Перайсці да зместу

Маньікені

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Маньікені
22°11′13″ пд. ш. 34°50′44″ у. д.HGЯO
Краіна
Map

Маньікені (тсонга: Manyikeni) — мазамбікскі археалагічны помнік і сярэднявечнае паселішча, размешчанае прыкладна ў 52 км на захад ад прыбярэжнага горада Віланкулас. Археалагічныя пабудовы датуюцца XII—XVII стагоддзямі, у часы каралеўства Мвенемутапа[en]. Адносіцца да архітэктурнай традыцыі Вялікага Зімбабвэ, якая адрозніваецца каменнымі мурамі без будаўнічага раствора[1]. Цэнтральны комплекс каменных пабудоў узведзены ў такой традыцыі, а таксама на верагодную прамую сувязь можа ўказваць знаходка на гэтым месцы жалезнага гонгу ў зімбабвійскім стылі.

Паселішча размешчана на прасторах усходнеафрыканскай прыбярэжнай раўніны, абмыванай індаакіянскімі водамі. З’яўлялася адным з нямногіх прыбярэжных паселішчаў буйнага дакаланіяльнага каралеўства Зімбабвэ[en], знаходзячыся ў 350 км ад сталіцы Вялікі Зімбабвэ. Найбольш верагодна, быў цэнтрам прыбярэжнага гандлю і меў важныя гандлёвыя зносіны з прыбярэжным Чыбуэнэ[en], размешчаным у 50 км, — ключавым звяном гандлёвай сеткі Індыйскага акіяна з канца першага тысячагоддзя нашай эры і аж да самага прыбыцця еўрапейскіх каланізатараў у 1700-х гадах. На шырокі гандаль паміж двух селішчаў можа паказваць вялікая колькасць шкляных караляў і ракавінак, знойдзеных у Маньікені. Час існавання паселішча ўмоўна дзеляць на тры адрэзка: станаўленне ў 1200-х гадах, перыяд актыўнага жыцця па 1450-я гады і паступовае запусценне да 1700-х[2].

Каменнае паселішча было паўторна адкрыта ў 1975 годзе, неўзабаве пасля набыцця Мазамбікам незалежнасці, даследчыкамі Цэнтра афрыканскіх даследаванняў Універсітэта імя Эдуарда Мандландэ і Брытанскага інстытута Усходняй Афрыкі. Даследаванні паказалі, што месца было фермерскім паселішчам позняга жалезнага веку вяліказімбабвійскай традыцыі, якое патэнцыйна выкарыстоўвалася ў якасці гандлёвага фарпоста на шляху да Чыбуэны.

Сёння Маньікені парасла травой віду Cenchrus ciliaris[en], звычайная для Зімбабвэ, але рэдкая для Мазамбіка. Батанік Альвін Бергер меркаваў, што гэта можа ўказваць на тое, што трава была завезена разам са жывёлай з Зімбабвэ. Тым не менш гэтая травяністая парода сустракаецца ва ўсіх краінах усходнеафрыканскага ўзбярэжжа. Баркер (1978) выказаў здагадку, што ялавічыну ўжывала толькі кіруючая эліта ў Маньікені, бо косці буйной жывёлы былі знойдзены толькі ў цэнтральнай частцы помніка. Ніжэйшыя класы, якія жылі па ўскраінах, елі мяса авечак і коз.

Найадметнейшай асаблівасцю Маньікені з’яўляецца каменны мур вакол паселішча, які адлюстроўвае архітэктурныя традыцыі каралеўства Зімбабвэ. Гэты мур мае 20 метраў у папярочніку і вышыню 50 см, што робіць яго нашмат меншым па памеры, чым мур Вялікага Зімбабвэ[3]. Каменны мур быў пабудаваны без раствора, як і ў Вялікім Зімбабвэ, што яшчэ больш падкрэслівае іхнюю сувязь. У якасці будаўнічай сыравіны выкарыстоўваўся вапняк, у адрозненне ад іншых сярэднявечных зімбабвійскіх паселішчаў, дзе пераважна выкарыстоўваўся граніт. Гэта звязана з большай даступнасцю вапняка ў наваколлях Маньікені, адлюстроўваючы звычай перыферыі каралеўства карыстацца даступнай сыравінай замест імпарту граніту. Від выкарыстоўванага каменя вызначаў памер каменнай мура. Граніт быў найболей згодлівым будаўнічым матэрыялам, выкарыстоўваным у традыцыйнай архітэктуры Вялікага Зімбабвэ, а з вапняка ў Маньікені было цяжэй выточваць будаўнічыя блокі[4]. У выніку выкарыстанне вапняка часткова стала чыннікам значна меншага памеру каменнага мура ў паселішчы.

Статус сусветнай спадчыны

[правіць | правіць зыходнік]

15 верасня 1997 года аб’ект дададзены ў папярэдні спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў катэгорыі культурнай спадчыны.

Да Маньікені можна дабрацца з Віланкуласа, выехаўшы на трасу EN1, а затым праехаўшы 30 км на поўдзень. У невялікім мястэчку Mapinhane павярнуць направа і праехаць на захад 29 км. Невялікі знак паказвае ўваход на невялікую сцежку, якая доўжыцца 3 км да самага помніка.

  1. (англ.) Manyikeni – Vilanculos Ruins(недаступная спасылка). Mozaic Travel. Архівавана з першакрыніцы 7 сакавіка 2014. Праверана 3 жніўня 2012.
  2. (англ.) Macamo, Solange (2006). Privileged Places in South Central Mozambique: The Archaeology of Manyikeni, Niamara, Songo, and Degue-Mufa. Uppsala University: African and Comparative Archaeology. p. 153.
  3. (англ.) Manyikeni(недаступная спасылка). Cyclopaedia. Архівавана з першакрыніцы 18 снежня 2014. Праверана 5 снежня 2014.
  4. (англ.) Macamo, Solange (2006). Privileged Places in South Central Mozambique: The Archaeology of Manyikeni, Niamara, Songo, and Degue-Mufa. Uppsala University: African and Comparative Archaeology. p. 152.