Дробная, добра пазнавальная качка шчыльнага целаскладу, якая мае шмат агульнага з крахалямі і часта аб’ядноўваюцца з імі ў адзін род. Сярод агульных прыкмет — чубок падоўжаных пёраў на галаве і вузкая кароткая дзюба, бакі якой пакрытыя зубцамі. Памерам крыху буйнейшая за чырка-свістунка: даўжыня цела 38-44 см, вага самца 510—935 г, вага самкі 500—680 г. Самец у шлюбным уборы белы з чорнай спінай і кантрасным чорным малюнкам на галаве, шыі і крылах. Чорныя дэталі апярэння: авальнай формы пляма паміж вокам і дзюбай, шырокія падоўжныя палосы або плямы па баках патыліцы, якія сыходзіліся на патыліцы, і вузкія папярочныя палосы на баках грудзей.
Самка ў любы час года больш стракатая: адрозніваецца рудавата-бурым верхам галавы і задняй часткі шыі, белым горлам і валлём, попельна-шэрай спінай і белым брухам. Улетку ў самкі паміж асновай дзюбы і вокам — чорная пляма.
Жыве на прэснаводных вадаёмах на поўначы Еўропы, у Сібіры і на Далёкім Усходзе, у Беларусі вядома толькі адзінае месца гнездавання рыбгас «Белае». Зімуе на поўдзень ад гнездавога арэала. Філагенетычна займае прамежкавае становішча паміж тыповымі крахалямі і гогалямі, і мае знешнія прыкметы абедзвюх груп птушак. Плавае з апушчаным у ваду хвастом, добра нырае.