Перайсці да зместу

Войска Вялікага Княства Літоўскага

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сцяг Святога Юрыя (апекуна хрысціянскага рыцарства) на коп’ях вялікалітоўскай і польскай кавалерыі ў бітве пад Оршай 1514 года.

Войска Вялікага Княства Літоўскага — арганізаваныя вайсковыя сілы Вялікага Княства Літоўскага з сярэдзіны XIII стагоддзя да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе.

Узброеныя сілы Вялікага Княства Літоўскага ў сваім развіцці прайшлі тры этапы: княжыя дружыны і масавае ўсеагульнае рушэнне — «пагоня» (XII—XV стагоддзі); паспалітае рушэнне, падмацаванае прафесійным шляхецкім войскам (XV—XVII стагоддзі); прафесійнае войска, нанятае магнатамі і дзяржавай (XVII—XVIII стагоддзі).

Гісторыя і арганізацыя

[правіць | правіць зыходнік]
Ваяры Вялікага Княства Літоўскага ў XVI стагоддзі, графіка Юліўша Корсака.

XIII—XV стагоддзі

[правіць | правіць зыходнік]

Узброеныя сілы Вялікага Княства Літоўскага з’явіліся адначасова са ўзнікненнем самой дзяржавы ў сярэдзіне XIII стагоддзя. Па прынцыпах фарміравання былі падобнымі да ўзброеных сіл суседніх зямель — складаліся з дружын і народнага апалчэння. Народнае апалчэнне, мабілізацыя ўсіх ваеннаабавязаных краіны (expeditio generalis) або аднаго ці некалькіх рэгіёнаў дзяржавы (пазней паветаў і ваяводстваў), збіралася толькі ў выпадку неабходнасці дапамогі ў абароне, пераследу ворага і падобнага. Пераслед ворага быў абавязкам кожнага мужчыны, здольнага насіць зброю, гэты старадаўні ўжо ў канцы XIV стагоддзя звычай-абавязак называўся «пагоняй». Пад такой назвай яго фіксуе прывілей 1387 года караля Уладзіслава Ягайлы. Узбраенне, дасведчанасць і эфектыўнасць народных апалчэнняў былі кепскімі ў параўнанні з княжымі дружыннікамі (armigeri) і наймітамі, а магчымасці ўтрымаць масу нематываваных ваяроў разам працяглы час не дзеля ўласнай абароны ў дзяржавы не было.

Вершнік у цяжкім узбраенні канца XIV ст., рэканструкцыя паводле пячатка князя Скіргайлы 1386 года, у арыгінале на тарчы выява льва.

Да XV стагоддзя дружынная кавалерыя адыгрывала галоўную ролю, пяхота цанілася менш. Конны баярын і яго два і болей баявых слуг (збраяносцы, пешыя або конныя, стралкі з лука ці арбалета) складалі галоўную баявую адзінку таго часу — кап’ё. «Кап’ё» складалася з уласна феадала і яго 2—4 баявых слуг — пахолкаў; таксама «кап’ё» магло быць сфарміравана з некалькіх незаможных баяр з розным узбраеннем і іх слуг-пахолкаў. 70—150 коп’яў складалі харугву. Дружыны былі асноўнай ударнай сілай, здольнай весці бой у конным і пешым парадку. Пазней баяры склалі значную частку шляхты — ваенна-служылага стану Вялікага Княства Літоўскага. Баяры-шляхта сярэдняга дастатку, апроч саміх сябе, выстаўлялі ў войска 2—3 і болей ваяроў у «добрых даспехах і на клячы». Усе збіраліся ў зямельныя (рэгіянальныя, пазней павятовыя) падраздзяленні пад сцягамі (харугвамі) адпаведных зямель, або князёў.

Буйныя феадалы адпраўлялі «на ласку гаспадарскую» на вайну свае асабістыя падраздзяленні служылых баяр пад уласнымі гербавымі харугвамі. Прыватныя атрады князёў і паноў называліся почтамі. Выстаўлялі ваяроў і станы, чый статус быў паміж шляхтай і сялянствам: былыя ваенныя слугі і збяднелыя баяры — путныя баяры, панцырныя баяры, ардынскія слугі, замкавыя слугі і іншыя. За вайсковую службу яны вызваляліся ад падаткаў і павіннасцяў з зямлі або плацілі іх меней[1]. Татары ў Вялікім Княстве Літоўскім, паводле ўмоў іх пасялення, былі абавязаны асабіста служыць вялікаму князю; пазней, калі іх надзелы-трыманні-маёнткі пераходзілі да хрысціян, тыя таксама выстаўлялі з іх лёгкага конніка[2].

Паспалітае рушэнне XV—XVII стагоддзяў

[правіць | правіць зыходнік]

У XV—XVI стагоддзях узрасло значэнне баярскага (рыцарскага) войска. У выпадку вайны кожны князь, пан, баярын і татарын, незалежна ад велічыні зямельнага трымання або маёнтка, павінен быў сам ісці ў паход у поўнай зброі. Акрамя таго, кожны землеўладальнік, залежна ад матэрыяльнага стану, быў абавязаны выстаўляць пэўную колькасць вершнікаў («коней») і пехацінцаў (драбаў), таксама ў поўнай зброі. За права валодання зямлёй феадал, паводле Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1529 года, адпраўляў на вайну аднаго «каня» з 2400 моргаў («конь» — узброены вершнік, незаможныя баяры самі выступалі гэтым «канём», заможныя выстаўлялі некалькі «коней», якімі апроч уласна іх былі іх залежныя баяры, ваенныя слугі або наёмнікі).

Першая спроба дзяржаўнага ўнармавання вайсковай павіннасці ў маштабах усёй дзяржавы адбылася ў 1502 годзе на сойме ў Навагрудку, калі было пастаноўлена выстаўляць аднаго каня з 10 сялянскіх службаў[3]. У 1528 годзе норма змянілася на аднаго каня з 8 службаў[3]. Форма арганізацыі войска паводле зямельнага абавязку шляхты і мяшчанства называлася паспалітам рушэннем (лац.: militia)[4].

Мабілізацыя паспалітага рушэння звычайна займала каля месяца, хоць у экстраных выпадках, як падчас клецкай кампаніі 1506 года, збор войска за 10 дзён лічыўся гранічна складаным заданнем[5]. Магнаты мелі магчымасць адпраўляць палову сваіх почтаў неадкладна пасля загаду, у той час як другая палова рыхтавалася да агульнага тэрміну збору[5]. Невыкананне шляхтай тэрмінаў збору было настолькі пашыраным, што ў 1507 годзе ўрад вымушаны быў замяніць смяротнае пакаранне за першае спазненне на штраф у 100 рублёў, каб унікнуць празмерных рэпрэсій супраць значнай часткі рыцарства[6].

У войску дзейнічалі палявыя трацейскія суды, якія разглядалі спрэчкі паміж ваярамі; вядомы выпадак 1514 года, калі суд прысудзіў кампенсацыю за коней, скрадзеных падчас нясення варты[7].

