Му-цзун (дынастыя Ляа)
Му-цзун | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Emperor Shizong of Liao[d] | ||||||
Пераемнік | Цзін-цзун | ||||||
|
|||||||
|
|||||||
Нараджэнне | 19 верасня 931 | ||||||
Смерць | 12 сакавіка 969 (37 гадоў) | ||||||
Род | Ляа[d] | ||||||
Бацька | Елюй Яагу[1] | ||||||
Маці | Xiao Wen[d][1] | ||||||
Жонка | Empress Xiao[d][1] |
Му-цзун (19 верасня 931 — 12 сакавіка 969), кітайскае асабістае імя Елюй Цзін, кіданьскае імя Елюй Шулюй — 4-ы імператар кіданскай дынастыі Ляа. Старэйшы сын другога імператара Ляа Тай-цзуна. Заняў сталец пасля свайго стрыечнага брата Ляа Шы-цзуна , пасля яго забойства ў 951 годзе.
Уступленне на прастол
[правіць | правіць зыходнік]Елюй Шулюй быў адным з кандыдатаў на трон пасля смерці бацькі Яагу, але армія падтрымала Шы-цзуна, бо Шулюй быў малалетнім. У 939 годзе быў надзелены тытулам Шоуань-вана[2].
На момант забойства Шы-цзуна займаў пасаду Шоуань-вана. Галоўны з князёў-змоўшчыкаў Елюй Чагэ , сын Елюй Аньдуаня , сам хацеў стаць імператарам і адразу пасля забойства Шы-цзуна стаў любавацца паходнай казной. Яго жонка заявіла, што пакуль жывы Елюй Шулюй і Елюй Учжы , які ўзначальваў партыю прыхільнікаў Елюй Яагу, Елюй Чагэ ўлады не відаць. Елюй Учжы памяняўся адзеннем з нейкім кіданем і збег ад аховы Елюй Чагэ. Ён хутка склікаў савет кіданьскіх камандзіраў. Елюй Шулюй быў не ў асноўным лагеры і, даведаўшыся пра забойства Шы-цзуна, збег. Неўзабаве брат Елюй Учжы — Елюй Чжун знайшоў яго і прывёў да Елюй Учжы. Той угаварыў Елюй Шулюя стаць імператарам.
Раніцай Елюй Шулюй і Елюй Учжы з войскамі атачылі лагер змоўшчыкаў. Елюй Чагэ забіў маці і жонак Шы-цзуна. Яго саўдзельнікі сталі па адным перабягаць да Елюй Шулюя. Елюй Дзіле , жадаючы выратавацца ад абвінавачвання ў саўдзеле, угаварыў Елюй Чагэ пайсці на перамовы. Елюй Дзіле вярнуўся з вернымі ваярамі і захапіў Елюй Чагэ жывым. Пасля гэтага Елюй Чагэ быў павольна парэзаны на кавалкі, а яго сыны былі забітыя. Елюй Шулюй абвясціў сябе імператарам Му-цзунам.
Сярод недахопаў новага імператара, што радніла яго з папярэднікам, была любоў да начных піроў. Звычайна ён прачынаўся толькі пасля поўдня, паколькі клаўся спаць раніцай пасля начных узліванняў. Таксама любіў паляванне. Норавам быў капрызны і жорсткі. З гадамі негатыўныя рысы яго характару толькі ўзмацняліся. У прыватнасці, ён загадваў сваім амбаням утрымліваць яго, калі ён у запале загадаў пакараць смерцю не толькі вінаватых, але і простых саўдзельнікаў.
У 958 годзе ван Елюй Дзіле[3] і чыноўнік будаўнічага ведамства Хайсы[4] задумалі змову. Му-цзун своечасова загадаў арыштаваць іх, але караць смерцю не стаў.
Унутраная палітыка
[правіць | правіць зыходнік]Му-цзун быў абавязаны стальцом Елюй Учжы і хацеў аддзячыць яму, аддаўшы ўсю маёмасць пакараных змоўшчыкаў, але той адмовіўся. На пахаванне Шы-цзуна прыбылі паслы з Хань, Чжоу, Паўднёвай Тан, якім было дазволена правесці памінкі па кітайскаму, а не кіданьскаму абраду. Праўленне пачаў з маштабных чыстак двара, змяніўшы многіх міністраў. Баяўся як прадстаўнікоў кіруючага роду Елюй, так і сям’і сваёй маці Сяа.
