Перайсці да зместу

Мікалай Аўтуховіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мікалай Аўтуховіч
Род дзейнасці бізнесмен, ваенны, актывіст
Дата нараджэння 7 студзеня 1963(1963-01-07) (61 год)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Бітвы/войны
Узнагароды і прэміі
ордэн Чырвонай Зоркі медаль «За адвагу» медаль «За баявыя заслугі» Медаль Ордэна Пагоні

Мікалай Аўтуховіч (нар. 7 студзеня 1963, Ваўкавыск) — ветэран афганскай кампаніі, беларускі прадпрымальнік і грамадскі актывіст.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Пасля школы скончыў СПТВ-37 у Вялікай Бераставіцы, працаваў механікам па рамонце аўтамабіляў. З 1981 г. служыў у арміі ў Саратаўскай вобласці Расіі кіроўцам у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння. Пазней скончыў школу прапаршчыкаў, служыў у Афганістане. За ахову моста пад Кандагарам і ўдзел у іншых аперацыях узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, двума медалямі — «За адвагу» і «За баявыя заслугі». Звольніўся з арміі ў 1991 годзе ў Ваўкавыску старшым прапаршчыкам, пачаў займацца бізнесам.

Храналогія пераследу[правіць | правіць зыходнік]

Быў зняволены 7 ліпеня 2006 г. на 3 гады і 6 месяцаў з канфіскацыяй маёмасці. Суд прызнаў яго вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў са стратамі для бюджэту ў асабліва буйным памеры, а таксама — у ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці без рэгістрацыі і атрымання ліцэнзіі. Тэрмін зняволення пачаў адлічвацца ад 15 кастрычніка 2005 г., калі яго пасадзілі ў следчы ізалятар калоніі N1 у Мінску.

Суд па канфіскацыі маёмасці адбыўся пад канец 2007 г. Мікалаю Аўтуховічу пакінулі дом, у зняволенага засталася таксама аўтабаза, палова яго таксі і адзін асобны будынак. Тым часам, былі канфіскаваныя 13 таксі, кватэра і два склады. Да спагнання была прызначана сума большая за 350 мільёнаў рублёў.

М. Аўтуховіч быў адным з шасці палітзняволеных, вызваленых у выніку жорсткіх санкцый ЗША і ЕС, аднак 8 лютага 2009 г. яго зноў затрымалі і ў 2010 г. асудзілі. Здароўе М. Аўтуховіча тады было сур’ёзна падарванае серыяй доўгіх галадовак пратэсту і недахопам неабходнай медыцынскай дапамогі.

Мікалай Аўтуховіч асуджаны на 5 гадоў зняволення паводле артыкула 295 частка 3 — «Незаконныя дзеянні адносна агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў». Дадаткова Аўтуховіча асудзілі яшчэ на 2 месяцы зняволення — прысуд матываваны тым, што новае злачынства ён учыніў у тэрмін меншы за 2 месяцы ад часу папярэдняга пакарання. Такім чынам, цяпер Мікалай Аўтуховіч асуджаны на 5 гадоў і 2 месяцы зняволення ва ўмовах строгага рэжыму, без канфіскацыі маёмасці.

Адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі № 5 у г. Івацэвічы (Брэсцкая вобласць). У снежні 2011 года на месяц быў змешчаны ў ПКТ — памяшканне камернага тыпу. Рашэннем суда, які адбыўся 17 студзеня 2012 года, быў пераведзены ў турму Гродна. 8 красавіка 2014 года Мікалай Аўтуховіч выйшаў на волю.

Падставы далучэння М. Аўтуховіча да спісу палітвязняў[правіць | правіць зыходнік]

М. Аўтуховіч быў прызнаны вязнем сумлення паводле Amnesty International падчас першага судовага працэсу. Што тычыцца другога працэсу, аб палітычнай скіраванасці пераследу заявілі праваабаронцы цэнтру «Вясна», якіх падтрымалі РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і грамадскасць. Падставамі названыя, у тым ліку:

  • закрыты для грамадскасці характар расследавання;
  • сур’ёзныя парушэнні працэсуальных гарантый, у тым ліку, права на абарону, падчас папярэдняга следства;
  • заявы сведак аб псіхалагічным і фізічным ціску, які аказваўся на іх з боку следства.

Грамадская дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Пасля першага вызвалення Аўтуховіч стаў адным з арганізатараў руху ветэранаў баявых дзеянняў «Абаронцы Айчыны». У аргкамітэт увайшлі таксама вядомы праваабаронца Алег Волчак і старшыня грамадскага аб’яднання інвалідаў афганскай вайны Аляксандр Камароўскі. У 2009 годзе ўсе трое адмовіліся атрымліваць медалі ў сувязі з 20-годдзем вываду войскаў з Афганістана, назваўшы амаральным атрыманне такіх узнагарод пасля адмены льготы ветэранам баявых дзеянняў у гэтай краіне.[1]

Пры актыўным удзеле М. Аўтуховіча ў Беларусі ў Мінгарвыканкаме 22 снежня 2016 года была зарэгістраваная арганізацыя «ТаймАкт». Заснавальнікам арганізацыі з’яўляецца Васіль Завадскі, які працаваў у 2008—2010 гадах начальнікам медыцынскай службы дэпартамента выканання пакаранняў МУС. Мікалай Аўтуховіч выступае кансультантам гэтай установы.[1] «ТаймАкт» будзе займацца праблемамі асуджаных. Такая арганізацыя ўжо была ў Беларусі, але яе кіраўнік Андрэй Бандарэнка быў пасаджаны ў турму. І гэтая арганізацыя прымае эстафету ад арганізацыі Андрэя Бандарэнкі «Платформа Иновейшин». [2]

М. Аўтуховіч адзін з ініцыятараў стварэння арганізацыі Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне "Камітэт падтрымкі прадпрыймальніцтва «Салідарнасць».[2] Аб’яднанне ствараецца ў развіццё ўтворанага раней Камітэта выратавання прадпрымальніцтва. Заснавальнікамі аб’яднання выступілі ў асноўным прадпрымальнікі, якія сутыкнуліся з цяжкасцямі ў сувязі з указам № 222 «Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі».[3]

Новая справа[правіць | правіць зыходнік]

Мікалая Аўтуховіча зноў затрымалі ў снежні 2020 года разам з яшчэ некалькімі людзьмі. Улады абвясцілі Аўтуховіча арганізатарам і кіраўніком «тэрарыстычнай групоўкі», якая дзейнічала на тэрыторыі Гродзенскай вобласці і нібыта падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі. 17 кастрычніка 2022 года быў вынесены прысуд па «справе Аўтуховіча». Статыстаў па справе асудзілі на вялікія тэрміны. Сам Аўтуховіч быў прыгавораны да 25 гадоў пазбаўлення волі і штрафу, а рашэннем суда пазбаўлены звання старшага прапаршчыка ў адстаўцы[4].

18 кастрычніка 2022 года праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі яго палітычным зняволеным[5].

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

25 сакавіка 2023 года ўзнагароджаны медалём ордэна Пагоні[6].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]