На пачатку XVI стагоддзя пачала фармавацца іншая форма арганізацыі ўзброеных сіл — асобныя атрады дваран гаспадарскіх, якія па сутнасці былі тыпам надворнага (пастаяннага) войска[8]. Яны былі мабільнай сілай, якую манарх мог сабраць значна хутчэй за паспалітае рушэнне[9]. Значную частку дваран гаспадарскіх на пачатку XVI стагоддзя складалі таксама эгзулянты — дробная і сярэдняя шляхта, якая пакінула маёнткі на ўсходніх землях (Бранск, Смаленск і іншыя), захопленых Масквой[10]. Каля чвэрці гэтага корпуса дваран складалі ўцекачы з суседніх дзяржаў — Масквы, Разані і Малдавіі[11].

У пачатку XVI ст. вылучалі «зброю стральчую» — палегчаны тып рыштунку (звычайна без абароны ног), які выкарыстоўваўся лёгкай і сярэдняй кавалерыяй[12]. Для барацьбы з цяжкаўзброенай кавалерыяй эфектыўна выкарыстоўвалася ўдарна-раздрабняльная зброя: перначы (буздыганы) і кісцені[13]. Вайсковая эліта надавала вялікую ўвагу параднаму выгляду сваіх атрадаў; напрыклад, у 1516 годзе ў арсенале пана Солтана зафіксаваны страўсавыя пёры, аздобленыя золата, для ўпрыгожвання рыштунку пахолкаў[14].

Большую частку баярскага апалчэння Княства складалі цяжкаўзброеныя вершнікі (рыцарства — капійнікі). Яны былі ўзброены доўгімі коп’ямі-дзідамі для тараннага ўдару і кароткімі (вошчапамі, суліцамі, рагацінамі для мятання і бою на кароткай дыстанцыі), мячамі і кляўцамі, мелі надзейны ахоўны рыштунак, цяжкіх коней. З ахоўнага ўзбраення на пачатку XVI стагоддзя выкарыстоўваліся шаломы (у тым ліку традыцыйныя для Русі шаломы з барміцамі), капаліны, прылбіцы (арметы), салады, а таксама брыгантыны (бехцеры), люстэркавыя даспехі і кірасы (зброі бляховыя)[15]. Традыцыйнай аховай былі таксама панцыр і шчыты розных формаў, у тым ліку павезы[16]. Сярод баявой зброі асабліва папулярным стаў корд, які выкарыстоўваўся нават як сімвалічнае азначэнне зброі ўвогуле[13]. Пры неабходнасці выкарыстоўваліся таксама рагаціны і вошчапы, а суліца прызначалася для кідання ў праціўніка[13]. Іншая частка — стральцы — мела лукі або арбалеты (кушы). Ваяры складалі невялікія атрады — коп’і, якія аб’ядноўваліся ў харугвы (сцягі). Харугвы камплектаваліся па тэрытарыяльным прынцыпе або выстаўляліся буйнымі землеўладальнікамі (князямі). Да бою харугвы шыхтаваліся звужанымі наперадзе калонамі. Спераду размяшчаліся цяжкаўзброеныя капейнікі, за імі лягчэйшыя і стральцы. Да канца XVI стагоддзя шляхецкае апалчэнне Княства складалася практычна выключна з коннікаў. Пяхота выкарыстоўвалася ў асноўным для аховы замкаў і абозаў, пры будаўніцтве палявых умацаванняў, дарог і грэбляў для перамяшчэння войска або ў крытычныя моманты бітвы. Каб ператварыць абоз у абаронены табар, павозкі ставіліся колам або замкнёным перыметрам, іх маглі акоўваць жалезам і звязваць ланцугамі. З 1382 года вядома пра выкарыстанне ў Княстве артылерыі[17].

У пачатку XVI стагоддзя ў ваеннай справе адбыліся значныя змены. Масава пачала ўжывацца агнястрэльная зброя — гакаўніцы, марціры і гарматы, як пры аблогах, так і ў палявых бітвах. На пачатку XVI стагоддзя ў палявых бітвах пачалі выкарыстоўваць мабільныя гарматы на колах — гуфніцы[18]. Як палявое тактычнае пастраенне кавалерыя і пяхота пачала ўжываць караколі-контмаршы: калі шэрагі стральцоў змяняюць адзін другога пасля залпу з агнястрэльнай зброі. З’явілася вайсковая спецыяльнасць артылерыстаў — «пушкароў», якія абслугоўвалі гарматы і рабілі для іх «порахі». Найбольш вядомыя вялікалітоўскія вайсковыя тэарэтыкі сярэдзіны XVII стагоддзя — артылерыст Казімір Семяновіч[19] і матэматык, картограф і архітэктар Юзаф Нарановіч-Наронскі. Аднак у Вялікім Княстве з прычыны ваенных рабаванняў і знішчэння інфраструктуры, нястачы дзяржаўных інвестыцый не атрымалася стварыць моцную дзяржаўную артылерыю і фартыфікацыю. Пад дзяржаўныя вайсковыя патрэбы прыцягвалі прыватныя арсеналы. У 1609—1611 гадах пры аблозе Смаленска вялікалітоўскія войскі мелі 30 гармат з Рыгі і Слуцка, а маскоўцы — 170 гармат. У 1676 годзе артылерыя Княства мела 47 гармат. Тым самым часам радзівілаўскія Слуцк — 53, а Нясвіж — 50 гармат. Аднак Паўночная вайна 1700—1721 гадоў вынішчыла гарматны парк паўсюль у Княстве. Толькі Радзівілы здолелі падняць колькасць прыватнага парку гармат да корпуса артылерыі ў 1760-я гады[20].

Неабходнасць вядзення войнаў з лёгкімі і хуткімі вершнікамі праціўніка, з татарамі і маскоўцамі, спарадзіла новыя віды кавалерыі — гусараў, пяцігорцаў[be-tarask], казакаў. Паспалітае рушэнне збіралася вельмі працяглы час, таму былі неабходны сталыя гарнізоны ў памежных замках, якім плаціў, забяспечваў ежай і ўсім неабходным або вялікі князь, або горад, або магнат. З сярэдзіны XVI стагоддзя на небяспечных памежжах з Масквой і татарамі пачалі фармавацца тэрыторыі, дзе нешляхецкае насельніцтва са статусам казакаў і баяр несла вайсковую службу і карысталася асаблівым прававым статусам. Узбагачэнне шляхты і рост яе правоў сталі грунтам яе жадання перакласці абавязак асабістага ўдзелу ў вайне на найманыя войскі. Але войны былі працяглымі, на далёкіх тэрыторыях, а замежныя найміты былі дарагімі. Сяляне былі вызвалены ад абавязку ўдзелу ў абароне. Вайсковая-«рыцарская» служба вылучала і ставіла шляхту вышэй за іншыя станы грамадства. Нехта са шляхецкай сям’і абавязаны быў служыць: калі не бацька, то сыны, браты, калі ў сям’і не было дарослых мужчын — жанчыны давалі грошы на павятовую харугву.