Паслы Паўднёвай Тан даставілі ў пачатку 952 года таемнае пасланне, запячатанае ў васковым шарыку, і 10 000 камплектаў знакамітай паўднёва-кітайскай брані са скуры насарога, чым далі зразумець, што разлічваюць на сумесныя дзеянні супраць Чжоу.
У чэрвені 952 года імператару прынеслі ліст, напісаны адным з яго дзядзькаў імператару Чжоу, дзе было сказана, што «Му-цзун увесь час п’яны і не амбіцыйны». Імператар пакараў смерцю свайго дзядзьку. У наступным месяцы было раскрыта паўстанне Елюй Лого (стрыечнага брата Му-цзуна), удзельнікі пакараныя. У кастрычніку 953 года была раскрыта чарговая змова некалькіх афіцэраў, на чале з родным братам Му-цзуна. Усе ўдзельнікі былі пакараныя смерцю, акрамя брата, які быў пасаджаны ў вязніцу. У лістападзе 959 іншы брат паплаціўся свабодай па той жа прычыне, шараговыя ўдзельнікі былі пакараныя.
У 957 годзе да імператара з’явілася шаманка Сяагу[5] і паднесла лекі, што даруюць даўгалецце. Му-цзун здагадаўся, што справа нячыстая. Аказалася, лекі рабіліся з чалавечай жоўці, для чаго шаманка забівала шмат людзей. Му-цзун не стаў браць лекі, але выдаў шаманку, і яе расстралялі з лукаў. Увосень 957 года імператар закінуў дзяржаўныя справы і з’ехаў у горы на паляванне.
У 960 годзе была выкрыта змова Елюй Ліху і яго сына Елюй Сііня . Елюй Ліху быў арыштаваны і памёр у турме.
У 961 годзе Му-цзун зацвердзіў каляндар, складзены прыдворным астраномам.
У 962 годзе ў Ляа здарылася засуха.
У 964 годзе паўстала племя хуантоу-шывэй . Му-цзун усё больш п’янстваваў і не займаўся дзяржаўнымі справамі. Неўзабаве паўсталі плямёны угу, спробы мясцовых кіданьскіх уладаў уціхамірыць іх скончыліся разгромам кіданьскага войска.
У 966 здарылася новая, яшчэ больш працяглая засуха.
Адносіны з кітайскімі дынастыямі
[правіць | правіць зыходнік]Позняя Чжоу рыхтавалася вярнуць сабе кантроль над Паўночным Кітаем, захоплены кіданямі ў пачатку стагоддзя. Бачачы хісткасць становішча Му-цзуна, чжоусцы чакалі зручнага моманту. З іншага боку, Паўночная Хань разлічвала заставацца пад пратэктаратам, што прынамсі гарантавала яе незалежнасць.
Чжоусцы самі пачалі ваенныя дзеянні, напаўшы ў пачатку лета 953 года на Ічжоу (у раёне цяперашняга павета Лаюань ), але былі адбітыя ляаскім намеснікам Елюй Дзіле . Другая палова гэтага года была азмрочана смерцю ўдовай імператрыцы Шулюй , удавы заснавальніка Ляа Абаацзі . Яна памерла 1 жніўня і была пахавана з тытулам Чжэнь — ле Ін-Цянь Да-мін дзі хуанхоу. З-за жалобы імператар на некаторы час устрымаўся ад дзяржаўных спраў.
У 954 годзе памёр імператар Чжоу Го Вэй, яму ўспадкаваў прыёмны сын Чай Жун, які стаў імператарам Шы-Цзунам. Улады Хань спалохаліся хуткага ўварвання чжоусцаў і папрасілі Ляа аб дапамозе. Імператар адправіў Елюй Дзіле з войскамі для падтрымкі. Улетку гарады Хань Сіньджоў і Дайсянь адкалоліся і перайшлі ў чжоускае падданства. Му-цзун адправіў на ўзмацненне Дзіле. Чжоускія войскі скарысталіся момантам і пачалі наступ. Ханьскія войскі наўмысна не сталі аказваць супраціву. Хоць пад камандаваннем чжоускіх генералаў Фу Янцына і Го Цун’і знаходзіліся лепшыя войскі, кідані напалі на іх у горным праходзе і разбілі. Паўсталыя гарады былі вернутыя Хань. Войскі Ляа пажывіліся здабычай і на ханьскай зямлі, але па патрабаванні ханьскіх паслоў Му-цзун загадаў вярнуць усё нарабаванае.
У 955 годзе памёр імператар Хань Чжыюань, і на пасад уступіў Лю Чэн’ю. Му-цзун зацвердзіў новага імператара. У сярэдзіне наступнага, 956 года прыбыло ханьскае пасольства для абмеркавання сумесных ваенных дзеянняў супраць Чжоу.
