. Яно выконвае апорную функцыю, забяспечвае перамяшчэнне вады з растворанымі ў ёй мінеральнымі рэчывамі, а таксама прадуктаў фотасінтэзу. Паводле размяшчэння ў прасторы сцёблы бываюць прамастаячымі, павойнымі, лазячымі, сцелістымі і паўзучымі. Для сцябла характэрны верхавінкавы або ўставачны рост, за кошт чаго ён расце ў даўжыню. Сцёблы могуць галінавацца за кошт развіцця бакавых і прыдаткавых пупышак. Галінаванне садзейнічае разрастанню кроны расліны ў шырыню.
Ліст — вегетатыўны орган, які выконвае функцыі фотасінтэзу, выпарэння вады і газаабмену. Ён складаецца з ліставой пласцінкі, асновы, чаранка і прылісткаў. Лісты бываюць чаранковымі, сядзячымі, похвеннымі, маюць розныя памеры, форму і ступень раздзялення.
Класіфікацыя
[правіць | правіць зыходнік]- Аддзел Мохападобныя (Bryophytes)
- Клас Пячоначнікі (Marchantiophyta)
- Клас Антацэротавыя імхі (Anthocerotophyta)
- Клас Лістасцябловыя імхі (Bryopsida)
- Аддзел Псілотавыя (Psilotophyta)
- Аддзел Дзеразападобныя (Lycophyta)
- Аддзел Хвошчападобныя (Sphenophyta)
- Аддзел Папарацепадобныя (Pteridophyta)
- Аддзел Сагаўнікавыя (Cycadophyta)
- Аддзел Гінкгавыя (Ginkgophyta)
- Аддзел Хвойныя (Coniferophyta)
- Аддзел Гнетавыя (Gnetophyta)
- Аддзел Кветкавыя (Magnoliophyta)
- Клас Двухдольныя (Magnoliopsida)
- Клас Аднадольныя (Liliopsida)
Расліны і чалавек
[правіць | правіць зыходнік]Існаванне чалавека без раслін немагчыма ўявіць. Расліны для чалавека — гэта кісларод, ежа, будаўнічы матэрыял і шмат іншага. Сучаснае грамадства цяжка ўявіць без кавы і гарбаты, роўна як без вінаграду — асновы вінаробства, ці без тытуню. Расліны займаюць важнае месца ў гаспадарчай дзейнасці чалавека. Вялікая колькасць раслін служыць асноўнымі пастаўшчыкамі вітамінаў, а іншыя — крыніцай неабходных лекаў, рэчываў і прэпаратаў.
За сваю гісторыю чалавек навучыўся выводзіць і вырошчваць шматлікія формы раслін, якія адпавядаюць тым ці іншым адмысловым патрэбам. Аднак празмерна інтэнсіўная і далёка не заўсёды рацыянальная дзейнасць чалавека прывяла да знішчэння натуральнага расліннага покрыва на велізарных плошчах і паставіла пад пагрозу знікнення шматлікія віды.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Біялогія: вучэб. дапам. для 7-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / пад рэд. В. М. Ціхамірава; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — Мінск: Нар. асвета, 2010. — 199 с. : іл. ISBN 978-985-03-1340-9
- Раслінны свет: Тэматычны слоўнік. — Мн.: Беларуская навука, 2001. ISBN 985-08-0457-2