Музей турэцкага і ісламскага мастацтва
Музей турэцкага і ісламскага мастацтва | |
---|---|
Заснаваны | 1914 |
Месцазнаходжанне | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Музей турэцкага і ісламскага мастацтва (турэцк.: Türk ve İslam Eserleri Müzesi) — музей у Стамбуле, размешчаны ў гістарычным палацы Ібрахіма-пашы на плошчы Султанахмет.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Узнікненне Музея турэцкага і ісламскага мастацтва ў Стамбуле звязана з назапашваннем прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Музеі археалогіі і зброі, заснаваным турэцкімі ўладамі ў 1846 г. у царкве Святой Ірыны (пабудавана ў IV ст. н.э.) і пераведзеным пазней у палац Чынілі-кёшк (Кафляны павільён) (пабудаваны ў другой палавіне XV ст.). У пачатку XX ст. калекцыі музея былі падзелены.
Археалагічныя матэрыялы і зброю перадалі ў Музей старажытнасцей, а калекцыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва перайшла ў падпарадкаванне Упраўлення мячэцей. Намаганнямі апошняга ў 1914 г. Музей турэцкага і ісламскага мастацтва адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў.
У 1983 г. у адным з прыгажэйшых будынкаў горада — палацы Ібрахіма-пашы — адбылося ўрачыстае адкрыццё новай экспазіцыі музея, прымеркаванае да дня вернісажу 18-й б’енале «Анаталійскія цывілізацыі». У экспазіцыі гледачы ўбачылі помнікі матэрыяльнай культуры, сабраныя ў мячэцях, манастырах, маўзалеях, а таксама падчас археалагічных раскопак на працягу дзесяцігоддзяў. У асобных раздзелах прадстаўлены унікальныя калекцыі дываноў, ранніх ісламскіх рукапісаў, вырабаў з металу, гліны, каменю, дрэва, якія датуюцца XIII—XIX ст.
Акрамя экспазіцыйных раздзелаў, пабудаваных па сістэматычнаму прынцыпу, у музеі можна ўбачыць рэканструкцыі памяшканняў для правядзення абрадаў абразання і шлюбу, інтэр’ер турэцкай лазні і жытла анаталійскіх вандроўнікаў. Ёсць матэрыялы, які распавядаюць пра традыцыйны турэцкі базар. Падчас праектавання экспазіцыі дызайнеры імкнуліся дасягнуць гарманічных суадносін старажытных інтэр’ераў з сучасным экспазіцыйным абсталяваннем шляхам абмежавання колькасці экспанатаў, зняцця перагародак паміж памяшканнямі, ператварэння аконных праёмаў у вітрыны.
Шэраг памяшканняў у палацы аддадзены пад выставачную і канферэнц-залу, бібліятэку, рэкрэацыйную зону, фондасховішча, адміністрацыйныя службы, фотастудыю, рэстаўрацыйныя і іншыя майстэрні. На працягу першага месяца пасля адкрыцця экспазіцыю Музея турэцкага і ісламскага мастацтва наведалі каля 11 тыс. чалавек. Усе работы па стварэнні новай экспазіцыі фінансавала Міністэрства культуры і турызму Турцыі.
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Імбрычак і талерка з тампаку, 1870
-
Атаманскі кальян, 1628
-
Керамічная ваза
-
Дзверы з арнаментамі
-
Абутак для купанняў
-
Абутак для купанняў
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Музеі замежных краін : вучэб. дапам. для студэнтаў гіст. фак. спец. 1-23 01 12 «Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны (па напрамках)». У 2 ч. Ч. 2. Музеі Азіі, Амерыкі, Аўстраліі, Афрыкі / Л. У. Бярэйшык, А. А. Гужалоўскі. — Мінск : БДУ, 2008. — 247 с. : іл. ISBN 978-985-485-855-5.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Музей турэцкага і ісламскага мастацтва