Прафесіяналізацыя войска

[правіць | правіць зыходнік]

Для ўліку колькасці і якасці войска, што неабходна для планавання кампаній, праверкі наяўнасці зброі ў шляхты, асабістай навучанасці і баявога заладжвання атрадаў праводзілі попісы і агляды па паветах і агульныя попісы ўсяго Вялікага Княства Літоўскага. У 1528[21], 1565, 1567[22] гадах праводзілі попісы войска Вялікага Княства Літоўскага. Раннія фрагменты попісаў вядомыя таксама з 1509 і 1524 гадоў[23]. Звесткі попісаў (асабліва 1528 года) маглі быць заніжанымі, бо шляхта сама падавала іх і часта імкнулася паменшыць памер сваёй вайсковай павіннасці[23].

На пачатку XVI стагоддзя пачало фармавацца вайсковае права. Першыя вядомыя ваенныя статуты (артыкулы) былі прыняты на соймах у Мінску 13 жніўня 1507 г. і 5 чэрвеня 1508 г.[7]. Яны вызначалі ўладу гетмана (у прыватнасці Станіслава Кішкі), які меў права караць і ўзнагароджваць жаўнераў, а за дэзерцірства ці наўмыснае раненне прадугледжвалі смяротнае пакаранне[7].

Другі статут Вялікага Княства Літоўскага 1566 года ўвёў неабходнасць абавязковага атрымання каралём згоды вальнага сойма дзеля абвяшчэння паспалітага рушання. Віленскім земскім прывілеем 1565 года вызначаны дзень штогадовых збораў павятовай шляхты — 8 верасня. Пасля 1613 года былі вызначаны 4-дзённыя зборы раз на 2 гады, таксама 8 верасня.

Няяўка на попіс каралася штрафам у 200 коп літоўскіх грошай (500 злотых польскіх), а падчас вайны — канфіскацыяй маёмасці. Паводле пастановы 1507 года, за няяўку ў тэрмін шляхціц павінен быў заплаціць 100 рублёў, а пры працяглай адсутнасці — карацца смерцю[6]. Выплата штрафу не вызваляла ад асабістага з’яўлення на чале почту (неакрэсленага памеру). Удовы, дзеці або хворыя (пацверджаныя сведкамі і пад прысягай) — выстаўлялі або дарослых братоў і сыноў, або замену адпаведна маёмасці ў павеце ў яго рушэнне. Паны радныя, ураднікі, князі і паняты маглі ставіць почты асобна ад павета ў «адпаведнасці даўнім звычаям» або «на ласку гаспадарскую». На 1567 год почты магнатаў складалі 26 % ад агульнай колькасці войска Вялікага Княства Літоўскага[24]. Касцёл таксама выстаўляў почты з уладанняў на земскім праве.

Сойм абвяшчаў попіс, харунжы павета ехаў на чале свайго павета на месца збору, дзе ён іх, перапісаўшы, перадаваў або кашталяну ваяводства, або павятовым маршалкам (для неваяводскіх паветаў); пасля ўсе разам, сустрэўшыся з ваяводам, рушылі на месца агульнадзяржаўнага збору паспалітага рушэння і, перадаўшы спіс, атрымлівалі вырак гетмана па адсутных. У Інфлянцкай 1558—1570 гадах і Полацка-Пскоўскай кампаніі 1579—1582 гадах, ці пад Хоцімам 1620—1621 гадах — паспалітае рушанне складала да 80 % войска. У сярэдзіне XVI стагоддзя паводле дэмаграфічных паказчыкаў магло быць выстаўлена 70 000 ваяроў[22][25], але да войска на попісы не даходзіла і 50 000[26]. Прыбытку скарба ў 3 млн злотых у 1625—1627 гадах хапала на аплату 5000 жаўнераў, а добраахвотнікаў-наймітаў у Вялікае Княства Літоўскае на пачатку XVI стагоддзя рэдка было болей за 3000 з усёй Рэчы Паспалітай. Выключэннем стаў удзел абывацеляў Вялікага Княства Літоўскага ў разрабаванні Маскоўскай дзяржавы падчас Смуты, але гэты ўсплёск актыўнасці суправаджаўся вялізарным крызісам з нявыплатамі, канфедэрацыямі і рабаваннем уласнай тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Пік мабілізацыі шляхецкага грамадства і наёму знешніх ваяроў на службу адбыўся падчас Патопу. У 1661 годзе колькасць войска склала 23 000. Аднак велізарныя дэмаграфічныя і эканамічныя страты пасля Патопу, магнацкая алігархія і шляхецкае свавольства зменшылі магчымасць аплачваць утрыманне дзяржаўнага войска.

Пасля 1717 года дзяржаўнае войска рэдукавалі (зменшана колькасць аплочаных са скарбу жаўнерскіх і афіцэрскіх ставак) да 6 100 і больш не павялічвалі аж да паўстання 1794 года[27]. У прыватных арсеналах і скарбах магнатаў назапашваліся большыя сродкі для ўтрымання большага колькасцю, лепш узброенага і навучанага войска, чым магла сабраць і выставіць дзяржава.

Вялікі гетман літоўскі Ян Караль Хадкевіч, пачатак XVII стагоддзя.

Набор войска на вайну з часоў Сярэднявечча пачынаўся загадам гаспадара, які пасля Люблінскай уніі пацвярджаў сойм. Кароль рассылаў па паветах і гарадах тры віцы «да ўсіх каму ведаць належала», прыпаведныя лісты да будучых ротмістраў, прыгадваючы абавязак абараняць краіну і абгаворваючы ўмовы або ўдзелу ў абавязковай абароне, або найму на службу. Гарады выстаўлялі свае дзясяткі і сотні пяхоты і кавалерыю (казакаў) у агульнае войска, калі ім нічога не пагражала, бо іх першаснай задачай і абавязкам была абарона саміх сябе.

Згодна з правам, паспалітае рушэнне збіралася выключна дзеля абароны, яго нельга было выкарыстоўваць па-за межамі краіны. Кожны наступны ўладар пасля Генрыка Валуа пацвярджаў у сваіх умовах абрання, што не будзе выводзіць паспалітае рушанне за мяжу без згоды сойма, а калі такі дазвол будзе атрыманы, аплочваць службу як наёмнікам «у пяць грыўнаў» усім жаўнерам са сваёй кішэні[28]. Калі Інфлянцкая вайна спачатку была абарончай для Вялікага Княства Літоўскага, шляхта служыла з абавязку абароны ўласнага краю, але калі выбарны кароль Стэфан Баторый пажадаў вывесці земскую службу за межы Рэчы Паспалітай — пад Пскоў, шляхта пагадзілася служыць «у чужым краі» толькі за асобную аплату з каралеўскага скарбу. Гэта быў прэцэдэнт, які распаўсюдзіўся на войска Вялікага Княства Літоўскага падчас вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй у Інфлянтах, бо шведы не ўрываліся ў межы Вялікага Княства Літоўскага, а вайна вялася фармальна за шведскую карону Жыгімонта Вазы; кароль быў вымушаны пагадзіцца і разлічвацца са шляхтай, якая наймалася на службу, як за вайну «на патрэбу караля яго міласці ў чужым краі» не за кошт саміх абавязаных, а са сродкаў дзяржавы і яго двара (каралеўскіх эканомій, падаткаў і іншага). Большасць жаўнераў працягвала вербавацца на службу магнацкімі дамамі і складалася са шляхты, якая, у адрозненне ад замежных наймітаў, у выпадку канфліктаў інтарэсаў з дзяржавай мела права і магчымасці адстойваць іх праз з’езды, соймы і канфедэрацыі[29].

