Мячы Кадысіі
Славутасць | |
Мячы Кадысіі | |
---|---|
33°18′19″ пн. ш. 44°23′11″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Скульптар | Khaled al-Rahal[d] і Mohammed Ghani Hikmat[d] |
Дата заснавання | 1986 |
Матэрыял | нержавеючая сталь, бронза і жалезабетон |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Мячы Кадысіі (араб. قوس النصر, Каус ан-наср, Арка Перамогі[1][2]) — пара трыумфальных арак, размешчаных у Багдадзе (Ірак). Аркі былі ўзведзены ў канцы 1980-х гадоў і сімвалізавалі абвешчаную Садамам Хусейнам перамогу Ірака ў ірана-іракскай вайне. Мячы Кадысіі з’яўляюцца адной з галоўных славутасцей Багдада. Аб’ект названы ў памяць аб бітве пры Кадысіі (636), у якой арабы разграмілі персаў.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Стварэнне
[правіць | правіць зыходнік]Рэканструкцыя парку Заўра ў цэнтры Багдада была пачата ў 1986 годзе, у самы разгар вайны з Іранам. Праект уключаў у сябе вялікую плошчу для правядзення ваенных парадаў, уваход і выхад з якой былі адзначаны дзвюма аднолькавымі аркамі. Аркі праектаваліся іракскім скульптарам Адзілем Камілем на аснове накіда, зробленага Садамам Хусейнам. Пасля смерці Каміля ў 1987 годзе праектаванне перайшло да Махамеда Гані. Аркі былі зроблены міжнародным кансорцыумам, узначаленым нямецкай кампаніяй «H+H Metalform».
Цырымонія адкрыцця комплексу адбылася 8 жніўня 1989 года, роўна праз год пасля абвяшчэння Хусейнам спынення агню ў вайне з Іранам. На плошчы таксама была размешчана вялікая трыбуна, з якой Садам Хусейн прымаў ваенныя парады. Пад трыбунай размяшчаўся музей рэчаў, падораных уладам простымі іракцамі.
Падчас канфліктаў
[правіць | правіць зыходнік]Падчас планавання паветранай фазы аперацыі «Бура ў пустыні» генерал Норман Шварцкопф прапаноўваў знішчыць аркі, каб дэмаралізаваць іракскі рэжым і прадэманстраваць простым іракцам яго ўразлівасць. Па рэкамендацыі ваенных юрыстаў аркі былі выкраслены са спісу мэтаў як аб’екты вялікага культурнага значэння.
Аркі не пацярпелі падчас уварвання кааліцыйных войскаў у Ірак у 2003 годзе. «Мячы Кадысіі» разам з плошчай аднесены да тэрыторыі «зялёнай зоны» Багдада, што раней была месцам размяшчэння пераходнай акупацыйнай адміністрацыі, а пасля перадачы ўлады іракцам — вышэйшага кіраўніцтва краіны. «Зялёная зона» з’яўляецца найбольш ахоўваемым месцам у Іраку, і аркі абаронены ад тэрактаў. Пасля падзення Багдада на іх фундаменце амерыканскімі салдатамі былі зроблены разнастайныя графіці. Плошча стала месцам паломніцтва салдат кааліцыйных войскаў у Багдадзе, жадаючых сфатаграфавацца каля манумента.
20 лютага 2007 года па распараджэнні іракскага прэм’ер-міністра Нуры аль-Малікі пачаўся дэмантаж «Мячоў Кадысіі». Іракскія ўлады лічылі неабходным знішчыць помнік як спадчыну змрочнай эпохі прэзідэнцтва Садама Хусейна. На наступны дзень працэс зносу быў спынены пасля ўмяшання амерыканскага пасла ў Іраку Залмая Халілзада. Як відаць, амерыканскі бок прыпыніў магчымасць абвастрэння суніцка-шыіцкага канфлікту пасля знішчэння помніка, які сімвалізуе перыяд суніцкага кіравання ў краіне. Урад адмяніў планы па зносе.