У 958 намеснік Пекіна Сяа Сывэнь[6] напаў на памежныя вобласці Чжоу. Му-цзун быў задаволены і ўзнагародзіў Сяа Сывэня.
У 959 годзе Чжоу пачала наступ у раёне Шаснаццаці акруг. Імператар Му-цзун перамясціў войска ў Паўднёвую сталіцу (цяпер Пекін) і прызначыў Сяа Сывэня галоўнакамандуючым. Чжоусцы ўзялі ў Ляа тры заставы. Улетку Чжоу захапіла Інчжоу і Мочжоу . Му-цзун асабіста выступіў з арміяй з Пекіна, але чжоусцы павярнулі назад. Ляасцы вярнулі сабе некаторыя малаважныя паселішчы.
Смерць імператара Чжоу Чай Жуна прадухіліла далейшае разрастанне канфлікту. На прастол Чжоу ўступіў Чай Цзунсюнь.
У 960 годзе Чжаа Куан’інь зрынуў безуладнага імператара Чжоу і заснаваў імперыю Сун. Сун стаў першым стабільным палітычным утварэннем Кітая пасля распаду імперыі Тан. Пачалося збіранне зямель Кітая. Ужо ў сярэдзіне года сунскія войскі напалі на Шычжоу. Кідані чатырох плямёнаў і кітайскія войскі Сяа Сывэня сумесна абаранялі раён.
Му-цзун палічыў за лепшае заключыць мір з Сун, які падоўжыўся да яго смерці. Было заключана таксама і гандлёвае пагадненне. Мірныя адносіны паміж Ляа і Сун не маглі быць асабліва моцнымі, паколькі кідані да гэтага часу займалі стратэгічны рэгіён Шаснаццаці акруг і кантралявалі Паўночную Хань .
Смерць
[правіць | правіць зыходнік]Му-цзун, як і яго папярэднік, быў алкаголікам. Паколькі значную частку дня ён праводзіў у п’яным стане, яго празвалі «спячы імператар». Часам ён загадваў пакараць смерцю каго-небудзь без прычыны. У 960 годзе ён без асаблівай прычыны забіў срэбным жазлом да смерці свайго слугу. У 964 ён забіў да смерці іншага слугу. Ад п’янства імператар не адрозніваў дзён і начэй. Іншай яго забаўкай было паляванне. Характар імператара станавіўся непрадказальным: сваіх улюбёнцаў ён узнагароджваў за ўяўныя заслугі, як, напрыклад, вылаў першай качкі на паляванні, іншых слуг пакараў смерцю і забіваў сам за найменшыя правіны, іншых загадваў катаваць. Ён забіў каля 70 чалавек даглядальнікаў за яго паляўнічымі сабакамі і птушкамі за тое, што яны недастаткова добра сачылі за жывёламі.
Незадоўга да смерці імператар казаў слузе, што яго супрацьзаконныя загады, аддадзеныя падчас п’янства, не павінны выконвацца.
У лютым 969 імператар выехаў на паляванне ў Хуайчжоу. Ён здабыў мядзведзя і напіўся разам са сваімі слугамі, пасля чаго вярнуўся ў палатку. Прачнуўшыся пасля паўночы, ён стаў клікаць слуг, каб яму прынеслі паесці. Паколькі ўсе спалі, Му-цзун раз’юшыўся і вырашыў забіць кухара, але адклаў справу да раніцы. Напалоханы кухар прачнуўся і, паклікаўшы на дапамогу шэсць іншых слуг, прабраўся ў імператарскі шацёр. Яны забілі Му-цзуна.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Е Лун Лі. История государства киданей / Вяткин Р.В. ; пер. с кит. Таскин В. С. . — 2-е изд. — М.: Наука — Восточная литература, 1979. — 696 с. — 550 экз.
- F.W. Mote Imperial China: 900–1800 . — Harvard University Press, 1999. — С. 67—69. — ISBN 0-674-01212-7.
- Крадин Н. Н. , Ивлиев А. Л. История киданьской империи Ляо (907-1125). — М.: Наука — Восточная литература, 2014. — 351 с. — 550 экз. — ISBN 978-5-02-036566-7.
- История Железной империи / пер. и ком. Л. В. Тюрюминой, отв. ред. В. Е. Ларичев. — Новосибирск: Издательство Института археологии и этнографии СО РАН , 2007. — 365+16с.(вкл.) с. — (История и культура Востока Азии). — 800 экз. — ISBN 978-5-7803-0160-8.