Гусар і пяцігорац Вялікага Княства Літоўскага з карты Біржанскага княства (Юзаф Нарановіч-Наронскі, 1645).

Уніфікацыя тактычных якасцяў і прафесіяналізацыя відаў кавалерыі і пяхоты ў Польшчы адбылася ў часы Стэфана Баторыя, а ў Вялікім Княстве Літоўскім пры Жыгімонце Вазе. Вясной 1601 года былі апісаны камплекты ўзбраення для гусараў, пяцігорцаў, казакаў, пяхоты[30]. Такім чынам утвараліся тактычныя адзінкі (роты і палкі), якія маглі разам выконваць аднолькавыя функцыі на полі бою і падчас маршаў. Без пэўнага камплекту зброі і каня ваяр не мог паступіць на дзяржаўную службу. У адпаведнасці з наяўным у яго камплектам узбраення налічвалася аплата за службу (гусарыя, рэйтар, пяцігорац, казак, татарын, пяхотнік). Аплата гусарскай службы за чвэрць года на працягу 1600—1632 гадоў вырасла з 18 да 30 злотых. Жаўнеры пачалі жыць са сваёй прафесіі.

Найманыя атрады называліся ротамі. Ротамі кіравалі ротмістры[31]. Ім падначальваліся, але былі роўняй, таварышы, якія наймаліся самі і прыводзілі іншых паводле кантракту (прыпаведнага ліста) на службу ў роту або полк. У выпадку стварэння канфедэрацыі таварыства выбірала ротмістраў, палкоўнікаў, праз якіх жаўнерскае кола вяло перамовы і дзяржава разлічваліся з войскам. Статут 1588 года замацаваў уведзеную ў 1535 годзе вышэйшую судовую ўладу гетмана і распаўсюдзіў на шляхту паспалітага рушэння раней ужыванае толькі да наймітаў права гетмана караць горлам (смерцю) парушальнікаў дысцыпліны. У 1620 годзе вальны сойм пацвердзіў ужыванне гетманскіх артыкулаў 1609 года да паспалітага рушэння, што фармальна ўраўнала статус найманага і айчыннага жаўнерства[32].

Выбранецкая пяхота (1 чалавек з 20 дымоў) была ўведзена ў Польшчы з 1578 года, а ў Вялікім Княстве Літоўскім з 1595 года. Сваякі выбранца вызваляліся ад падаткаў і забяспечваліся вёскай; ідучы на службу, выбранцы павінны былі мець ежу на месяц, быць апрануты, мець рушніцы, шаблі, сякеры. Агулам пяхота Вялікага Княства Літоўскага ў XVI—XVII стагоддзях пад кіраўніцтвам замежных інструктараў змянялася на венгерскі, а потым на нямецкі манер, адмовілася ад доўгіх пік (яны былі нязручнымі ў транспарціроўцы, а вялікалітоўская пяхота ў полі была заўсёды пад абаронай сваёй кавалерыі, больш шматлікай за яе) і зрабіла стаўку на рушніцы — мушкеты, модныя, але на той час яшчэ малаэфектыўныя стрэльбы. У Вялікім Княстве Літоўскім праз усю гісторыю была айчынная і найманая з «немцаў» пяхота. У 1607 годзе і «польскую пяхоту» (паняцце ўжывалася як скарот ад Рэчы Паспалітай і не мела жорсткіх этнічных маркераў, напрыклад пад Кірхольмам было дзве «польскія» харугвы выбранцоў з-пад Шавеля і Берасця)[33] закранула падвышэнне ставак. Жолд вырас на злоты: ротмістрам выбранцоў да 20 злотых, паручнікам 10 злотых, дзясятнікам выбранцоў і музыкам да 4 злотых, а шараговым выбранцам да 3 злотых.

Вялікі гетман літоўскі Ян Павел Сапега.

Баявыя якасці выбранцоў, аднак, былі нізкімі, і іх часцей ужывалі для сапёрных работ, чым у палявых бітвах. Лепшымі былі ўзбраенне і вывучка замежных прафесіянальных наймітаў. На іх аснове, збольшага пры Уладзіславе Вазе ў 1630-я гады, была створана пяхота «айчыннага» і «чужаземнага ўзору» (нямецкага аўтараменту). Першая апраналася ў традыцыйную вопратку сваіх народаў, другая — у нямецкую, але абедзве набіраліся ўжо збольшага з грамадзян Рэчы Паспалітай. Яны былі ўзброеныя і дзейнічалі, як і іншыя заходнееўрапейскія фармацыі свайго часу. Удзельнікі Смаленскай вайны Уладзіслава Вазы ў 1630—1633 гадах у большасці былі ўключаны ў дзяржаўны кампут (23 000 ставак на 1632 год), гэта значыць атрымлівалі забеспячэнне і аплату за службу ад дзяржавы.

У XVII−XVIII стагоддзях пяхотныя і рэйтарскія палкі складаліся з 1000—2000 порцый (900—1800 жаўнераў) і называліся рэгіментамі, пазней батальёнамі. Яны складаліся з 8—10 кампаній-рот па 80—170 байцоў. Пяхота ваявала контрмаршам, даючы залп і адыходзячы за спіны наступнаму шэрагу для перазарадкі мушкетаў. Штаб рэгіменту складаўся з палкоўніка, падпалкоўніка, маёра, кватэрмістра, сакратара, аўдытарa, капеляна, вахмістра (кіраўніка варты), лекара, профаса (кіраўніка палкавой жандармерыі), кіраўніка табару, добаша (барабаншчыка) палка і іх памочнікаў. У складзе кожнай кампаніі быў яе штаб (малая прымапіяна) у складзе капітана, паручніка, харужага, зброймістра (каптэнармуса), фельчара, двух сержантаў, фуражэра, які забяспечваў харчаванне, трох капралаў, некалькіх добашаў (часам трубачоў, дудароў і іншых музык) i пісара кампаніі[34].

