Больш за 600 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўнутраных вадаёмах. Найбольш прымітыўныя з сучасных ракападобных. Выкапнёвыя вядомы з марскіх (кембрый—дэвон) і кантынентальных (карбон—антрапаген) адкладаў. Найбольш вядомыя — дафніі (Daphnia), шчытні (Notostraca), басміна даўгадзюбая (Bosmina longirostris) і інш.
Даўжыня да 30 мм. Большасць з хіцінавай ракавінай, на галаве шчыток. Органы руху — да 7 (зрэдку да 70) пар лістападобных ног (адсюль назва) і другая пара галінастых вусікаў. Вочы фасетачныя.
Раздзельнаполыя, размнажэнне часта шляхам партэнагенезу. Развіццё прамое або з метамарфозай. Кормяцца пераважна мікраарганізмамі, дэтрытам. Фільтратары, індыкатары забруджвання вады. Некаторыя лістаногія (дафніі (Daphnia), басміны (Bosmina) і інш.) — корм для рыб.