Перайсці да зместу

Многашчацінкавыя чэрві

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Многашчацінкавыя чэрві

Hermodice carunculata
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Polychaeta Grube, 1850

Падкласы

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  64358
NCBI  6341
EOL  64043293
FW  7022

Многашчацінкавыя чэрві (Polychaeta) — клас кольчатых чарвей.

Даўжыня ад 2 мм да 3 м. Цела складаецца з мноства (да некалькіх соцень) кольцаў-сегментаў; у кожным з іх паўтараецца комплекс унутраных органаў. Сегменты тулава маюць прымітыўныя канечнасці (параподыі) са шматлікімі шчацінкамі (адсюль назва). 3 параподыямі часта звязаны галінастыя прыдаткі — шчэлепы; у некаторых многашчацінкавых чарвей іх ролю выконвае вяночак шчупальцаў.

Вядомы з кембрыю (каля 570 млн г. назад). Продкі малашчацінкавых чарвей. 25 атрадаў, каля 80 сямействаў, больш за 7 тыс. відаў. Сярод найбольш характэрных і вядомых прадстаўнікоў многашчацінкавых чарвей — нерэіды, афрадыты (марскія мышы), палола, пескажылы і інш.

Пашыраны ва ўсіх акіянах, некаторыя — у прэсных водах, на сушы — у подсціле трапічных лясоў. Большасць відаў — жыхары дна, трапляюцца да глыбіні 10 км, поўзаюць па грунце або закопваюцца ў мул. Многія жывуць у збудаваных з пяску ці іншага матэрыялу трубачках рознай формы, інкруставаных пясчынкамі або насычаных вапнай і прымацаваных да скал або цел іншых марскіх жывёл (серпула).

Асаблівасці біялогіі

[правіць | правіць зыходнік]

Кормяцца дэтрытам; многія драпежнікі, нярэдка каменсалы, зрэдку паразіты.

Паколькі сярод многашчацінкавых чарвей пераважаюць свабоднажывучыя рухомыя драпежныя жывёлы, у іх узнікла неабходнасць арыентавацца ў зменлівым асяроддзі пражывання. Гэта садзейнічала развіццю ў іх шэрагу характэрных асаблівасцей будовы. Так, усе яны маюць добра развіты галаўны аддзел, на якім размешчаны вочы, датыкальныя вусікі Яны актыўна перамяшчаюцца з дапамогай лопасцепадобных вырастаў са шматлікімі шчацінкамі па баках кожнага сегмента. Рухаючы імі, кальчацы актыўна плаваюць або поўзаюць па дне. На спінной частцы лопасцей у некаторых відаў развіліся скурныя вырасты, пранізаныя густой сеткай крывяносных капіляраў — жабры.

Усе многашчацінкавыя чэрві — раздзельнаполыя жывёлы. Самкі выдзяляюць яйцы ў ваду, дзе адбываецца апладненне. З яец развіваецца рухомая лічынка трахафора. Яна жыве ў тоўшчы вады, плавае і паступова ператвараецца ў дарослую жывёлу.

  • Біялогія: вучэб. дапам. для 8-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / Л. В. Камлюк, А. С. Шалапёнак; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — 3-е выд., дап. — Мінск: Нар. асвета, 2010. — 222 с.: іл. ISBN 978-985-03-1367-6.