Акрамя таго, на дзяржаўную і прыватную службу наймалі пяхоту з запарожскіх казакаў, шкотаў, галандцаў, англічан, немцаў. «Айчынныя» атрады войскаў Вялікага Княства Літоўскага з іх, падчас вайсковых рэформ Вазаў, пад інструктажам нямецкіх, галандскіх і італьянскіх афіцэраў пераймалі еўрапейскія практыкі і выглядам. Пра ўпартасць манархаў у справе рэфармавання сведчыць той факт, што хаця кавалерыя Вялікага Княства Літоўскага ў гэты перыяд граміла шведаў і немцаў ва ўсіх палявых бітвах, але нанятыя рэйтары або пяхота з немцаў у 1600−1620-я гады атрымлівалі такі самы жолд, што і айчынная эліта ў гусарыі (па 20—30 злотых за чвэрць года).

Віды і роды войск

[правіць | правіць зыходнік]
Гусарскі дробаш, трубачы і гусары ў 1605 годзе.

Аснову ўзбраення першых гусараў складалі дзіда і шчыт, пачаткова яны былі лёгкай кавалерыяй — эмігрантамі з Балкан, спрактыкаванымі ў бітвах з туркамі. Рацы (сербы) з’явіліся на вялікалітоўскай службе каля 1500 года ініцыятывай князя Міхаіла Глінскага[35]. Гэта была лёгкая кавалерыя, узброеная дзідамі і шчытамі, якая звычайна не выкарыстоўвала ахоўнага ўзбраення[36]. На пачатку XVI ст. паняцце «гусар» было блізкім да рацаў, аднак гусары (венгерскага ўзору) выкарыстоўвалі ахоўнае ўзбраенне, перш за ўсё кальчугу[35]. Паколькі Стэфан Баторый падчас войнаў з Масквой паабяцаў іх фармацыям самую вялікую аплату, туды запісалася эліта Вялікага Княства Літоўскага ў сваіх высакаякасных цяжкіх нямецкіх рыцарскіх даспехах, на каштоўных канях і з доўгімі дзідамі. Так гусары Рэчы Паспалітай, у адрозненне ад сваіх балканскіх прататыпаў, сталі выкарыстоўваць поўныя абарончыя даспехі і ператварыліся ў лепшую на кантыненце цяжкую капійную кавалерыю.

Класічныя «зброі бляховыя» гусар Рэчы Паспалітай XVII стагоддзя са збораў Музея Войска Польскага: шышак, кіраса, пад іх апранаўся панцыр (кальчуга), скураная ці прашываная куртка, нарукаўнікі і паножы.
Рэмбрант ван Рэйн. Польскі вершнік (лісоўчык), каля 1655 года.

пяцігорцаў[be-tarask] і рэйтары былі лягчэйшымі за гусар, цяжкімі і сярэднімі вершнікамі, не ўжывалі дзід для атакі, а карысталіся белай зброяй, стрэльбамі і пісталетамі. Розніца паміж імі была, што адны былі ў добрым усходнім (каўказкім) абарончым даспеху, другія — у заходнім. Лёгкую стралецкую конніцу складалі лісоўчыкі, татары і казакі. Татары мелі сцяганыя халаты, часам панцыры (кальчугі) і рагаціны. Зброяй казакаў быў лук, часам у спалучэнні з кароткай дзідай і адсутнасць засцерагальнага ўзбраення. Для Вялікага Княства Літоўскага гэта від лёгкай кавалерыі і пяхоты, а не прывязаны да асобнай тэрыторыі, як на Украіне.

У 1617 годзе ў інфлянцкім войску Вялікага Княства Літоўскага, на год раней за кароннае, з’явіліся французскія найміты — драгуны (драгоны[pl]) — цяжкая пяхота на конях, задачай якой было пад’язджаць пад абстрэлам, спешвацца і браць варожыя ўмацаванні. За XVII стагоддзе вырасла моц палявой артылерыі, а інжынерныя абарончыя ўмацаванні станавіліся непераадольнымі для кавалерыйскай атакі, таму ўтрыманне элітнай кавалерыі задорага каштавала самаму рыцарству і дзяржаве[37]. Дысцыпліна шляхецкага войска была слабой, «рыцарства» адмаўлялася капаць зямлю і лазіць пад абстрэлам па драбінах на штурмы варожых бастыенаў «як халопы». Так ці іначай, у баях шмат гусар загінула, і іх даспехі трапілі да ворага — пасля Патопу большасць кавалерыі пачалі складаць рэйтары, казакі і драгуны[38].

З прычыны супраціўлення шляхты Рэчы Паспалітай узмацненню ролі манарха праз яго апору на нешляхецкае прафесійнае войска, выбранецкая рэформа ў Вялікім Княстве Літоўскім і Польшчы не развілася ў масавую рэкруцкую нацыянальную пяхоту, артылерыя і будаўніцтва замкаў не атрымалі вялікіх дзяржаўных інвестыцый. Спроба стварыць флот[pl] на Балтыцы пры Жыгімонце Вазе датычылася не Вялікага Княства Літоўскага, а Швецыі, Польшчы і Прусіі і скончылася правалам, а флот курляндскіх васалаў належаў ім, а не каралю і агульнай дзяржаве — Рэчы Паспалітай.

Хранічнай праблемай войска Вялікага Княства Літоўскага было тое, што чвэрць прыбыткаў з каралеўскіх эканомій, якая павінна была ісці з часоў Жыгімонта Вазы ў спецыяльны ваенны фонд — кварту, на наём і аплату забеспячэння войска, туды рэдка даходзіла. Фінансаванне арміі заставалася ў руках соймаў, якія маглі, пільнуючы інтарэсаў асобных палітыкаў, не ўхваляць падаткаў, а магнаты атрымлівалі вызваленні ад падаткаў для каралеўскіх эканомій, якія былі ў іх у арэндзе. Войска збіралася толькі на вайну — потым распускалася. Шляхта часта стварала канфедэрацыі і зрывала ваенныя кампаніі.

Калі за XVI—XVIII стагоддзі ў Еўропе адбываўся пераход да кадравай — рэкруцкай арміі, афіцэрскі корпус Рэчы Паспалітай праз карумпаванасць магнацкіх родаў быў нешматлікім і закрытым для асоб простых станаў і дробнай шляхты. Выдаткі дзяржавы на ўмацаванні, арсеналы былі мінімальнымі, бо ў мірныя гады падаткі на вайсковыя патрэбы сойм звычайна не ўхваляў, а гарады і кароль эканомілі. Каралі саксонскай дынастыі Вецінаў[pl] ўвялі ў Рэчы Паспалітай батальёны, швадроны і іншыя еўрапейскія тактычныя злучэнні, масай кавалерыі сталі ўланы, кірасіры, драгуны, на стрэльбы пяхоты замацавалі штыкі (багнэты), але з-за супраціву суседзяў і магнатаў каралі не маглі павялічыць колькасць дзяржаўных войскаў Вялікага Княства Літоўскага[39].