У лютым 2011 года іракскія ўлады пачалі рэстаўрацыю помніка ў знак прымірэння ў краіне, баючыся пратэстаў, якія ўзніклі ў іншых краінах на фоне «Арабскай вясны»[3].
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Падмурак аркі складаюць бронзавыя рукі, якія ўздымаюцца з зямлі і трымаюць мячы. Мячы датыкаюцца адзін з адным на вышыні каля 40 метраў, у гэтым месцы ўсталяваны невялікі флагшток, на якім звычайна лунаў іракскі сцяг. Вага кожнага мяча — 24 тоны, даўжыня — каля 43 метраў. Мячы выкананы з нержавеючай сталі, былі зроблены ў Іраку, прычым з частковым выкарыстаннем металу іранскай зброі і ваеннай тэхнікі, захопленай у ходзе вайны. Рукі выраблены з бронзы ў ліцейнай Морыса Сінгера (Вялікабрытанія). Дызайн кісцей рук выкананы Адзілем Камілем на аснове фатаграфій і гіпсавых злепкаў кісцей Садама Хусейна[4]. На вялікіх пальцах рук маецца адбітак, скапіраваны з сапраўднага адбітка вялікага пальца Садама Хусейна, узятага асабіста Махамедам Гані. На кожным з бетонных цокаляў у падмурку аркі ляжаць каля 2,5 тысяч захопленых іранскіх касак. Некаторыя з касак прабіты кулямі, прычым, як відаць, гэта было зроблена наўмысна, а не адбылося ў баі.
Турызм
[правіць | правіць зыходнік]Мячы Кадысіі сёння сталі аб’ектам цікавасці для турыстаў як славутасць Багдада, што абумоўлівае з’яўленне на турыстычным рынку напрамка Ірак. Асабліва папулярныя туры ў Ірак у аматараў «небяспечных» падарожжаў[5]. Наведвальнікаў, якія стаяць у пэўным месцы, можна сфатаграфаваць так, як быццам яны самі трымаюць мячы ў руках. Полыя рукі прадастаўляюць турыстам яшчэ адну магчымасць сфатаграфавацца — многія наведвальнікі забіраюцца ўнутр, каб паглядзець з месца, дзе мячы сустракаюцца з рукамі, як правіла, каб зрабіць сувенірныя фатаграфіі. Аркі добра відаць з вокнаў гасцініцы Аль-Рашыд[6].
Аднак паколькі прылеглая тэрыторыя выкарыстоўваецца ўрадам і ў краіне на сённяшні момант высокі ўзровень тэрарыстычнай пагрозы, то ў некаторых выпадках ахоўнікі дазваляюць прабыць на плошчы ля аб’екта не больш за хвіліну[6].
Фотаздымкі
[правіць | правіць зыходнік]-
Танкі «Абрамс» праязджаюць пад мячамі, 15 снежня 2003.
-
Замежны вайсковец ля падножжа аркі з трафейнымі іранскімі каскамі, 5 ліпеня 2006.
-
Фота трох амерыканскіх байцоў ля манумента, 3 жніўня 2006.
-
Падножжа арак, 15 снежня 2006.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ للحفاظ على قوس النصر في بغداد بعد تدمير أنصاب وتماثيل أقامها صدام(недаступная спасылка), جريدة الشرق الأوسط
- ↑ معالم بغداد Архівавана 17 сакавіка 2011 года.، الموقع الرسمي لـمحافظة بغداد
- ↑ «Iraq restores Hussein’s Victory Arch as sign of reconciliation» Архівавана 21 студзеня 2013., Steven Lee Myers. New York Times. Columbus Dispatch. February 6, 2011. Accessed February 11, 2011
- ↑ Мечи Кадисии — триумфальные врата в виде двух скрещенных вещей
- ↑ Триумфальная арка Мечи Кадисии в Багдаде, Ирак. Описание монумента
- ↑ а б Ирак — прикосновение к древним тайнам востока
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Baghdad from fas.org
- Baghdad’s monuments from globalsecurity.org
- Map of central Baghdad from nationalgeographic.com