Мазырскае паўстанне
Мазырскае паўстанне — выступленне гараджан Мазыра і сялян навакольных вёсак у 1649 годзе, у час антыфеадальнай вайны 1648—1651 гадоў на Беларусі. Пачалося ўлетку 1648 года. Выступленне ўзначаліў мазырскі рамеснік Іван Сталяр. Жыхары Мазыра склалі асобную харугву на чале з мясцовым седлавым майстрам Седляром. У жніўні да гараджан далучыўся пасланы Багданам Хмяльніцкім атрад Міхненкі. З мэтай закрыць казацкім загонам шлях на Беларусь, у пачатку студзеня 1649 года на Тураў і Мазыр рушыла 15-тысячнае войска Вялікага Княства Літоўскага на чале з гетманам польным Янушам Радзівілам. Радзівіл паслаў да гараджан ганца з лістом, у якім прапанаваў здаць горад без бою, за што абяцаў усім паўстанцам права на свабодны выхад. Гараджане не прынялі прапановы. 19 студзеня войска Радзівіла падышло да Мазыра. Драгуны, пад прыкрыццём саней з дрывамі, падышлі да варот, выбілі іх бярвёнамі і ўварваліся ў горад. К канцу дня горад і замак былі захоплены, рэшткі паўстанцаў адцеснены да Прыпяці і перабіты, горад разрабаваны, часткова спалены. Кіраўнік паўстання Сядляр прарваўся праз акружэнне і выратаваўся, Міхненка быў узяты ў палон і пакараны смерцю.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Мазырскае паўстанне // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).