Крызіс дзяржаўнасці і пастаянная прысутнасць замежных войскаў на тэрыторыі краіны ў сярэдзіне XVIII стагоддзя[40] сведчылі, што наспелі рэформы па мадэрнізацыі войскаў. У 1765 годзе вальным соймам была абраная Вайсковая камісія Вялікага Княства Літоўскага — калегіяльны орган па пытаннях арганізацыі і забеспячэння арміі. У тым жа годзе на грошы Станіслава Панятоўскага была заснаваная першая вышэйшая дзяржаўная вайсковая навучальная ўстанова Рэчы Паспалітай — Рыцарская школа. Нахабныя дзеянні расіян і прусакаў на землях Рэчы Паспалітай і ў знешняй палітыцы прывялі да паўстання Барскай канфедэрацыі і баявых дзеянняў 1768−1772 гадоў. Па задушэнні паўстання інтэрвентамі і першым падзеле, аднак, справа рэфармавання войска аднавілася.

Пасля рэформ 1786 года

[правіць | правіць зыходнік]

Пытанні арганізацыі і забеспячэння арміі кантралявала Вайсковая камісія Вялікага Княства Літоўскага. Армія Вялікага Княства Літоўскага і армія Каралеўства Польскага разглядаліся як корпусы агульнай арміі Рэчы Паспалітай. У 1786—1795 гадах армія Княства складалася з гвардыі, корпуса інжынераў, корпуса артылерыі, пярэдняй стражы і корпуса пяхоты і кавалерыі. Корпус пяхоты і кавалерыі (Корпус войскаў Вялікага Княства Літоўскага) складаўся з двух дывізій змешанага тыпу, якія фарміраваліся па тэрытарыяльным прынцыпе, кожная ў сваёй вайсковай акрузе. Тым жа часам Корпус пяхоты і кавалерыі Кароны складаўся з чатырох дывізій. Армія камплектавалася з добраахвотнікаў і прыгонных сялян праз рэкруцкі набор.

У кавалерыі таварышы і паштовыя, у пяхоце шараговыя, фузілёры, пешыя стралкі. Стварэнне прафесійнай арміі і яе павелічэнне скончыла прайграная вайна за незалежнасць і яе працяг — спроба агульнага бясстанавага паўстання пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі і Я. Ясінскага, падтрыманага рэгулярнай арміяй Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы.

Строй, сімволіка і спадчына

[правіць | правіць зыходнік]
Гусарскі дробаш, трубачы і гусары 1605 года.
Пяхота Кароны і Княства ў вясельным картэжы Жыгімонта Вазы ў 1605 годзе.

Дзяржаўная пяхота ў Вялікім Княстве Літоўскім XVII стагоддзя мела шэры ці сіні колер вопраткі (барвы). Сукно, боты і зімовыя кажухі забяспечвала дзяржава. Шляхта і іх почты, а таксама гарадскія ваяры насілі вопратку ўласных гербавых колераў у мірны час.

На вялікім дзяржаўным сцягу і павятовых харугвах Вялікага Княства Літоўскага з Сярэднявечча прысутнічала выява Пагоні[41] на тле белага і чырвонага колеру. І ў Польшчы, і ў Вялікім Княстве Літоўскім гербавая фігура белага колеру, шчыт чырвоны. Таму яшчэ да моды на нацыянальныя сцягі гэтыя колеры часцей за ўсё прысутнічалі на прапарцах кавалерыі і павязваліся матузкамі паверх даспеха для арыентацыі ў бітвах.

Кавалерыст народнай кавалерыі Вялікага Княства Літоўскага 1-й ковенскай брыгады 1792 год.

Са зменай моды і адміраннем цяжкога даспеху, нацыянальная (народная) кавалерыя XVIII стагоддзя, дзяржаўная пяхота і артылерыя апрануліся ў еўрапейскія мундзіры, колер якіх быў зафіксаваны юрыдычна ў строях узору 1786—1789 гадоў. У кавалерыі аднолькавыя мундзіры былі ўведзены ў 1786 годзе. У пяхоты паводле строю ўзору 1789 года ў кожным палку меўся свой колер прыборнага сукна. У кавалерыі і пяхоты былі курткі гранатавыя (польск.: granatowy — цёмна-сіні), у артылерыстаў і пешых стралкоў — зялёныя. На галаве шараговых — шапка (каскет, фр.: casquette) з Арлом і літарамі SAR (Stanislaus Augustus Rex), у кавалерыі — рагатыўкі (канфедэраткі, правобразам якіх былі шапкі ўланаў — татараў Вялікага Княства Літоўскага), у пешых стралкоў — капелюшы. Пагоня ўжывалася на вальтрапах, набойніцах, партупеях, спражках. Цэшка ў арміі Вялікага Княства была белая.

Уплыў традыцый войска ВКЛ на вайсковае мастацтва Еўропы

[правіць | правіць зыходнік]

Пастаянныя перамогі гусарыі і агулам кавалерыі Вялікага Княства Літоўскага над шведамі ў палявых бітвах у пачатку XVII стагоддзя прымусілі Густава ІІ Адольфа распрацаваць лінейную тактыку (гл. Армія Густава II Адольфа[ru]) з апорай на агнястрэльную моц пяхоты і інжынерныя ўмацаванні, якая стала пануючай у Еўропе пасля Трыццацігадовай вайны.

Уланы 4-га і 5-га палкоў варты войска Вялікага Княства Літоўскага 1775 год.

Дзякуючы адданай службе Аляксандра Улана Асанчуковіча і 8 харугваў літоўскіх татараў у Паўночную вайну 1700—1721 гадоў Аўгусту Моцнаму пры двары саксонскіх каралёў у пачатку XVIII стагоддзя з’явіўся новы від кавалерыі — уланы[42]. Узбраенне і рыштунак літоўскіх татар сталі ўзорам для лёгкай кавалерыі XVIII—XX стагоддзяў ва ўсім свеце.

Традыцыі вайсковасці Вялікага Княства Літоўскага працягнулі «літоўскія» і «беларускія» палкі і афіцэры на службе расійскіх імператараў і Напалеона.

Артэфакты ў музеях

[правіць | правіць зыходнік]

У Этналагічным музеі (Вена) захоўваюцца чатыры даспехі Радзівілаў і Стэфана Баторыя, у стакгольмскім музеі Ліўрусткамарэн — парадны даспех Жыгімонта Аўгуста. У Варшаве ў Музеі Войска польскага і Нацыянальным музеі захоўваюцца шаблі, даспехі, гарматы з земляў Вялікага Княства Літоўскага, куртка афіцэра корпуса артылерыі Княства і шапка шараговага 4-га пяхотнага рэгіменту.

Бітва пад Грунвальдам (карціна Яна Матэйкі).

