Перайсці да зместу

Маражо

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Маражо
парт. Marajó
Выгляд з космасу
Выгляд з космасу
Характарыстыкі
Плошча40 100 км²
Найвышэйшы пункт40 м
Насельніцтва383 336 чал. (2014)
Шчыльнасць насельніцтва9,56 чал./км²
Размяшчэнне
0°31′52,40″ пд. ш. 49°20′13,60″ з. д.HGЯO
АкваторыяАмазонка
Краіна
ШтатПара
Маражо (Бразілія)
Маражо
Маражо
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Маражо́ (парт.: Marajó) — востраў у дэльце ракі Амазонка. Уваходзіць у склад бразільскага штата Пара.

Маражо — найбуйнейшы востраў Бразіліі, адзін з найбуйнейшых рачных астравоў у свеце, па плошчы параўнальны са Швейцарыяй.

Агульная плошча сушы — 40 100 км². Насельніцтва (2014 г.) — 383 336 чал.

Востраў Маражо фарміруецца пратокамі ракі Амазонка, на паўночным усходзе мяжуе з Атлантычным акіянам, на паўднёвым усходзе адлучаны ракой Такантынс ад буйнога горада Белен (каля 30 км). Геалагічныя даследаванні паказваюць, што суша на месцы Маражо ўтварылася ў выніку назапашвання адкладанняў у перыяд фанеразою[1]. У час апошняга ледавіковага максімума была звязана на поўдні з кантынентальнай сушай[2].

Вялізарная тэрыторыя вострава вызначае некаторыя геаграфічныя адрозненні яго частак. На ўсходзе вострава дамінуюць саванны, якія сезонна (5 - 7 месяцаў на год) затапляюцца дажджавымі ападкамі. Саванны маюць часткова штучнае паходжанне, паколькі з часоў старажытных індзейцаў расліннасць выпальвалася чалавекам. Для земляробства на павадкавых землях індзейцы будавалі штучныя насыпы тэзу[3]. У наш час для палягчэння транспартыроўкі і адводу лішкаў вады рыюць штучныя каналы, узводзяць дамбы. На ўсходзе вострава таксама вылучаюцца некалькі буйных азёр, памеры якіх вагаюцца ў залежнасці ад сезона. Найбольшым з'яўляецца возера Арары з сярэднегадовым ваганнем да 3 м[4]. Захад Маражо пакрыты лесам, што затапляецца сутачнымі прылівамі.

Клімат вільготны экватарыяльны. Мясцовыя жыхары вылучаюць 2 асноўных сезоны: павадкавы і сухі. Найбольш спякотны месяц кастрычнік, калі сярэдняя тэмпература вагаецца ад +25 °C да +32 °C. У студзені — ад +23 °C да +30 °C. Са студзеня да мая цягнецца павадкавы сезон. У сакавіку сярэднямесячная колькасць ападкаў перавышае 600 мм[5].

На востраве Маражо вылучаюць некалькі экарэгіёнаў, што ўключаюць затопленыя лясы і саванны, абалоні, балоты, выдмы, пляжы і г. д. Паводка лясной зоны адбываецца двойчы на дзень, калі акіянскі прыліў выштурхоўвае рачны сцёк[6]. На ўсходзе паводка мае сезонны характар з-за дажджоў.

Колькасць відаў прыбярэжнай флоры адносна невялікая з-за неспрыяльных умоў, аднак шчыльнасць раслін вельмі высокая[7]. У павадкавых лясах сустракаюцца астракарыюм з ядомымі пладамі, розныя арэкавыя, клузіевыя, фікусы, ліяны і г. д. На берагах рэк — зараснікі хмызнякоў з сямейства бабовыя.

Саванны займаюць каля 23 046 км²[8]. Для іх характэрны гліністыя глебы, пакрытыя разнатраўем, невялікімі астраўкамі хмызнякоў і лесу. Тут растуць метлюжковыя, асака, некалькі відаў пальм. Мясцовыя жыхары выкарыстоўваюць саванны як пашу для буйвалаў.

Востраў Маражо насяляюць 361 від птушак, 99 відаў сысуноў, шматлікія рыбы, земнаводныя, змеі[6]. Найбольшую цікавасць для назірання ўяўляюць качкі, ібісы, лясныя прыматы, алені, кажаны, ягуары, пумы, рачныя ламанціны.

Для захавання прыроды вострава Маражо ў 1989 г. створана ахоўваемая тэрыторыя агульнай плошчай 5 904 322 га[9].

Керамічны выраб эпохі Маражаары

У 350 - 1650 гг. н. э.[10] на Маражо склалася развітая індзейская культура, якая атрымала сярод археолагаў назву Маражаара. Яе носьбіты выкарыстоўвалі для земляробства часткова штучныя насыпы, што не затапляліся падчас паводак, будавалі каналы і дамбы, выраблялі кераміку. Хатняя гаспадарка, відавочна, была матрылакальнай, выявы жанчын часцяком мелі рысы шаманаў. Даследаванне шкілетаў паказала, што носьбіты Маражаары былі ўцягнуты ў ваенныя канфлікты[11].

Лічыцца, што культура Маражаара знікла да пачатку мажлівых канфліктаў з еўрапейцамі. Мясцовыя жыхары перасталі рабіць насыпы, вырабляць кераміку. Да прыбыцця еўрапейцаў шчыльнасць насельніцтва вельмі знізілася. Сярод магчымых прычын заняпаду культуры называюць экалагічны крызіс[12], эпідэміі занесеных хвароб, да якіх у індзейцаў не было імунітэту, захоп мясцовых жыхароў у рабства[13]. Назва Маражо паходзіць з моў мясцовых індзейцаў і значыць "затычка для мора".

Партугальская каланізацыя навакольных тэрыторый пачалася з 1616 г. У 1632 г. партугальцы былі вымушаны арганізаваць ваенную экспедыцыю для спынення нашэсця аравакаў з Гвіяны, але пасля перамогі атрымалі супраціўленне тубыльцаў. Усходняя частка вострава Маражо была падначалена толькі пасля 1659 г., калі спробы ваеннага ўрэгулявання змяніліся арганізацыяй місій езуітаў і капуцынаў. У 1665 г. партугальская карона перадала востраў рыцару Антоніа дэ Соўза дэ Масэда, які атрымаў тытул барона. У 1757 г. Маражо зноў трапіў пад дзяржаўнае кіраванне[14]. З 1822 г. у складзе незалежнай Бразіліі. Асноўнымі традыцыйнымі заняткамі сучасных мясцовых жыхароў з'яўляюцца трыманне буйвалаў і рыбалоўства.

Зноскі

  • Географический энциклопедический словарь: Географические названия / Гл. ред А. Ф. Трёшников; Ред. кол.: Э. Б. Алаев, П. М. Алампиев, А. Г. Воронов и др.. — М.: Сов. энциклопедия, 1983. — С. 272. — 538 с. — 100 000 экз. (руск.)
  • Roosevelt, A. Moundbuilders of the Amazon: Geophysical Archaeology on Marajo Island, Brazil. / Anna Curtenius Roosevelt. — Cambridge, Massachusetts: Academic Press, 1991. ISBN 978-0125953481
  • Smith, N. Amazon Sweet Sea: Land, Life, and Water at the River's Mouth. / Nigel J. H. Smith. — Austin: University of Texas Press, 2002. ISBN 0292777701