Удзел у баявых дзеяннях

[правіць | правіць зыходнік]

Камандныя ўрады і пасады

[правіць | правіць зыходнік]

Найважнейшыя бітвы

[правіць | правіць зыходнік]
Войскі Вялікага княства Літоўскага ў Грунвальдскай бітве 15 ліпеня 1410 года
Ілюстрацыя Грунвальдскай бітвы ў Бернскай хроніцы Д. Шылінга, 1483 год.
Рэльеф з замка Марыенвердэр (цяпер Квідзын) з выявай бітваў з Тэўтонскім ордэнам (рэканструкцыя рэльефу 1-й паловы XIV стагоддзя)
  • 16 лютага 1270 года — Бітва пры Карусе. Войскі Княства на чале з Трайдзенем на лёдзе Балтыйскага мора разграмілі лівонскіх крыжакоў, падтрыманых датчанамі. Загінуў лівонскі ландмайстар Ота фон Лютэнберг, правадыр датчан Эйларт, 52 рыцары і каля 600 звычайных жаўнераў.
  • 5 сакавіка 1279 года — Бітва пад Ашэрадэнам. Войскі Княства пад кіраўніцтвам Трайдзеня разграмілі лівонскіх крыжакоў. Лівонскі ландмайстар Эрнст фон Ратцбург і 71 рыцар былі забітыя.
  • 1321 год — Бітва на рацэ Ірпень. Войска Вялікага княства Літоўскага разграміла войска Кіеўскага княства. Гэтая бітва ўсталявала ўладу ВКЛ на некалькі стагоддзяў над сучаснымі ўкраінскімі землямі — Галіччынай, Падоллем, Валынню, Брацлаўшчынай і Кіеўшчынай.
  • восень 1362 года — Бітва на Сініх Водах. Бітва была галоўнай падзеяй y наступленні Вялікага Княства Літоўскага на падпарадкаваныя татарам землі паўднёва-заходняй Русі. Гэтая перамога аддала Альгерду ўсё Падолле, а ў стратэгічным выніку — і Кіеўшчыну.
  • 12 жніўня 1399 года — Бітва на Ворскле. Бітва паміж саюзным войскам вялікага князя Вітаўта і хана Тахтамыша, з аднаго боку, і войскам Залатой Арды на чале з ханамі Цімур-Кутлукам і Эдзігеем.
  • 15 ліпеня 1410 года — Грунвальдская бітва. Бітва паміж злучаным войскам Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага і войскам Дзяржавы Тэўтонскага ордэна. Хаўруснае войска Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага ўзяло поўную перамогу. Загінулі 18 тысяч нямецкіх рыцараў, воінаў і чэлядзі, яшчэ 14 тысяч былі ўзяты ў палон, а ўратавалася толькі трохі больш за 1400 чалавек. Былі ўзятыя ўсе гарматы і 52 сцягі крыжацкага войска. Перамога пераламіла ход Вялікай вайны.
  • 1 верасня 1435 года — Бітва пад Вількамірам, памёр магістр Лівонскага ордэна Франк Керскорф. Зыход бітвы фактычна вырашыў вынік усёй вайны на карысць Жыгімонта Кейстутавіча.
  • 14 ліпеня 1500 года — Бітва на Ведрашы. Параза войскаў Княства ад войскаў Вялікага Княства Маскоўскага. Вялікі гетман літоўскі Канстанцін Астрожскі трапіў у палон. Параза і страта ўсходніх зямель выклікала масавую міграцыю шляхты-эгзулянтаў у цэнтр дзяржавы[10].
  • 6 жніўня 1506 года — Клецкая бітва. Бітва паміж войскам ВКЛ на чале з Міхаілам Глінскім і войскам крымскіх татар. У бітве акрамя паспалітага рушэння ўдзельнічалі дваране гаспадарскія, рацы і палявая артылерыя[43]. Перамога войска Вялікага Княства Літоўскага дазволіла вызваліць каля 40 тысяч нявольнікаў, якіх татары збіраліся весці ў Крым, было ўзята 30 тысяч коней. Хан Менглі-Гірэй пад уражаннем ад вынікаў бітвы стаў на пэўны час саюзнікам Вялікага Княства Літоўскага.
  • 8 верасня 1514 года — Бітва пад Оршай. Войска Вялікага Княства Літоўскага пад кіраўніцтвам Канстанціна Астрожскага перамагло пераўзыходнае ў некалькі разоў войска Вялікае Княства Маскоўскае. У бітве ўдзельнічаў значны атрад дваран гаспадарскіх (больш за 1000 чалавек) пад камандаваннем, імаверна, Юрыя Радзівіла[44]. Маскоўскі бок страціў 40 тысяч забітымі, у палон трапілі 10 ваяводаў, 17 вайскаводаў, 2 тысячы «дзяцей баярскіх» і больш за 2 тысячы ваяроў.
  • 26 студзеня 1564 года — Бітва на Уле. Вынікам бітвы і наступнай перамогі літвінаў на Дуброўне пад Оршай быў зрыў вялікага маскоўскага паходу 1564 года. Маскоўскі ваявода Пётр Шуйскі быў забіты мясцовымі жыхарамі.
  • 27 верасня 1605 года — Бітва пад Кірхгольмам. Поўную перамогу ў бітве з шведамі ўзяло войска Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. У выніку была знятая аблога Рыгі, і шведы адступілі з ужо занятых імі земляў Інфлянтаў. Бітва ўваходзіць у лік вядомых поўных перамог, вядомых перамог меншымі сіламі, у лік значных перамог войска Вялікага Княства Літоўскага і ў лік бітв, дзе вырашальную ролю адыграла гусарыя.
  1. Бохан 2005, p. 107—110.
  2. Канапацкі 2005, p. 663—665.
  3. а б Kazakou 2020, p. 56.
  4. Сагановіч 1994, p. 78.
  5. а б Kazakou 2020, p. 58.
  6. а б Kazakou 2020, p. 59.
  7. а б в Kazakou 2020, p. 65.
  8. Kazakou 2020, p. 59, 62.
  9. Kazakou 2020, p. 67.
  10. а б Kazakou 2020, p. 60.
  11. Kazakou 2020, p. 61.
  12. Kazakou 2020, p. 68.
  13. а б в Kazakou 2020, p. 69.
  14. Kazakou 2020, p. 71—72.
  15. Kazakou 2020, p. 66—68.
  16. Kazakou 2020, p. 67—68.
  17. Бохан 2008, p. 449.
  18. Kazakou 2020, p. 71.
  19. Siemienowitcz 1650.
  20. Волков 2018, p. 483.
  21. Перапіс войска Вялікага княства Літоўскага 1528 года. Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кн. 523. Кн. Публічных спраў 1 / Падрыхт. А. I. Груша, М. Ф. Спірыдонаў, М. А. Вайтовіч; НАН Беларусі, Ін-т гісторыі. - Мн.: Бел. навука, 2003. - 444 с. -- ISBN 985-08-0557-9.
  22. а б Русская историческая библиотека. Т. 33. Литовская метрика. Отдел первый. Часть третья: Книги Публичных Дел. Переписи войска Литовского. -- Петроград, 1915.
  23. а б Kazakou 2020, p. 57.
  24. Волков 2018, p. 480.
  25. Пташицкий 1915.
  26. Бохан 2005, p. 108.
  27. Волков 2018, p. 470.
  28. Volumina constitutionum 2005, p. 327, 356.
  29. Якубаў 2014.
  30. Якубаў 2024, p. 181.
  31. Тамковіч 2021.
  32. Якубаў 2010, p. 39—40.
  33. Якубаў 2024, p. 49.
  34. Wimmer 1966, p. 50.
  35. а б Kazakou 2020, p. 64.
  36. Kazakou 2020, p. 63.
  37. Ufano 1614.
  38. Волков 2018, p. 476.
  39. Бохан 2005, p. 110.
  40. Мацук 2010, p. 640.
  41. Guagnini 1578.
  42. Gromoboy 2002.
  43. Kazakou 2020, p. 59, 63, 71.
  44. Kazakou 2020, p. 62, 63.
  • Бохан Ю. М. Вайсковая справа ў Вялікім княстве Літоўскім у дpугой палове XIV — канцы XVI ст. — Мінск: Беларуская навука, 2008. — 449 p.
  • Бохан Ю. М. Наёмнае войска ў Вялікім княстве Літоўскім XV—XVI стст.. — Мінск: Інстытут гісторыі НАН Беларусі, 2004.
  • Бохан Ю. М. Войска // Вялікае Княства Літоўскае: Энцыклапедыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1. — P. 107—110.
  • Василенко Н. П. Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона. — СПб, 1890—1907. — Т. XVIIa. — P. 818—827.
  • Волкаў М. А. Артылерыя Нясвіжскага замка. — Менск, 2015.
  • Волкаў М. А. Замкі і фартэцыі Радзівілаў на беларускіх землях у XVI — пачатку XVIII ст. — Менск, 2020.
  • Волков М. А. Военное дело во второй половине XVI—XVIII в. // История белорусской государственности: В 5 т.. — Мінск: Беларуская навука, 2018. — Т. 1. — P. 467—487.
  • Górski, Konstanty. Historya piechoty polskiej. — Kraków: Spółka wydawnicza Polska, 1893.
  • Górski, Konstanty. Historya jazdy polskiej. — Kraków: Spółka wydawnicza Polska, 1894.
  • Górski, Konstanty. Historya artyleryi polskiej. — Warszawa, 1902.
  • Канапацкі І. Татары // Вялікае Княства Літоўскае: Энцыклапедыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2. — P. 663—665.
  • Кром М. М. Меж Русью и Литвой: Западнорусские земли в системе русско-литовских отношений конца XV — первой трети XVI в.. — Москва: Квадрига, 2010.
  • Kukiel, Marian. Zarys historii wojskowości w Polsce. — London: Puls, 1993. — ISBN 0-907587-99-2.
  • Kukiel, Marian. Zagadka artyków wojennych 1609 r. a wojskowe prawo Wielkiego Księstwa Lietewskiego. — Atheneum Wileńskie. — 1933—1934. — Т. IX. — P. 202—225.
  • Мацук А. У. Барацьба магнацкіх груповак у ВКЛ (1717–1763 гг.). — Мінск: Медысонт, 2010. — 640 p.
  • Пташицкий С. Л. Русская историческая библиотека. Т. 33. — 1915.
  • Сагановіч Г. М. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI–XVII стст. — Мінск: Навука і тэхніка, 1994. — 78 p.
  • Sikora, Radosław. Husaria. Duma polskiego oręża. — Warszawa: Znak Horyzont, 2019.
  • Sikora, Radosław. Nie tylko husaria. — Znak Horyzont, 2020.
  • Українська мала енциклопедія. — Буенос-Айрес, 1965. — Т. 7. — P. 1776.
  • Тамковіч Ю. В. Ротмістр у Вялікім Княстве Літоўскім у XV – першай палове XVI ст.: накіды да прасапаграфічнага аналізу // Studia Historica Europae Orientalis. — Мінск: РІВШ, 2021.
  • Якубаў В. У. Барацьба Вялікага княства Літоўскага за Інфлянты ў канцы XVI – пачатку XVII ст. — Вільня: Ciklonas, 2024. — 227 p.
  • Якубаў В. У. Забеспячэнне войска ВКЛ падчас вайны ў Інфлянтах 1600—1609 г.. — Архэ. — 2012.
  • Якубаў В. У. Станаўленне найманага войска ў ВКЛ. — Архэ. — 2014. — P. 508—528.
  • Якубаў В. У. Артыкулы гетманскія // Вялікае Княства Літоўскае: Энцыклапедыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3. — P. 39—40.
  • Янушкевіч А. М. Вялікае Княства Літоўскае і Інфлянцкая вайна 1558—1570 гг.. — Мінск: Медысонт, 2007.
  • Filipczak-Kocur A. Skarb Litewski za pierwszych dwu Wazów 1587—1648. — Wrocław: Wydawnictwo Uniwersytetu Wrocławskiego, 1994. — 120 p.
  • Gromoboy V. Saxon Uhlans 1730-63. — 2002.
  • Guagnini, A. Sarmatiae Europeae descriptio. — Cracoviae, 1578.
  • Kazakou, A. Wojsko Wielkiego Księstwa Litewskiego w epoce bitwy pod Kleckiem(польск.) // Rocznik Lituanistyczny. — 2020. — Т. 6. — С. 55—83. — DOI:10.12775/RL.2020.6.03
  • Lesmaitis, Gedіminas. Wojsko zaciężne w Wielkim Księstwie Litewkim w koncu XV — drugiej polowie XVI wieku. — Warszawa: Neriton, 2013.
  • Łopatecki, Karol. Organizacja, prawo i dyscyplina w polskim i litewskim pospolitym ruszeniu (do połowy XVII wieku). — Bialystok: Instytut Badań nad Dziedzictwem Kulturowym Europy, 2013.
  • Casimirus Siemienowitcz. Artis magnae artilleriae pars prima. — 1650.
  • Ufano, Diego. Archelia álbo Artilleria : to iest, Fundamentalna Y Doskonała Informacya o Strzelbie, y o rzeczách do niey należących. — 1614.
  • Volumina constitutionum. — Warszawa: Wydawnictwo Sejmowe, 2005. — Т. II, vol. 1.
  • Volumina constitutionum. — Warszawa: Wydawnictwo Sejmowe, 2008. — Т. II, vol. 2.
  • Wimmer, Jan. Wojsko i skarb Rzeczy Pospolitej w schyłku XVI i w pierwszej pоlowy XVII w.. — Studia i materialy do historii wojskowosci. — 1966. — Т. XIV. — P. 4—91.
  • Wisner, Henryk. Wojsko Litewskie w XVII wieku. — Studia i materialy do historii wojskowosci. — 1976. — Т. XX. — P. 5—27.
  • Wisner, Henryk. Wojsko Litewskie w XVII wieku. — Studia i materialy do historii wojskowosci. — 1978. — Т. XXI. — P. 45—149.
  • Wisner, Henryk. Rzeczpospolita Wazów. T. II: Wojsko WKL. Dyplomacja. Varia.. — Warszawa: Neriton, 2004. — 321 p.